1 І сказаў СПАДАР Масею а Аарону ў зямлі Ягіпецкай, кажучы:
2 «Месяц гэты хай будзе ў вас пачаткам месяцаў; першым хай будзе ў вас месяцам году.
3 Гукайце ўсяму збору Ізраелцаў, кажучы: "Дзясятага гэтага месяца няхай возьмуць сабе кажны ягнё на дамову бацькоў, ягнё на дамову.
4 І калі малая дамова, каб мець ягнё, то няхай возьме ён і сусед найбліжшы да дамовы ягонае, подле ліку душаў; подле тога, колькі кажны ізьесьць, разьлічыце на ягнё.
5 Ягнё дасканальнае, самец аднагодак мае быць у вас; з авец альбо з козаў возьмеце.
6 І будзе вам на назіраньне да чатырнанцатага дня гэтага месяца; і зарэжа яго ўся грамада збору Ізраельскага адвячоркам.
7 І возьмуць із крыві, і дадуць на абодва вушакі і на абсаду ў дамох, у каторых будуць есьці яго.
8 Няхай зьядуць мяса ягонае гэтае ночы, сьпечанае на агню, і праснакі, з гаркімі травамі няхай зьядуць яго.
9 Ня ежча зь яго сырога або сусім зваранага ў вадзе, але сьпечанае на агню, галаву з каленямі а патрыхамі.
10 І не пакідайце зь яго да раньня; але засталае зь яго да раньня на агню спаліце.
11 І гэтак ежча яго: няхай будуць сьцёгны вашы паперазаныя, вобуй ваш на нагах вашых і пасахі вашы ў руках вашых, і ежча яго хапліва; гэта Пасха СПАДАРУ.
12 І Я прайду па зямлі Ягіпецкай гэтае самае ночы, і паб’ю кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і над усімі багамі Ягіпецкімі ўчыню суды. Я СПАДАР.
13 І будзе ў вас кроў знакам на дамох, ідзе вы там, і абачу кроў, і абміну вас, і ня будзе меж вас мору нішчачага, як буду біць у зямлі Ягіпецкай.
14 І будзе гэты дзень вам на памятку, і будзеце яго сьвяціць, як сьвята СПАДАРУ ў родах сваіх; уставаю вечнай сьвяціце яго.
15 Сем дзён ежча праснакі; і першага ўжо дня няхай перастане кіслае ў дамох вашых; бо кажны, хто будзе есьці няпрэснае зь першага дня да сёмага дня, дык душа таго выгублена будзе з памеж Ізраеля.
16 І на першы дзень сьвяты сход, і на сёмы дзень сьвяты сход будзе ў вас, ніякае работы ня маеце рабіць у іх; толькі што есьці кажнаму, адно тое можна рабіць вам.
17 І дзяржыце праснакі, бо ў гэты самы дзень я вывеў войска вашае ізь зямлі Ягіпецкае; і дзяржыце гэты дзень у родах сваіх уставаю вечнай.
18 Першага месяца, чатырнанцатага дня месяца зь вечара ежча праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.
19 Сем дзён кісьля хай ня знойдзецца ў дамох вашых; бо хто будзе есьці няпрэснае, дык выгублена будзе душа тая із збору Ізраелцаў, ці гэта будзе чужаземец, ці тубылец зямлі.
20 Нічога няпрэснага ня ежча; у вусіх мясцох жыцьця вашага ежча праснакі"».
21 І згукаў Масей усіх старцоў Ізраельскіх, і сказаў ім: «Выбярыце й вазьміце сабе баранчыка подле радзімаў сваіх і зарэжча Пасху.
22 І вазьміце пучок гізопу, і занурыце ў кроў, каторая ў судзіне, і дакраніцеся з крыві, што ў судзіне, да абсады а да абодвых вушакоў, і вы ня выходзьце ніхто з уходу дому свайго аж да раньня.
23 І пройдзе СПАДАР губіць Ягіпет, і абача кроў на абсадзе а на абодвых вушакох, і абмінець СПАДАР ля ўходу, і ня дасьць загубцу ўвыйсьці ў дамы вашыя губіць.
24 І будзеце дзяржаць гэта, як уставу сабе і сыном сваім на векі.
25 І будзе, што, як увыйдзеце ў зямлю, каторую дасьць СПАДАР вам, як Ён казаў, дык дзяржыце службу гэтую.
26 І як скажуць вам дзеці вашы: "Што гэта за служба ў вас?"
27 Дык скажыце: "Пасхальны аброк гэта СПАДАРУ, Каторы абмінуў дамовы сыноў Ізраельскіх у Ягіпце, як губіў Ягіпет, і дамовы нашыя вывальніў"». І нахінуўся люд і пакланіўся.
28 І пайшлі, і зрабілі сынове Ізраелявы; як расказаў СПАДАР Масею а Аарону, так і зрабілі.
29 І было а поўначы: І СПАДАР забіў кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай, ад першака Фараонавага, сядзячага на пасадзе сваім, аж да першака палоненага, што ў вязьніцы, і кажнага першака із жывёлы.
30 І ўстаў Фараон ночы сам, і ўсі слугі ягоныя, і ўвесь Ягіпет; і сталася вялікае галашэньне ў Ягіпце, бо ня было дамовы, ідзе ня было б мерцьвяка.
31 І гукнуў Масея а Аарона ночы, і сказаў: «Устаньце, выйдзіце з памеж люду майго, таксама вы, таксама сынове Ізраелявы, і йдзіце служыце СПАДАРУ, як вы казалі.
32 Таксама драбны, таксама буйны статак ваш вазьміце, як вы казалі, і пайдзіце, і дабраслаўце таксама мяне».
33 І павялічылі Ягіпцяне барзьдзіць люд, каб выслаць яго ізь зямлі тае, бо казалі яны: «Вось мы ўсі мерцьвякі».
34 І панёс люд цеста свае ўперад, чымся яно ськісла; дзежы свае, завязаныя ў вадзежах сваіх, на плячох сваіх.
35 І сынове Ізраелявы зрабілі подле слова Масеявага, і прасілі ў Ягіпцян судзьдзя срэбнага а судзьдзя залатога і адзежаў.
36 І СПАДАР даў ласку народу ў вачох Ягіпцян, і яны захочавалі іх прасіць; і спустошылі яны Ягіпет.
37 І крануліся сынове Ізраелявы з Рамсэса да Сукоф да шасьцьсот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзецянят.
38 І вялікая мешанка ўзышла зь імі, і драбны й буйны статак, стада надта вялікая.
39 І сьпяклі яны зь цеста, што вынесьлі зь Ягіпту, прэсныя перапечкі, бо яно яшчэ ня ськісла, бо яны выгнаны былі зь Ягіпту і не маглі адвалакаць, і нават ежы не прыгатавалі сабе на дарогу.
40 І часу аселасьці сыноў Ізраелявых, каторага жылі ў Ягіпце, было чатырыста а трыццаць год.
41 І было пры канцу чатырыста трыццацёх год, што ў гэтым самы дзень вышла ўсе войска СПАДАРОВА ізь зямлі Ягіпецкае.
42 Ноч чукавасьці яна СПАДАРУ за вывядзеньне іх ізь зямлі Ягіпецкае, яна, гэта ноч СПАДАРУ чукавасьці яна сыном Ізраелявым у родах іхных.
43 І сказаў СПАДАР Масею а Аарону: «Во ўстава Пасхі: кажны чужы няхай ня есьць яе.
44 А кажны слуга — чалавек, куплены за срэбла, і як абрэжаш яго, тады можа есьці зь яе.
45 Прыходны а найміт ня мае есьці зь яе.
46 У вадным доме маеце есьці яе, ня выносьце мяса вонкі з дому, і косьцяў яе не ламіце.
47 Уся грамада Ізраельская мае прыгатаваць яе.
48 І калі чужнік будзе жыць із табою, і зробе Пасху СПАДАРУ, абрэж у яго ўсіх мужчынскага стану, і тады няхай дабліжыцца рабіць яе, і будзе як тубылец у зямлі; а ніякі неабрэзаны ня мае есьці зь яе.
49 Адно права будзе тубыльцу й чужніку, што будзе памеж вас».
50 І ўчынілі гэтак усі сынове Ізраелявы; як СПАДАР расказаў Масею а Аарону, так і ўчынілі.
51 І было таго самага дня, СПАДАР вывеў сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае войскамі іхнымі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 12 глава. Пераклад Яна Станкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.