і ўвайшоў цар у святыню Госпада, і ўсе людзі Юдэі, і ўсе жыхары Ерузаліма з ім: святары, і прарокі, і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ён усім слухачам усе словы кнігі запавету, якую знайшлі ў доме Госпада.
І стаў цар на ўзвышэнні і заключыў запавет перад абліччам Госпада, што будуць яны хадзіць за Госпадам і будуць пільнаваць прыказанні Яго, і пастановы, і законы ўсім сэрцам і ўсёй душой і што будуць яны выконваць словы гэтага запавету, якія запісаны ў той кнізе. І ўвесь народ далучыўся да запавету.
І загадаў цар першасвятару Хэлькіі і іншым святарам, і брамнікам, каб выкінулі са святыні Госпада ўсе рэчы, зробленыя для Баала і Асэры, і для ўсяго войска нябеснага; і ён спаліў гэта па-за Ерузалімам, у даліне Цэдрона, і попел ад іх занёс у Бэтэль.
І знішчыў ён святароў паганскіх, якіх паставілі цары Юдэі дзеля складання ахвяр на ўзгорках у гарадах Юдэі і ў ваколіцах Ерузаліма, і тых, якія кадзілі Баалу, і сонцу, і месяцу, і дванаццаці сузор’ям, і ўсяму войску нябеснаму.
І выгнаў ён усіх паганскіх святароў з гарадоў Юдэі, і апаганіў узгоркі, дзе гэтыя святары складалі ахвяры, ад Габы аж да Бээр-Сэбы; і зруйнаваў узгоркі, якія былі ля ўваходу ў браму Ешуа, кіраўніка горада, з левага боку ад гарадской брамы.
Прыняў ён таксама коней, якіх цары Юдэі пасвячалі сонцу, ад уваходу ў святыню Госпада каля пакоя Натан-Мэлеха, еўнуха, што быў у Парурыме; і калясніцы сонца спаліў агнём.
Таксама ахвярнікі, якія былі на даху пакоя Ахаза, якія зрабілі цары Юдэі, і ахвярнікі, якія зрабіў Манаса ў абодвух панадворках святыні Госпада, цар знішчыў і растаптаў іх там, і пыл ад іх кінуў у ручай Цэдрон.
Таксама апаганіў ён узгоркі, якія былі насупраць Ерузаліма з правага боку гары Пагібелі, якія Саламон, цар Ізраэля, паставіў для Астарты, ідала сідонцаў, і Хамоса, ідала Мааба, і Мэлькома, ідала сыноў Амона,
Акрамя таго, і ахвярнік, які быў у Бэтэлі, узгорак, зроблены Ерабаамам, сынам Набата, які ўцягнуў у грэх Ізраэль; таксама той ахвярнік і ўзгорак разваліў, і спаліў, і расцёр у пыл, і спаліў ідала.
І, павярнуўшыся, Осія ўбачыў там магілы, якія былі на гары, і паслаў, і прынёс косці з магіл, і спаліў іх на ахвярніку, і апаганіў яго па слове Госпада, якое абвясціў чалавек Божы, прадказаўшы гэтыя падзеі.
І спытаўся Осія: «Што гэта за помнік, які, азірнуўшыся, бачу?» І адказалі яму жыхары таго горада: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юдэі і прадказаў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі».
Звыш таго, і ўсе свяцілішчы ўзгоркаў, якія былі па гарадах Самарыі пабудаваны царамі Ізраэля, каб гнявіць Госпада, Осія разваліў і зрабіў з імі, як з усім тым, што зрабіў ён у Бэтэлі.
Таксама Осія загубіў выклікаючых памерлых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў і ўсе агіднасці, якія былі ў зямлі Юдэі і ў Ерузаліме, каб споўніць словы закону, што былі запісаны ў кнізе, якую знайшоў святар Хэлькія ў святыні Госпада.
Перад ім не было такога цара, які павярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёй, і ўсёю моцаю сваёй згодна з усім законам Майсея, і пасля яго не з’явіўся падобны да яго.
Такім чынам, сказаў Госпад: «Нават Юдэю адкіну Я ад аблічча Свайго, як Я адкінуў Ізраэль, і адкіну гэты горад, які Я выбраў, Ерузалім, і дом, пра які Я сказаў: “Там будзе імя Маё!”»
У яго час фараон Нэкао, цар Егіпта, пайшоў на цара асірыйцаў на раку Эўфрат. І выйшаў супраць яго цар Осія, і той забіў яго ў Магедзе, калі ўбачыў яго.
І павезлі яго паслугачы яго мёртвым на калясніцы з Магеды, і прывезлі ў Ерузалім, і пахавалі яго ў грабніцы бацькоў яго. І народ краіны ўзяў сына Осіі Ёахаза, і намасціў яго, і паставіў яго царом на месца бацькі яго.
І фараон Нэкао закаваў яго ў кайданы ў Рэблі, што ў зямлі Эмат, каб не цараваў ён у Ерузаліме; і абклаў краіну падаткам — ста талентамі срэбра і талентам золата,
і паставіў фараон Нэкао царом Эліякіма, сына Осіі, замест бацькі яго, Осіі, і змяніў імя яго на Ёакіма. А Ёахаза ўзяў і завёў у Егіпет, і там ён памёр.
А Ёакім дастаўляў фараону срэбра і золата, і мусіў ён ападаткаваць зямлю, каб яны дастаўлялі срэбра па загадзе фараона; і ад кожнага з народа краіны паводле вызначанай колькасці вымагаў як срэбра, так і золата, каб даваць фараону Нэкао.
Важно! Симфония — это список слов из Библии, следовательно, искать нужно по слову, а не словосочетанию. Один запрос — одно слово. Обратите внимание, при наборе слова, вам будут доступны подсказки.
Однако, если вы введёте словосочетание вас перекинет на общий поиск по синодальному тексту Библии.