1 А Ракель, бачачы, што яна бясплодная, пазайздросціла сваёй сястры, і сказала мужу свайму: «Дай мне дзяцей, інакш памру».
2 Раззлаваны, адказаў ёй Якуб: «Хіба ж я Бог, Які пазбавіў цябе плода ўлоння?»
3 А яна сказала: «Вось, нявольніца мая, Більга. Дык увайдзі да яе, каб нарадзіла яна на маіх каленях, дык буду і я мець дзяцей з яе».
4 І дала яна яму сваю нявольніцу Більгу за жонку, якая
5 па тым, як увайшоў да яе Якуб, пачала і нарадзіла сына.
6 І сказала Ракель: «Судзіў мяне Бог, і выслухаў усё ж такі просьбу маю, даючы мне сына». І таму дала яму імя Дан.
7 І зноў Більга, нявольніца Ракелі, пачала, і нарадзіла Якубу другога сына,
8 і сказала Ракель: «Ваяваннем Божым ваявала я з сястрою сваёй і перамагла». І назвала яго Нэфталі.
9 А Лія, чуючы, што перастала нараджаць, узяла паслугачку сваю, Зільпу, і дала яе за жонку Якубу.
10 Тая нарадзіла Якубу сына.
11 І сказала Лія: «Шанец!» І дзеля таго дала яму імя Гад.
12 Нарадзіла таксама Зільпа, паслугачка Ліі, другога сына Якубу.
13 І сказала Лія: «На шчасце маё! Шчаслівай, бясспрэчна, мяне назавуць жанчыны». Таму назвала яго Асэр.
14 І выйшаў аднойчы Рубэн у час жніва пшаніцы, і знайшоў на полі мандрагоры, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І сказала Ракель: «Дай мне некалькі мандрагор твайго сына».
15 Тая адказала: «Не досыць табе, што ты ў мяне мужа выкрала, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры майго сына?» Ракель кажа: «Тады хай ён спіць з табой гэтай ноччу за мандрагоры твайго сына».
16 І калі Якуб вяртаўся з поля вечарам, Лія выйшла насустрач яму і сказала: «Увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры майго сына». І ён спаў з ёй у гэтую ноч.
17 І выслухаў Бог Лію, і яна пачала, і нарадзіла Якубу пятага сына,
18 і сказала: «Даў мне Бог плату, бо я дала мужу свайму паслугачку сваю». І назвала яго імем Ісахар.
19 І зноў Лія пачала, і нарадзіла Якубу шостага сына,
20 і сказала: «Надарыў мяне Бог добрым падарункам, цяпер будзе шанаваць мяне муж мой за тое, што я нарадзіла яму шасцёра сыноў». І таму назвала яго імем Забулон.
21 Пасля таго нарадзіла дачку імем Дзіна.
22 І прыпомніў Бог таксама Ракель, і выслухаў яе Бог, і адкрыў улонне яе.
23 І яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Зняў Бог ганьбу маю».
24 І дала імя яму Язэп, і сказала: «Хай дасць мне Госпад яшчэ аднаго сына!»
25 Калі нарадзіўся Язэп, Якуб сказаў Лабану: «Адпусці мяне, каб я мог вярнуцца на бацькаўшчыну, у зямлю сваю.
26 Дай мне жонак і дзяцей маіх, за якіх я адслужыў табе, каб я сышоў. Ты ведаеш добра, як я табе служыў».
27 Кажа яму Лабан: «О, каб я знайшоў ласку перад абліччам тваім! Я пераканаўся, што Госпад дабраславіў мяне дзеля цябе.
28 Устанаві плату сваю, якую мушу даць табе».
29 А ён адказаў: «Ты ведаеш, як верна я служыў табе і якімі вялікімі сталіся статкі твае ў руках маіх.
30 Не многа ты меў перад тым, як я прыбыў да цябе, а цяпер стала намнога больш, і дабраславіў цябе Госпад з прыходам маім. І вось, цяпер калі ж я паклапачуся нарэшце пра дом мой?»
31 І сказаў Лабан: «Што маю табе даць?» А ён адказаў: «Нічога мне не давай! Калі споўніш, пра што цябе прашу, то зноў буду пасвіць і берагчы тваю жывёлу.
32 Я прайду сёння па ўсіх статках авечак тваіх; аддзялі з іх усякую жывёліну крапкаваную і плямістую, кожная чорная авечка, а таксама кожная плямістая і крапкаваная каза будзе маёй платай.
33 І праявіцца для мяне заўтра справядлівасць мая; калі ты прыйдзеш, каб паглядзець на плату маю: кожная каза, якая не будзе крапкаваная і плямістая, ды кожная авечка, якая не будзе чорная, хай будуць доказам украдзенага мною».
34 Сказаў Лабан: «Згаджаюся на тое, чаго просіш!»
35 І аддзяліў ён у той самы дзень пярэстых і плямістых казлоў ды ўсіх коз крапкаваных і плямістых, усіх, якія мелі крыху воўны белай, а таксама ўсіх чорных авечак, і перадаў іх у рукі сыноў сваіх.
36 І вызначыў ён адлегласць у тры дні шляху паміж сабой і Якубам, які пасвіў астатнія статкі Лабана.
37 А Якуб, назбіраўшы зялёных прутоў тапалёвых, міндалёвых і з платанаў, часткова абадраў з іх кару, так што на тых, што былі абадраныя, праступіла бель.
38 І паклаў ён пруты, якія часткова абадраў, у карытах, дзе збіралася вада, каб жывёла, калі збіралася на вадапой, глядзела на пруты і, гледзячы на іх, спарвалася.
39 І сталася так, што ў самым запале апладнення жывёла глядзела на пруты, і нараджала пярэстых, крапкаваных і плямістых.
40 І аддзяляў Якуб ягнят, і паставіў статак насупраць пярэстых і чорных у статка Лабана, а для сябе паставіў статкі асобна і не ставіў іх разам са статкам Лабана.
41 І кожны раз, калі апладняліся моцныя асобіны, Якуб клаў пруты ў карытах з вадою перад вачамі жывёлы, каб пачыналі, гледзячы на іх.
42 Калі ж жывёлы былі слабыя, не клаў іх. У Лабана [жывёла] сталася слабой, а Якубава — моцнай.
43 І так Якуб стаўся чалавекам дужа багатым; і меў ён многа статкаў, паслугачак і паслугачоў, вярблюдаў і аслоў.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 30 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.