1 І састарыўся Абрагам, і быў многіх гадоў, і Госпад дабраслаўляў яго ва ўсім.
2 І сказаў Абрагам слузе, загадчыку дому свайго, які распараджаўся ўсім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сцягно маё,
3 і я папрашу цябе ў імя Госпада, Бога неба і Бога зямлі, каб ты не браў жонку для сына майго з дачок хананейскіх, сярод якіх жыву,
4 але пойдзеш у зямлю маю і да радні маёй і адтуль возьмеш жонку сыну майму, Ізааку».
5 Паслугач адказаў: «Калі б жанчына не хацела са мною прыйсці ў гэту зямлю, ці павінен я тады завесці сына твайго ў зямлю, з якой ты паходзіш?»
6 Абрагам сказаў: «Сцеражыся, каб не завесці туды сына майго.
7 Госпад, Бог неба, Які забраў мяне з дому бацькі майго і з зямлі нараджэння майго, Ён сказаў мне і прысягнуў мне, кажучы: “Гэтую зямлю Я дам нашчадкам тваім”. Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.
8 Калі б жанчына не хацела ісці з табою, тады ты не будзеш звязаны прысягай. Сына майго толькі не завядзі туды».
9 І паклаў паслугач руку сваю пад сцягно Абрагама, гаспадара свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
10 І ўзяў паслугач дзесяць вярблюдаў са статка гаспадара свайго, і выправіўся, і, выйшаўшы, накіраваўся ў Арам-Нагараім, у горад Нахора.
11 І калі пакінуў ён вярблюдаў для адпачынку па-за горадам каля студні пад вечар, у той час, калі жанчыны звычайна выходзяць чэрпаць ваду, то сказаў:
12 «Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, прашу, паспяшайся сёння да мяне і акажы міласэрнасць гаспадару майму Абрагаму.
13 Вось жа, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў гэтага горада прыйдуць чэрпаць ваду.
14 Дык вось, дзяўчына, якой я скажу: “Нахілі збан твой, каб я мог напіцца”, а яна адкажа: “Пі, і вярблюдам тваім я дам напіцца”, — гэта і ёсць тая, якую прызначыў Ты слузе Твайму, Ізааку, і з гэтага зразумею, што Ты аказваеш міласэрнасць гаспадару майму».
15 Яшчэ не вымавіў ён пра сябе гэтых слоў, аж вось Рэбэка, дачка Бэтуэля, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагама, выйшла, маючы збан на плячы.
16 А была яна дзяўчына вельмі прыгожая, дзяўчына, якая не ведала мужа. Яна спусцілася да крыніцы, зачэрпнула поўны збан і хацела вяртацца.
17 І пераняў яе паслугач, і кажа: «Дазволь мне крыху папіць вады з твайго збана».
18 Яна адказала: «Пі, гаспадару мой», і шпарка спусціла збан свой на руку сваю, і дала яму піць.
19 І, калі ён напіўся, дадала: «Я начэрпаю і для вярблюдаў тваіх вады, пакуль яны ўсе не нап’юцца».
20 І, выліўшы ваду са збана ў паіла, пабегла да студні зачэрпнуць вады, і, начэрпаўшы, дала ўсім вярблюдам.
21 Ён жа моўчкі са здзіўленнем глядзеў на яе, жадаючы ведаць, ці ўшчаслівіць Госпад падарожжа яго, ці не.
22 А калі вярблюды напіліся, дастаў той чалавек залаты кольчык у нос, паўсікля вагой, і два залатыя бранзалеты на рукі яе, дзесяць сікляў вагой,
23 і папытаўся: «Чыя ты дачка, скажы мне. Ці ў доме бацькі твайго знойдзецца месца для нас на начлег?»
24 А яна адказала: «Я дачка Бэтуэля, сына Мілкі, якога яна нарадзіла Нахору».
25 І дадала, кажучы: «Шмат у нас саломы і ежы, і ёсць месца на начлег».
26 Тады чалавек той схіліў галаву і пакланіўся Госпаду,
27 кажучы: «Няхай будзе дабраславёны Госпад, Бог гаспадара майго Абрагама, Які не ўхіліў міласэрнасці сваёй і вернасці сваёй ад гаспадара майго і правільным шляхам прывёў мяне да дому брата гаспадара майго».
28 І пабегла дзяўчына, і абвясціла ў доме маці сваёй пра ўсё, што здарылася.
29 А Рэбэка мела брата на імя Лабан, які паспешна пайшоў да чалавека, туды, дзе была крыніца.
30 Калі ўбачыў ён кольчык у носе і бранзалеты на руках сваёй сястры і пачуў, як яна перадала ўсё слова ў слова: «Так сказаў мне [той] чалавек», ён пайшоў да чалавека, які стаяў каля вярблюдаў недалёка ад студні з вадой,
31 і сказаў яму: «Увайдзі, дабраславёны Госпадам, чаго стаіш на двары? Я прыгатаваў дом і месца для вярблюдаў».
32 І ўвёў яго ў святліцу, і рассядлаў вярблюдаў, і даў саломы і корму вярблюдам, і падаў вады на мыццё ног яму і мужчынам, што прыйшлі разам з ім.
33 І паклаў перад ім хлеб. Той гаворыць: «Не буду есці, пакуль не выкажу слоў маіх». Той адказаў: «Гавары».
34 І ён кажа: «Я — паслугач Абрагама.
35 І Госпад дабраславіў асаблівым чынам майго гаспадара, і быў ён узвялічаны. Ён даў яму авечак і валоў, срэбра і золата, паслугачоў і паслугачак, вярблюдаў і аслоў.
36 І нарадзіла Сара, жонка гаспадара майго, сына гаспадару майму ў старасці сваёй; і даў ён яму ўсё, што меў.
37 І гаспадар мой загадаў мне прысягнуць, кажучы: “Не возьмеш сыну майму жонкі з дачок хананейскіх, у зямлі якіх жыву,
38 але падасіся ў дом бацькі майго і з радні маёй возьмеш жонку сыну майму”.
39 Я тады сказаў гаспадару майму: “А калі б жанчына не хацела са мной ісці?”
40 “Госпад, кажа ён, перад абліччам Якога жыву, пашле анёла Свайго з табой, і ён пакіруе дарогай тваёй. І возьмеш сыну майму жонку з радні маёй і з дому бацькі майго.
41 Будзеш вольны ад наракання майго, калі прыбудзеш да сваякоў маіх, і не дадуць табе; тады вольны будзеш ад наракання майго”.
42 Дык прыбыў я сёння да крыніцы і сказаў: “Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, каб жа Ты кіраваў дарогай маёй, па якой я цяпер іду,
43 вось, я стаю каля крыніцы вады; і калі б дзяўчына, якая выйдзе чэрпаць ваду і пачуе ад мяне: “Дай мне крыху вады напіцца са збана твайго”,
44 сказала мне: “І ты пі, і вярблюдам тваім я начэрпаю”, — гэта тая жанчына, якую прызначыў Госпад сыну гаспадара майго”.
45 Пакуль я гэтак моўчкі разважаў сам у сабе, паказалася Рэбэка, прыходзячы са збанам, які несла на плячы. І спусцілася яна да крыніцы, і начэрпала вады. А я кажу ёй: “Дай мне крыху папіць”.
46 Яна хутка зняла збан з пляча і сказала мне: “І ты пі, і вярблюдам тваім дам напіцца”. Папіў я, і напаіла яна вярблюдаў.
47 І спытаўся ў яе і сказаў: “Чыя ты дачка?” Яна адказала: “Я — дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілка”. Дык павесіў я кольчык у ноздры яе і ўсклаў бранзалеты на рукі яе.
48 І, пакланіўшыся, пачаў маліцца я Госпаду, дабраслаўляючы Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які прывёў мяне правільным шляхам, каб узяў дачку брата гаспадара майго сыну яго.
49 Дзеля таго, калі акажаце ласку і вернасць гаспадару майму, паведамце мне, калі ж іншае вам даспадобы, і пра гэта скажыце мне, каб падаўся я направа або налева».
50 Адказалі Лабан і Бэтуэль: «Ад Госпада выйшла слова; мы не можам сказаць па-за воляй Яго што іншае табе.
51 Вось, Рэбэка перад табой. Вазьмі яе і ідзі, і хай будзе яна жонкаю сына гаспадара твайго, як сказаў Госпад».
52 Калі пачуў гэта паслугач Абрагама, то, упаўшы на зямлю, пачаў маліцца Госпаду.
53 Затым, дастаўшы срэбраныя і залатыя рэчы ды шаты, даў іх Рэбэцы, і даў каштоўныя рэчы брату яе і маці.
54 Тады елі і пілі ён сам і мужчыны, якія былі з ім, і там пераначавалі. А ўстаўшы раніцай, сказаў паслугач: «Пусціце мяне, каб вярнуўся я да гаспадара майго».
55 І адказалі брат яе і маці: «Хай застанецца дзяўчына прынамсі дзесяць дзён у нас, а потым выправіцца».
56 «Не затрымлівайце мяне, кажа ён, бо Госпад накіраваў дарогу маю. Адпусціце мяне, каб я паспяшыў да гаспадара майго».
57 Сказалі яны: «Паклічам дзяўчыну і запытаемся яе волі».
58 Калі пакліканая прыйшла, запыталі яе: «Хочаш ісці з гэтым чалавекам?» Яна кажа: «Пайду».
59 Дык адпусцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміліцу яе, і паслугача Абрагама, і спадарожных яго,
60 жадаючы ўсяго найлепшага сястры сваёй і кажучы: «Ты — сястра наша, расці ў тысячы тысяч, і хай патомства тваё здабудзе брамы сваіх ворагаў!»
61 Тады ўзнялася Рэбэка і яе паслугачкі і, сеўшы на вярблюдаў, падаліся ў дарогу за [тым] чалавекам. І паслугач забраў Рэбэку, і выехаў.
62 А Ізаак, які жыў у зямлі Нагэб, акурат вяртаўся ад студні Лахай-Рой.
63 І выйшаў Ізаак на поле надвячоркам памаркоціцца. Калі падняў ён вочы, убачыў вярблюдаў надыходзячых.
64 Рэбэка таксама падняла вочы і ўбачыла Ізаака, і сышла яна з вярблюда.
65 І пытаецца ў паслугача: «Што гэта за чалавек, які ідзе праз поле насустрач нам?» Ён сказаў ёй: «Сам гаспадар мой». Тады яна, хутка ўзяўшы вэлюм, прыкрылася.
66 А паслугач усё, што ўчыніў, расказаў Ізааку.
67 І той увёў яе ў палатку Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку за жонку, і пакахаў яе, і яна была суцяшэннем яму па смерці маці яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Роду, 24 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.