Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіяста, 4 Эклезіяста, 4 глава

1 Павярнуўся я да іншага і ўбачыў вераломнасць, якая ўчыняецца пад сонцам, і вось, слёзы прыгнечаных — і няма суцяшальніка, і бязлітаснасць з боку прыгнятальнікаў — і няма суцяшальніка.
2 Вось жа, пахваліў я больш памерлых, якія ўжо спачылі, чым жывых, якія яшчэ жывуць,
3 і вырашыў, што шчаслівейшы за абодвух — той, хто яшчэ не нарадзіўся і не бачыць ліхіх спраў, што адбываюцца пад сонцам.
4 Ізноў прыгледзеўся я да ўсіх намаганняў і да любога поспеху працы, і гэта — на зайздрасць бліжняму свайму. Таму і ў гэтым — марнасць і турбаванне духа.
5 Неразумны складае рукі свае і з’ядае сваё цела.
6 Лепшая жменя з супакоем, чым поўныя абедзве рукі з працай і турбаваннем духа.
7 І яшчэ іншую бачыў я марнасць пад сонцам:
8 [чалавек] самотны і другога не мае, ані сына, ані брата, а ўсё ж такі не перастае працаваць, і вочы яго не насычаюцца багаццем і не думае ён, кажучы: «Для каго я працую і пазбаўляю душу маю даброт?» У гэтым таксама марнасць і найгоршы занятак.
9 Лепей дваім быць разам, чым аднаму: яны маюць поспех у працы сваёй,
10 бо калі адзін упадзе, то будзе падтрыманы другім. Гора аднаму! Калі ўпадзе, то не мае, хто б падняў яго.
11 Да таго ж, калі спяць удвух, то ўзаемна будуць грэцца; [а] адзін як жа сагрэецца?
12 І, калі хто-небудзь мае перавагу [у барацьбе] супраць аднаго, то ўдвух яны супрацьстаяць яму. І шнур трайны хутка не разарвецца.
13 Юнак бедны і мудры лепшы за цара старога і неразумнага, які ўжо не можа быць перасцярожаны.
14 Бо той выходзіць з вязніцы, каб цараваць, хаця нарадзіўся бедным у яго царстве.
15 Убачыў я ўсіх жывых, якія ходзяць пад сонцам, з тым другім юнаком, які ўзвышаўся над ім.
16 Не было ліку ўсяму народу, усім, якіх ён узначальваў; але тыя, што будуць потым, не ўзрадуюцца яму. І гэта марнасць і турбаванне духа.
17 Зважай на крок твой, уваходзячы ў Дом Божы, бо прыступацца, каб паслухаць, — лепш, чым калі неразумныя прыносяць ахвяры: бо намнога лепшае паслушэнства, чым ахвяры неразумных, якія не разумеюць, што чыняць благое.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эклезіяста, 4 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.