Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Быцьцё, 30 Быцьцё, 30 глава

1 І бачыла Рахель, што яна не нараджае Якубу, і зайздросьціла Рахель сястры сваёй, і казала Якубу: «Дай мне сыноў, а калі не, я памру».
2 І ўзгарэўся гнеў Якуба на Рахель, і ён сказаў: «Ці ж гэта я, а ня Бог затрымаў у цябе плод улоньня?»
3 І яна сказала: «Вось, нявольніца мая Більга. Увайдзі да яе, і яна народзіць на каленях маіх, і я буду збудаваная праз яе».
4 І яна дала яму Більгу, нявольніцу сваю, за жонку, і ўвайшоў да яе Якуб.
5 І зачала Більга, і нарадзіла Якубу сына.
6 І сказала Рахель: «Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў мне сына». І таму назвала імя ягонае Дан.
7 І зачала яшчэ, і нарадзіла Більга, нявольніца Рахелі, другога сына Якубу.
8 І сказала Рахель: «Ваяваньнем Божым змагалася я з сястрою сваёй і адолела». І назвала імя ягонае Нэфталі.
9 І ўбачыла Лея, што перастала нараджаць, і ўзяла Зільпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якубу за жонку.
10 І нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, Якубу сына.
11 І сказала Лея: «Прыйшоў посьпех!» І назвала імя ягонае Гад.
12 І нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, другога сына Якубу.
13 І сказала Лея: «На шчасьце маё, бо шчасьлівай будуць называць мяне дочкі». І назвала імя ягонае Асэр.
14 І выйшаў Рубэн у дні жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоры ў полі, і прынёс іх Леі, маці сваёй. І сказала Рахель Леі: «Дай мне мандрагоры сына твайго».
15 А тая сказала ёй: «Няўжо мала [табе], што ты ўзяла мужа майго, і хочаш узяць мандрагоры сына майго?» І сказала Рахель: «Дык няхай ён ляжа з табою ў гэтую ноч за мандрагоры сына твайго».
16 І прыйшоў Якуб з поля ўвечары, і выйшла Лея насустрач яму, і сказала: «Да мяне ўвойдзеш, бо наймаючы, наняла цябе за мандрагоры сына майго». І ён лёг з ёю ў тую ноч.
17 І пачуў Бог Лею, і яна зачала, і нарадзіла Якубу пятага сына.
18 І сказала Лея: «Даў Бог плату маю за тое, што я дала нявольніцу маю мужу майму». І назвала імя ягонае Ісахар.
19 І зачала ізноў Лея, і нарадзіла шостага сына Якубу.
20 І сказала Лея: «Абдараваў мяне Бог добрым дарам. Гэтым разам будзе жыць са мною муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў». І назвала імя ягонае Завулён.
21 Потым нарадзіла дачку, і назвала імя ейнае Дзіна.
22 І ўзгадаў Бог пра Рахель, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне ейнае,
23 і яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Забраў Бог ганьбу маю».
24 І назвала імя ягонае Язэп, кажучы: «Няхай дадасьць мне ГОСПАД другога сына».
25 І сталася, калі нарадзіла Рахель Язэпа, сказаў Якуб Лявану: «Пусьці мяне, і я пайду ў мясцовасьць сваю і ў зямлю сваю.
26 Дай мне жонак маіх і дзяцей маіх, бо я служыў табе за іх, і я пайду; бо ты ведаеш службу маю, якою я служыў табе».
27 І сказаў яму Ляван: «О, каб я знайшоў ласку ў вачах тваіх! Я пераканаўся, што ГОСПАД дабраславіў мяне дзеля цябе».
28 І сказаў: «Прызнач сабе плату сваю ад мяне, і я дам».
29 І [Якуб] сказаў яму: «Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры мне;
30 бо мала было ў цябе да мяне, а памножылася ў мноства, і дабраславіў ГОСПАД цябе, калі я прыйшоў. А цяпер, калі я буду рабіць для дому майго?»
31 І той сказаў: «Што маю даць табе?» І сказаў Якуб: «Не давай мне нічога, але зрабі для мяне такую рэч, і я вярнуся, і буду пасьвіць і захоўваць авечкі твае.
32 Я прайду сёньня між усіх авечак тваіх, і аддзялю з іх кожнае ягня стракатае і пярэстае, і кожную рудую з авечак, і стракатых і пярэстых з козаў; і будзе гэта мая плата.
33 І будзе адказваць за мяне праведнасьць мая на наступны дзень, калі прыйдзеш даведацца пра плату маю перад табою. Усё ў мяне, што не стракатае і не пярэстае паміж козаў, і не рудое паміж авечак, крадзенае гэта».
34 І сказаў Ляван: «Няхай будзе паводле слова твайго».
35 І адлучыў у той дзень казлоў пасастых і пярэстых, і ўсіх козаў стракатых і пярэстых, усіх, што мелі нешта белае на сабе, і ўсіх рудых паміж авечак, і аддаў у рукі сыноў сваіх.
36 І вызначыў дарогу ў тры дні паміж сабою і Якубам. І Якуб пасьвіў авечкі Лявана, якія засталіся.
37 І ўзяў Якуб зялёных прутоў тапалёвых, і мігдалёвых, і яваровых, і выразаў на іх пасы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, якая на прутах,
38 і ўткнуў тыя пруты, якія аблупіў, перад авечкамі пры карытах каля вадапою, куды прыходзілі авечкі піць і спалучаліся, прыходзячы піць.
39 І спалучаліся авечкі перад прутамі, і нараджаліся авечкі пасастыя, стракатыя і пярэстыя.
40 І авечак [белых] аддзяляў Якуб, і гнаў, як авечкі Лявана, наперадзе авечак пярэстых і ўсіх рудых, і трымаў свае чароды асобна, і не злучаў іх з авечкамі Лявана.
41 І было, калі спалучаліся мацнейшыя авечкі, Якуб клаў пруты перад вачыма авечак пры карытах, каб яны спалучаліся перад прутамі,
42 а калі авечкі былі слабыя, тады ня клаў. І былі слабейшыя ў Лявана, а мацнейшыя — у Якуба.
43 І пашырыўся чалавек гэты вельмі, вельмі, і было ў яго мноства авечак, і нявольніцаў, і слугаў, і вярблюдаў, і аслоў.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 30 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.