Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Быцьцё 37 Быцьцё 37 раздзел

1 І жыў Якуб у зямлі вандраваньня бацькі свайго, у зямлі Ханаан.
2 Вось радавод Якуба. Язэп, маючы сямнаццаць гадоў, пасьвіў авечкі з братамі сваімі. І быў ён юнаком, разам з сынамі Більгі і сынамі Зільпы, жонак бацькі свайго. І прыносіў Язэп ліхія весткі пра іх да бацькі іхняга.
3 А Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонай; і ён справіў яму каляровую шату.
4 І ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго больш за ўсіх братоў, і зьненавідзелі яго, і не маглі гаварыць з ім спакойна.
5 І сьніў Язэп сон, і расказаў братам сваім, і яны яшчэ больш зьненавідзелі яго.
6 І ён сказаў ім: «Паслухайце, калі ласка, сон гэты, які я сьніў.
7 І вось, мы вяжам снапы сярод поля; і вось, устаў сноп мой, і так стаяў; і вось, абступілі яго снапы вашыя і пакланіліся снапу майму».
8 І сказалі яму браты ягоныя: «Няўжо валадарачы, ты будзеш валадарыць над намі? Ці, пануючы, будзеш панаваць над намі?» І яшчэ больш зьненавідзелі яго за сны ягоныя і за словы ягоныя.
9 І сьніў ён яшчэ другі сон, і расказаў яго братам сваім, і сказаў: «Вось, я сьніў яшчэ сон. І вось, сонца, і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».
10 І ён распавёў бацьку свайму і братам сваім; і насварыўся на яго бацька ягоны, і сказаў яму: «Што гэта за сон, які ты сьніў? Ці ж прыходзячы, прыйду я, і маці твая, і браты твае, каб пакланіцца табе да зямлі?»
11 І зайздросьцілі яму браты ягоныя, а бацька ягоны захоўваў гэтае слова.
12 І пайшлі браты ягоныя пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Сыхем.
13 І сказаў Ізраіль Язэпу: «Ці ж браты твае ня пасьвяць у Сыхеме? Ідзі, я пашлю цябе да іх». А ён сказаў яму: «Вось я!»
14 І сказаў яму: «Пайдзі, прашу, паглядзі, ці ў супакоі браты твае і ці ў супакоі авечкі, і прынясі мне вестку». І паслаў яго з даліны Хеўрон; і ён пайшоў у Сыхем.
15 І знайшоў яго [нейкі] чалавек, а вось, ён блукаў у полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: «Што шукаеш?»
16 А ён сказаў: «Я шукаю братоў маіх. Прашу, скажы мне, дзе яны пасьвяць?»
17 І сказаў чалавек той: «Яны вырушылі адсюль, бо я чуў, як яны казалі: “Хадзем у Датан”». І пайшоў Язэп за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датане.
18 І яны ўбачылі яго здалёк, перш, чым ён наблізіўся да іх, і змовіліся супраць яго, каб усьмерціць яго.
19 І сказалі адзін да аднаго: «Вось, гэты гаспадар сноў ідзе.
20 І цяпер хадзем, і заб’ем яго, і кінем яго ў нейкую яму, і скажам: “Злы зьвер зьеў яго”, і паглядзім, што будзе з ягоных сноў».
21 І пачуў [гэта] Рубэн, і выбавіў яго з рук іхніх, і сказаў: «Не забівайма душы».
22 І сказаў ім Рубэн: «Не разьлівайце крыві, кіньце яго ў гэтую яму, якая ў пустыні, а рукі не выцягніце на яго», каб выбавіць яго ад рукі іхняй, каб вярнуць яго бацьку ягонаму.
23 І сталася, калі Язэп прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі з Язэпа адзеньне ягонае, шату каляровую, якая была на ім.
24 І ўзялі яго, і кінулі яго ў яму; а яма была пустая, не было ў ёй вады.
25 І селі яны есьці хлеб, і ўзьнялі вочы свае, і ўбачылі, і вось, караван Ізмаэльцаў ідзе з Гілеаду, і вярблюды іхныя нясуць пахошчы, бальзам і ладан, ідучы, каб завезьці гэта ў Эгіпет.
26 І сказаў Юда братам сваім: «Якая карысьць, што мы заб’ем брата нашага і схаваем кроў ягоную?
27 Пойдзем і прадамо яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя няхай ня будуць на ім; бо ён — брат наш, цела наша». І паслухалі [яго] браты ягоныя.
28 І праходзілі тыя людзі, купцы Мадыянскія, а яны выцягнулі Язэпа з ямы, і прадалі Язэпа Ізмаэльцам за дваццаць срэбнікаў; і тыя завялі Язэпа ў Эгіпет.
29 І вярнуўся Рубэн да ямы, і вось, няма Язэпа ў яме. І разарваў ён адзеньне сваё,
30 і вярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»
31 І ўзялі яны шату Язэпа, і зарэзалі казла, і намачылі шату ў крыві,
32 і паслалі шату каляровую, і прынесьлі бацьку свайму, і сказалі: «Гэта мы знайшлі. Спраўдзь, просім, ці гэта адзеньне сына твайго, ці не?»
33 І ён пазнаў яго, і сказаў: «Шаты сына майго. Дзікі зьвер зьеў яго, разьдзіраючы; разьдзёрты Язэп».
34 І разарваў Якуб адзеньне сваё, і апрануў зрэбніцу на сьцёгны свае, і плакаў па сыне сваім шмат дзён.
35 І ўсталі ўсе сыны ягоныя, і ўсе дочкі ягоныя, каб пацешыць яго, але ён адмаўляўся пацешыцца, і казаў: «Бо зыйду да сына майго са смуткам у апраметную». І плакаў па [Язэпе] бацька ягоны.
36 А Мадыянцы прадалі яго ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Быцьцё, 37 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.