Да Галятаў 1 глава

Ліст сьвятога Паўлы апостала да Галятаў
Пераклад Яна Станкевіча → Подстрочник: TR + SYN

 
 

Паўла апостал, не ад людзёў ані пераз чалавека, але перазь Ісуса Хрыста а Бога Айца, Каторы ўскрысіў Яго зь мертвых,
 

І ўсі браты з імною — цэрквам Ґаляцкім:
 

Ласка вам а супакой ад Бога Айца а Спадара нашага Ісуса Хрыста,
 

Каторы аддаў Сябе за грахі нашы, каб выбавіць нас ад цяперашняга благога веку, подле волі Бога й Айца нашага,
 

Катораму слава на векі вякоў. Амін.
 

Дзіўлюся, што вы так уборзьдзе адхінаецеся да іншае дабравесьці ад тога, хто вас пагукаў да ласкі Хрыстовае,
 

Каторая ня іншая, але ё некатрыя, што вас парушаюць і хочуць абярнуць Евангелю Хрыстову.
 

Але калі б нават мы альбо ангіл ізь неба дабравесьціў, апрача тога, што мы дабравесьцім, няхай будзе пракляты.
 

Як мы казалі ўперад, і цяпер ізноў кажу: калі б хто абяшчаў вам Евангелю, апрача тае, што вы прынялі, няхай будзе пракляты.
 

Бо ці ў людзёў я шукаю зычлівасьці, ці ў Бога? або ці людзём гадзіць стараюся? Калі б я яшчэ гадзіў людзём, ня быў бы нявольнік Хрыстоў.
 

Паведамляю вам, браты, што Евангеля, каторую я абяшчаў, ня ё подле чалавека;
 

Бо й я прыняў яе й навучыўся не ад чалавека, але з аб’яўленьня Ісуса Хрыста.
 

Вы чулі праз пярэдні паступак мой у Юдаізьме, што я надзвычайна перасьледаваў царкву Божую й губіў яе,
 

І выпераджаў у Юдаізьме шмат каго з равесьнікаў у народзе сваім, будучы нямерна рупатлівы праз навуку айцоў сваіх.
 

Як жа Бог, Каторы аддзяліў мяне ад улоньня маці мае і пагукаў мяне ласкаю Сваёй,
 

Аб’явіў Сына Свайго імне, каб я мог абяшчаць Дабравесьць Ягоную памеж народаў, — я зараз не парадзіўся зь целам а крывёй,
 

Ані зышоў да Ерузаліму да тых апосталаў, што былі перад імною, але пайшоў да Арабы і ўзноў зьвярнуўся да Дамашку.
 

Потым, за тры гады, я хадзіў да Ерузаліму даведацца да Кіфы і заставаўся зь ім дзён пятнанцаць.
 

Ніякага ж іншага з апосталаў я ня бачыў, апрача Якава, брата Спадаровага.
 

(Цяпер, што я пішу вам, вось, перад Богам, не маню).
 

Тады я пайшоў да краёў Сыры а Кілікі.
 

Але ня быў я ведамны асабіста цэрквам у Юдэі, каторыя ў Хрысту;
 

Толькі яны чулі, што «Тый, каторы перасьледаваў нас некалі, цяпер абяшчае Евангелю веры, каторую калісь губіў»,
 

І славілі за мяне Бога.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.