1 Кожны, хто верыць, што Езус ёсьць Хрыстом (Мэсія) — з Бога ён нарадзіўся, ды кожны, хто мілуе Бога — Радзіцеля (Айца), мілуе і Таго, хто з яго нарадзіўся (народжанага).
2 З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі мы мілуем Бога і спаўняем Яго прыказаньні,
3 бо міласьць да Бога спаўняць прыказаньні Ягоныя, а прыказаньні Ягоныя — не трудныя (ня цяжкія).
4 Кожны, хто з Бога нарадзіўся — перамагае сьвет; а гэтаю перамогаю, што перамагае сьвет — наша вера.
5 А хто перамагае сьвет, калі ня той, хто верыць, што Езус — Сынам Божым!
6 Езус Хрыстус ёсьць тым, хто перайшоў праз ваду і кроў і Духа. Ня толькі ў вадзе, але ў вадзе і ў крыві. Дух дае пасьведчаньне, бо (Дух) — праўдаю.
7 Бач трох даюць пасьведчаньні:
8 Дух, вада і кроў, а гэтых трох твораць адно.
9 Калі прымаем пасьведчаньні людзей, дык пасьведчаньне Божае большым (важнейшым) ёсьць, бо гэта пасьведчаньне Бога, якое Ён даў аб Сыне Сваім.
10 Хто верыць у Сына Божага, той мае ў сабе пасьведчаньне Бога. Хто ня верыць Богу, зрабіў Яго ілгуном, бо не ўверыў пасьведчаньню, якое даў Бог аб Сыне Сваім.
11 А пасьведчаньне такое: Бог даў нам жыцьцё вечнае, а гэта ў Ягоным Сыне.
12 Той, хто мае Сына, мае жыцьцё, а хто ня мае Сына Божага, ня мае ён таксама і жыцьця.
13 Пра гэта напісаў я вам, якія верыце ў імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае.
14 Давер, які ў Ім маем у тым, што чаго па волі яго просім, выслухоўвае нас.
15 А калі ведаем, што Ён выслухоўвае ўсе нашы просьбы, дык мы ўпэўнены атрымаць тое, аб што Яго прасілі.
16 Калі хто бачыць, што брат яго дапускаецца граха на сьмерць — хай моліцца і верне яму жыцьцё, маю на думцы тых, каторых грэх не на сьмерць. Існуе такі грэх што на сьмерць не кажу, каб за такога маліцца.
17 Кожная беззаконнасьць — грэхам, аднак ёсьць грахі, што не на сьмерць.
18 Ведаем, што кожны, хто нарадзіўся з Бога — не грашыць, бо народжаны з Бога беражэ Яго, а злыдзень не дакранаецца яго.
19 Ведаем, што мы з Бога, а ўвесь сьвет апанаваны ліхім.
20 Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Праўдзівага. І мы ў тым, Хто Праўдзівы — у Сыне Яго, Езусе Хрысьце. Ён праўдзівым Богам і Жыцьцём вечным.
21 Дзеткі — сьцеражыцеся ідалаў!