Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Быцьцё, 29 Быцьцё, 29 глава

1 І ўстаў Якуб на ногі свае, і пайшоў у зямлю сыноў Усходу.
2 І ўбачыў, і вось, студня на полі, і вось, там тры чарады авечак ляжаць каля яе, бо са студні гэтай паілі чароды, і вялікі камень быў на адтуліне студні.
3 І зьбіраліся туды ўсе чароды, і адкочвалі камень з адтуліны студні, і паілі авечак, і зноў вярталі камень на месца сваё.
4 І сказаў ім Якуб: «Браты мае, адкуль вы?» І яны сказалі: «Мы з Харану».
5 І ён сказаў ім: «Ці ведаеце вы Лявана, сына Нахора?» І яны сказалі: «Ведаем».
6 І ён сказаў ім: «Ці добра ён маецца?» І яны сказалі: «Добра. А вось, Рахель, дачка ягоная, прыйшла з авечкамі».
7 І ён сказаў: «Вось, яшчэ вялікі дзень [наперадзе]; ня час зьбіраць статак; напаіце авечак, і ідзіце, і пасьвіце».
8 А яны сказалі: «Ня можам, аж пакуль не зьбяруцца ўсе чароды, і не адкоцяць камень з адтуліны студні, і тады напоім авечак».
9 Яшчэ ён гаварыў з імі, і вось, Рахель прыйшла з авечкамі бацькі свайго, бо яна пасьвіла [іх].
10 І сталася, калі ўбачыў Якуб Рахель, дачку Лявана, брата маці сваёй, і авечкі Лявана, брата маці сваёй, падыйшоў Якуб, і адкаціў камень з адтуліны студні, і напаіў авечак Лявана, брата маці сваёй.
11 І пацалаваў Якуб Рахель, і ўзвысіў голас свой, і заплакаў.
12 І распавёў Якуб Рахелі, што ён брат бацьку ейнаму, і што ён сын Рэбэкі. І яна пабегла, і распавяла бацьку свайму.
13 І сталася, калі пачуў Ляван навіну пра Якуба, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, і абняў яго, і пацалаваў яго, і прывёў яго ў дом свой, і ён распавёў Лявану пра ўсе падзеі.
14 І сказаў яму Ляван: «Вось, ты — костка мая і цела маё». І жыў у яго цэлы месяц.
15 І сказаў Ляван Якубу: «Хоць ты брат мой, ці ж будзеш служыць мне задарма? Скажы мне, якая плата твая?»
16 А ў Лявана былі дзьве дачкі, імя старэйшай — Лея, а імя малодшай — Рахель.
17 Вочы Леі былі кволыя, а Рахель была прыгожая пастацьцю і прыгожая абліччам.
18 І пакахаў Якуб Рахель, і сказаў: «Я буду служыць табе сем гадоў за Рахель, дачку тваю малодшую».
19 І сказаў Ляван: «Лепш, калі я аддам яе за цябе, чым аддам за іншага чалавека. Жыві са мною».
20 І служыў Якуб за Рахель сем гадоў, і былі яны ў вачах ягоных як некалькі дзён, бо ён кахаў яе.
21 І сказаў Якуб Лявану: «Дай жонку маю, бо споўніліся дні мае, і я пайду да яе».
22 І сабраў Ляван усіх людзей таго месца, і справіў гасьціну.
23 І быў вечар, і ўзяў ён Лею, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і той увайшоў да яе.
24 І даў Ляван Зільпу, нявольніцу сваю, Леі, дачцэ сваёй, за нявольніцу.
25 І сталася раніцаю, што [ўбачыў Якуб], вось, гэта Лея. І сказаў [Якуб] Лявану: «Што ты зрабіў мне? Ці не за Рахель я служыў у цябе? Чаму ж ты ашукаў мяне?»
26 І сказаў Ляван: «Ня робіцца так у мясцовасьці нашай, каб малодшую выдаваць перад старэйшай.
27 Споўні тыдзень з гэтай, і дам табе таксама тую, за якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем іншых гадоў».
28 І зрабіў Якуб так, і споўніў тыдзень з гэтай. І [Ляван] даў Рахель, дачку сваю, яму за жонку.
29 І даў Ляван Рахелі, дачцэ сваёй, Більгу, нявольніцу сваю, за нявольніцу для яе.
30 І ўвайшоў [Якуб] да Рахелі, і кахаў Рахель больш за Лею; і служыў у яго яшчэ сем іншых гадоў.
31 І бачыў ГОСПАД, што зьненавіджана Лея, і адчыніў улоньне ейнае, а Рахель была бясплодная.
32 І зачала Лея, і нарадзіла сына, і назвала імя яго Рубэн, бо сказала: «Бо ўбачыў ГОСПАД гора маё, бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой».
33 І зачала яна ізноў, і нарадзіла сына, і сказала: «Бо пачуў ГОСПАД, што я зьненавіджана, і даў мне гэтага [сына]». І назвала імя ягонае Сымон.
34 І зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер, гэтым разам прытуліцца муж мой да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў». І таму назвала імя ягонае Левій.
35 І зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Гэтым разам я буду славіць ГОСПАДА». І таму назвала імя ягонае Юда, і перастала нараджаць.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 29 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.