1 Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы імі ёсьць! Сьвет таму ня ведае нас, што не пазнаў Яго.
2 Дарагія, мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ ня выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што калі выявіцца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсьць.
3 І кожны, хто мае такую надзею ў Ім, ачышчае сябе, як Ён чысты.
4 Кожны, хто грашыць, дапускаецца беззаконьня, бо грэх ёсьць беззаконьне.
5 І ведаеце, што Ён аб'явіўся на тое, каб зьняць грахі, і ў Ім няма грэху.
6 Кожны, хто трывае у Ім, не грашыць; ніводзін жа з тых, што грашаць, ня бачыў Яго, і не пазнаў Яго.
7 Дзеткі! Хай ніхто вас ня зводзіць. Хто робіць справядлівасьць, той справядлівы, як і Ён справядлівы.
8 Хто грашыць, той ад д'ябла, бо д'ябал ад пачатку грашыць. Дзеля гэтага і аб'явіўся Сын Божы, каб зьнішчыць даконы д'ябла.
9 Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, бо трывае ў ім насеньне Яго; такі ня можа грашыць, бо ён нарадзіўся ад Бога.
10 Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д'ябла: кожны, хто не спаганяе справядлівасьці, ня ёсьць ад Бога, таксама як і той, хто ня любіць брата свайго.
11 Бо такое ёсьць абвяшчэньне, каторае чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін другога.
12 Не як Каін, які ад ліхога быў і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата яго — справядлівыя.
13 Не дзівіцеся, браты, калі сьвет ненавідзіць вас.
14 Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці да жыцьця, бо любім братоў; хто ня любіць, той трывае ў сьмерці.
15 Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць забойца, а вы ведаеце, што ніводзін забойца ня мае ў сабе жыцьця вечнага.
16 З гэтага пазналі мы любоў, што Ён аддаў жыцьцё сваё за нас; і мы павінны аддаваць жыцьцё за братоў.
17 Калі хто мае маёмасьць гэтага сьвету і бачыць, што брат ягоны жыве ў бядзе, і зачыняе сэрца сваё перад ім, дык як можа быць у ім любоў Божая?
18 Дзеткі, будзем любіць ня словам ці языком, але чынам і праўдай.
19 Па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, ды супакоім перад Ім сэрцы нашыя,
20 бо калі нашае сэрца асуджае нас, дык Бог вялікшы ад нашага сэрца і ведае ўсё.
21 Умілаваныя, калі сэрца не асуджае нас, маем адвагу перад Богам,
22 і пра што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо спаўняем прыказаньні Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца.
23 А прыказаньне Ягонае такое: каб мы верылі ў імя Ягонага Сына Езуса Хрыста і любілі адзін другога, як Ён нам загадаў.
24 І хто спаўняе прыказаньні Ягоныя, той трывае у Богу, а Бог — у ім, і тое, што Ён прабывае ў нас, пазнаем па Духу, якога Ён нам даў.