1 І во што маеш ты ўчыніць над імі, каб пасьвяціць іх сьвятарстваваць Імне: вазьмі адно цялёбычка з чарады і двух бараноў бяз гану,
2 І хлябоў прэсных, і хлеб закрашаны прэсны, рашчынены на аліве, і пірагоў прэсных, памазаных аліваю; з мукі ценькае ўчыні іх.
3 І палажы іх у вадзін сутнік, дабліж іх у сутніку, і разам цялё і два бараны.
4 І Аарона а сыноў ягоных дабліж да ўходу ў будан збору, і абмый іх у вадзе.
5 І вазьмі адзецьці, і адзень Аарона ў хітон а ў рызу наплечніка а ў наплечнік а нагруднік, і паперажы яго шнюрком наплечніка.
6 І ўзлажы мітру на галаву ягоную, і злажы карону сьвятасьці на мітру.
7 І вазьмі алівы памазаньня, і ўзьлі на галаву яму, і памаж яго.
8 І сыноў ягоных дабліж, і адзень іх у хітоны.
9 І паперажы іх поясам, Аарона а сыноў ягоных, і прывяжы на іх турбаны, і будзе ім належыць сьвятарства подле ўставы вечнае; і напоўні рукі Ааронавы й сыноў ягоных.
10 І дабліж цялё перад будан збору, і ўзложаць Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву цяляці.
11 І зарэж цялё перад відам СПАДАРОВЫМ ля ўходу ў будан збору.
12 І вазьмі з крыві цяляці, і ўзлажы на рогі аброчніка палцам сваім, а ўсю кроў вылі на под аброчніка.
13 І вазьмі ўвесь здор, што пакрывае патрыхі, і лой зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, і запалі на аброчніку.
14 А мяса цяляці, і скуру ягоную, і кал ягоны спалі на агню вонках табару. Гэта аброк за грэх.
15 І вазьмі аднаго барана, і ўзложаць Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана.
16 І зарэж барана, і вазьмі крыві ягонае, і пакрапі на аброчнік наўкола.
17 І барана расьсячы на кавалкі ягоныя, і вымый патрыхі ягоныя а галёнкі ягоныя, і палажы іх на расьсечаныя часьці ягоныя і на галаву ягоную.
18 І спалі ўсяго барана на аброчніку. Гэта ўсепаленьне СПАДАРУ, пах прыемны, аброк агняны СПАДАРУ.
19 І вазьмі другога барана, і ўзложаць Аарон а сынове ягоныя рукі свае на галаву барана.
20 І зарэж барана, і вазьмі з крыві яго, і ўзлажы на кончык правага вуха Ааронавага і на кончык правага вуха сыноў ягоных, на вялікі палец правае рукі іхнае, і на вялікі палец правае нагі іхнае; пакрапі крывёў аброчнік наўкола.
21 І вазьмі з крыві, каторая на аброчніку, а алівы памазаньня, і пакрапі на Аарона а на адзецьці ягоныя, і на сыноў ягоных а на адзецьці сыноў ягоных ізь ім; і будуць пасьвячаны ён а адзецьці ягоныя, і сыны а адзецьці іхныя зь ім.
22 І вазьмі ад барана тук а хвост, і тук, што пакрывае патрыхі, і плеўку зь печанцоў, і абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, правую лапатку, бо гэта баран пасьвячэньня.
23 І адну букатку хлеба, адзін пірог на аліве і адзін сачэнь із сутніку праснакоў, каторы перад СПАДАРОМ;
24 І палажы ўсе на далоні Аарону а на далоні сыном ягоным, і нахінай яго туды-сюды дзеля нахінанага аброку перад відам СПАДАРОВЫМ.
25 І вазьмі іх із рук іхных, і спалі на аброчніку з усепаленьням, на пах прыемны перад СПАДАРОМ; гэта агняны аброк СПАДАРУ.
26 І вазьмі грудзіну з барана пасьвячэньня Ааронавага, і нахінай яе туды-сюды дзеля нахінанага аброку перад відам СПАДАРОВЫМ; і гэта будзе твая дзель.
27 І пасьвяці грудзіну нахінаньня і нахінаную лапатку дару, каторы ўзьнесены з барана пасьвячэньня, каторы Аарону і каторы сыном ягоным.
28 І будзе Аарону а сыном ягоным уставаю вечнай ад сыноў Ізраелявых; бо гэта — узьнесеньне, і ўзьнесеньне мае быць ад сыноў Ізраелявых із аброкаў іхных супакойных; узьнесеньне іхнае СПАДАРУ.
29 І адзецьці сьвятыя, каторыя Аарону, будуць сыном ягоным просьле яго, каб у іх памазаваць іх і напаўняць (пасьвячаць) імі рукі іхныя.
30 Сем дзён мае адзявацца ў іх сьвятар із сыноў ягоных, каторы заступае месца ягонае, каторы будзе ўходзіць у будан збору служыць у сьвятыні.
31 І барана пасьвячэньня возьмеш, і звары мяса ягонае на месцу сьвятым.
32 І хай есьць Аарон а сынове ягоныя мяса барана гэтата і хлеб, каторы із сутніку, ля дзьвярэй будану збору.
33 І хай яны ядуць іх, бо пераз гэта ўчынена ачышчэньне дзеля напаўненьня (пасьвячэньня) рук іхных, каб усьвяціць іх; чужы ня мае есьці, бо яны сьвятасьць.
34 І калі застанецца зь мяса напаўненьня (пасьвячэньня) і з хлеба да раньня, і спалі астачу на агню: ня маюць есьці яго, бо гэта сьвятасьць.
35 І ўчыні з Ааронам а із сынамі ягонымі подле ўсёга, што я расказаў табе: сем дзён будзеш напаўняць (пасьвячаць) рукі іхныя.
36 І цялё за грэх абракай кажны дзень дзеля ачышчэньня, і ачысьціш аброчнік ад грэху, учыніўшы ачышчэньне за яго, і памажаш яго, каб усьвяціць яго.
37 Сем дзён чыні ачышчэньне за аброчнік і пасьвяці яго, і будзе аброчнік сьвятое сьвятых; што дакранецца да аброчніка, усьвяціцца.
38 Во што будзеш ты абракаць на аброчніку: два баранчыкі аднагодкі кажны дзень штачасна;
39 Аднаго баранчыка абракай нараніцы, а другога баранчыка абракай адвячоркам;
40 І дзясятую часьць ценькае мукі, таўчонай з аліваю чэцьверці гіна, а на ўзьліваньне чэцьверць гіна віна на аднаго баранчыка.
41 І другога баранчыка абракай адвячоркам падобна да ранічнага дару, і подле яго ўзьліваньне прыгатуй на пах прыемны, на агняны аброк СПАДАРУ, —
42 Усепаленьне штачаснае ў родах вашых перад дзьвярмі будану збору перад СПАДАРОМ, ідзе буду сустракацца там із вамі, каб гутарыць із табою там.
43 І буду сустракацца там із сынамі Ізраелявымі, і ўсьвяціцца яно славаю Маёю.
44 І ўсьвячу будан збору і аброчнік; і Аарона а сыноў ягоных усьвячу, каб яны сьвятарствавалі Імне.
45 І буду вітаць сярод сыноў Ізраелявых, і буду ім Богам.
46 І пазнаюць, што Я СПАДАР, Бог іхны, каторы вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, каб Імне вітаць сярод іх. Я СПАДАР, Бог іхны.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 29 глава. Пераклад Яна Станкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.