2 Гаспадарстваў 23 глава

Другая кніга Гаспадарстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Перевод Еп. Кассиана

 
 

І паслаў кароль, і зьберлі да яго ўсіх старцоў Юды а Ерузаліму.
 

І ўзышоў кароль да дому СПАДАРОВАГА, і кажны муж Юдаў, і ўсі жыхары Ерузаліму зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд, ад малога да вялікага, і прачытаў у іх вушы ўсі словы кнігі змовы, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ.
 

І стаў кароль ля стаўпа, і ўчыніў змову перад СПАДАРОМ хадзіць за СПАДАРОМ а дзяржаць расказаньні Ягоныя а сьветчаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя з усёга сэрца а з усяе душы, каб зацьвердзіць словы змовы гэтае, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь люд стаў за гэтую змову.
 

І расказаў кароль Гілку, найвышшаму сьвятару, і другарадным сьвятаром, і стоячым на варце ля парогу выпратаць ізь сьвятыні СПАДАРОВАЕ ўсі рэчы, зробленыя Ваалу а Астарце а ўсяму войску нябёснаму; і спалілі іх за Ерузалімам, на лядах Кідрону, і панёс попел іх да Бэт-Элю.
 

І аддаліў з ураду паганскіх сьвятароў, каторых пастанавілі каралі Юдэйскія, каб кадзіць на ўзвышшах у местах Юдэйскіх а ў ваколіцах Ерузаліму, і кадзеньнікаў Ваалу, сонцу а месяцу а сузор’ям а ўсяму войску нябёснаму;
 

І выпратаў Астарту з дому СПАДАРОВАГА за Ерузалім, да цур’я Кідрона, і спаліў яе ля цур’я Кідрона, і стоўк яе на пыл, і рассыпаў пыл ізь яе на магілы сыноў люду;
 

І разбурыў дамы бязуляў, што ля дому СПАДАРОВАГА, ідзе жанкі ткалі заслоны да гаю;
 

І вывеў усіх сьвятароў зь местаў Юдэйскіх, і ўпаганіў узвышшы, на каторых сьвятары кадзілі, ад Ґевы да Веер-Шэвы, і разбурыў узвышшы ля брамы, — каторая ля ўходу ў браму Ігошуі гараднічага, і каторая на левым баку месцкае брамы.
 

Сьвятары ўзвышшаў, адылі, не абракалі аброкаў на аброчніку СПАДАРОВЫМ у Ерузаліме, праснакі ж елі сярод братоў сваіх.
 

І ўпаганіў ён Тофет, каторы на даліне сыноў Гіномавых, каб ніхто не праводзіў сына свайго а дачкі свае перазь цяпло Молоху;
 

І аддаліў коні, каторыя каралі Юдэйскія станаўлялі сонцу перад уходам у дом СПАДАРОЎ ля пакою Нафан-Мелеха, легчанца, каторы на перадмесьцю; цялежкі ж сонца спаліў цяплом.
 

І аброчнікі, што былі на страсе верхняга пакою Агазавага, што зрабілі каралі Юдэйскія, і аброчнікі, што зрабіў Манас на абодвых панадворках дому СПАДАРОВАГА, разламіў кароль, і ськінуў стуль, і кінуў пыл іх у цурэй Кідрон.
 

І ўзвышшы, што перад Ерузалімам, направа ад Згубнае гары, каторыя збудаваў Салямон, кароль Ізраеляў, Астарце, агідзе Сыдонскай, і Хемошу, агідзе Моаўскай, і Мілкому, агідзе Амонскай, сплюгавіў кароль;
 

І паламіў асобкі, і сьсек гаі, і напоўніў месцы іх касьцьмі людзкімі.
 

Таксама й аброчнік, што ў Бэт-Элю, узвышша, каторае збудаваў Еровоам Невацёнак, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, — таксама аброчнік гэты а ўзвышша ён разламіў, і спаліў гэтае ўзвышша, стоўк на пыл, і спаліў гай.
 

І азірнуўся Ёся, і абачыў магілы, каторыя там на гары, і паслаў, і пабраў косьці з магіл, і спаліў іх на аброчніку, і сплюгавіў яго подле слова СПАДАРОВАГА, каторае агаласіў чалавек Божы, што абясьціў гэтыя здарэньні.
 

І сказаў: «Што гэна за помнік, каторы я бачу?» І сказалі яму месцкія жыхары: «Магіла чалавека Божага, каторы прыходзіў зь Юдэі і абясьціў праз тое, што ты робіш із аброчнікам Бэтэльскім».
 

І сказаў ён: «Пакіньце яго ў супакою, ніхто не чапай касьцей ягоных». І ўратавалі косьці ягоныя й косьці прарокі, што прыходзіў із Самары.
 

Таксама і ўсі дамы ўзвышшаў, каторыя ў местах Самарскіх, што каралі Ізраельскія пастанавілі квяліць СПАДАРА, Ёся разбурыў, і зрабіў зь імі подле ўсіх учынкаў, што зрабіў у Бэт-Элю;
 

І ён зарэзаў усіх сьвятароў узвышшаў, каторыя там былі, на аброчніках, і спаліў косьці людзкія на іх; і зьвярнуўся да Ерузаліму.
 

І расказаў кароль усяму люду, сказаўшы: «Рабіце пасху СПАДАРУ, Богу свайму, як напісана ў гэтай кнізе змовы»;
 

Бо ня была сьвячана такая пасха ад дзён судзьдзяў, каторыя судзілі Ізраеля, і ўсі дні каралёў Ізраельскіх а каралёў Юдэйскіх;
 

А асьмінанцатага году караля Ёсі была сьвячана гэтая пасха СПАДАРУ ў Ерузаліме.
 

І выгуканьнікаў а знахараў а абразы а балваны а ўсі агіды, што зьявіліся ў зямлі Юдэйскай а ў Ерузаліме, вымеў Ёся, каб зацьвердзіць словы Закону, напісаныя ў кнізе, каторую знайшоў Гілка сьвятар у доме СПАДАРОВЫМ.
 

І падобнага да яго ня было караля перад ім, каторы абярнуўся б да СПАДАРА ўсім сэрцам сваім а ўсёй душою сваёю а ўсёй сілаю сваёю, подле ўсёга закону Масеявага; і просьле яго не паўстаў падобны да яго.
 

СПАДАР, адылі, не адхінуўся ад вялікага палу гневу Свайго, якім запалаў гнеў Ягоны на Юду за ўсі ўразы, якімі ўразіў Яго Манас.
 

І сказаў СПАДАР: «І Юду адхіну ад віду Свайго, як адхінуў Я Ізраеля, і ўлегцы замею места гэтае Ерузалім, каторае Я абраў, і дом, праз каторы Я сказаў: "Будзе імя Мае там"».
 

Засталыя справы Ёсіны і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
 

За дзён ягоных узышоў фараон Нехо, кароль Ягіпецкі, супроці караля Асырскага, на раку Еўфрат, і вышаў кароль Ёся наўпярэймы яму, і тый зрабіў сьмерць яму ў Меґідзе, як абачыў яго.
 

І слугі ягоныя павезьлі яго мертвага зь Меґіда, і прывезьлі яго ў гробе ягоным. І ўзяў люд зямлі Егоагаза, сына Ёсінага, і памазалі яго замест айца ягонага.
 

Дваццаць тры гады было Егоагазу, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме; а імя маці ягонае Гамуталь Ярэмлянка, зь Ліўны.
 

І ён рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабілі айцове ягоныя.
 

І зьвязаў яго фараон Нехо ў Рыўле, у зямлі Гамаўскай, каб ён не гаспадарстваваў у Ерузаліме, і ўзлажыў кару на зямлю сто таланяў срэбра і талань золата.
 

І ўстанавіў фараон Нехо за караля Елякіма Ёсянка замест Ёсі, айца ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егоякім; і ўзяў Егоагаза, і завёў да Ягіпту, ідзе ён і памер.
 

І срэбра й золата даваў Егоякім фараону; ён ацанаваў зямлю, каб даваць срэбра подле расказаньня фараонавага; ад кажнага зь люду зямлі, подле ацэны свае, ён спаганяў срэбра а золата на тое, каб аддаваць фараону Неху.
 

Дваццаць пяць год было Егоякіму, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Зэбіда Педаішка, з Румы.
 

І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабілі айцове ягоныя.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.