1 Такім чынам, Бесэлеэль, і Агаліяб, і кожны мудры мужчына, якім Госпад даў мудрасць і розум, каб умелі працаваць па-майстэрску, выканалі ўсё, што патрэбна на ўжыванне ў святыні, што загадаў Госпад.
2 І паклікаў Майсей Бесэлеэля, і Агаліяба, і кожнага ўмелага чалавека, якому Госпад даў мудрасць; і ўсе, хто добраахвотна аддаўся выкананню працы,
3 атрымалі ад яго ўсе дары, якія прынеслі сыны Ізраэля на выкананне працы для служэння ў святыні. А тыя штодзень раніцай прыносілі яму новыя дары.
4 Тады сабраліся ўсе мудрыя рамеснікі, кожны ў сваім рамястве з-за святыні,
5 і сказалі Майсею: «Народ больш прыносіць, чым патрэбна для справы, якую Госпад загадаў выканаць».
6 Таму Майсей загадаў абвясціць у лагеры голасам вестуна: «Хай ані мужчына, ані жанчына не прыносяць болей на ўсякую працу для святыні». І, такім чынам, спынілася прынясенне дароў,
7 бо прынесенага хапала і было аж занадта.
8 І мудрыя сэрцам паміж майстроў скініі зрабілі дзесяць палотнаў з кручанага вісону, і з гіяцынту, і з пурпуру, і з чырвані, з херубінамі, вытканымі стракатай работаю;
9 у даўжыню дваццаць восем локцяў, а ў шырыню — чатыры локці: усе палотны былі аднаго памеру.
10 І злучыў ён пяць палотнаў адно з адным, і другіх пяць палотнаў злучыў паміж сабою.
11 Зрабіў і петлі гіяцынтавыя на краі аднаго палатна, на краі злучэння, такім жа чынам — на краі другога палатна ў другім злучэнні.
12 Пяцьдзесят петляў зрабіў для абодвух палотнаў, каб петлі прыходзіліся адна насупраць адной і злучаліся між сабою.
13 Тады і пяцьдзесят залатых аплікаў зрабіў ён, якія звязалі петлі палотнаў, і скінія зрабілася адным цэлым.
14 Зрабіў і адзінаццаць пакрыццяў з казінай поўсці на палатку над скініяй;
15 у даўжыню адно пакрыцце мела трыццаць локцяў, а ў шырыню — чатыры локці: усе пакрыцці былі аднолькавага памеру.
16 Ён злучыў паміж сабой пяць пакрыццяў асобна, а шэсць другіх асобна.
17 І зрабіў ён пяцьдзесят петляў на краі злучэння апошняга пакрыцця і пяцьдзесят петляў па краі злучэння другога пакрыцця, каб яны злучаліся паміж сабою.
18 І зрабіў ён пяцьдзесят медных аплікаў, якімі звязвалася палатка, каб быць адзінай.
19 Зрабіў і пакрыцце на палатку з барановых шкур, пафарбаваных у чырвоны колер, і другое пакрыццё верхняе з сініх шкур.
20 Зрабіў і дошкі для скініі, што стаяць, з дрэва акацыі.
21 Даўжыня адной дошкі была дзесяць локцяў, а шырыня мела паўтара локця.
22 Кожная дошка мела два шыпы, каб злучацца адна з адною: так ён зрабіў на ўсіх дошках скініі.
23 З іх было дваццаць дошак для паўднёвага боку, што глядзіць на поўдзень,
24 і сорак срэбраных падножжаў. Пад кожную дошку два падножжы размяшчаліся на двух шыпах.
25 Таксама для другога боку скініі, які глядзіць на поўнач, зрабіў дваццаць дошак,
26 і для іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад кожную дошку.
27 А для заходняга боку, гэта значыць для той часткі скініі, што глядзіць на мора, ён зрабіў шэсць дошак і дзве другія для кожнага вугла
28 знізу даверху скініі ззаду; яны былі падвоеныя, злучаныя ў адно цэлае знізу даверху.
29 Так зрабіў ён дзве дошкі на абодвух вуглах,
30 каб усяго было восем дошак і каб яны мелі шаснаццаць падножжаў срэбраных: гэта значыць, па два падножжы пад кожную дошку.
31 Зрабіў і пяць жэрдак з дрэва акацыі для звязвання дошак, пяць для аднаго боку скініі і пяць другіх —
32 для другога боку скініі; і акрамя іх пяць другіх жэрдак для заходняга боку скініі, насупраць злучэння мора.
33 І зрабіў ён сярэднюю жэрдку, якая праходзіла праз сярэдзіну дошак ад аднаго краю аж да другога.
34 А самі дошкі пакрыў золатам. І ён зрабіў залатымі іх кольцы, у якія маглі быць прасунуты жэрдкі, і самі іх пакрыў залатымі пласцінамі.
35 Зрабіў таксама пакрывала з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, стракатай работы, з херубінамі вытканымі;
36 і зрабіў ён заслону на чатыры слупы з дрэва акацыі, якія з аплікамі іх пакрыў золатам, і чатыры падножжы, адлітыя са срэбра.
37 Зрабіў таксама заслону на ўваходзе ў скінію з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону залататканай работы;
38 і пяць слупоў з іх аплікамі. І пакрыў ён золатам вяршыні і кольцы іх, а падножжы іх зрабіў з медзі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 36 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.