1 Была на ўсёй зямлі адна мова і аднолькавыя словы.
2 І калі яны вандравалі з усходу, сустрэлі раўніну ў зямлі Сэнаар і там абжыліся.
3 І сказалі яны адзін аднаму: «Хадземце, наробім цэглы і абпалім яе агнём». Дык замест камянёў мелі яны цэглу, а смалу замест цэменту.
4 І вось, сказалі яны: «Хадземце, зробім сабе горад і вежу, якой верх будзе дакранацца да неба, і зробім сабе імя, каб не расцярушыліся мы па ўсёй зямлі».
5 І зышоў Госпад, каб убачыць горад і вежу, якую збудавалі сыны чалавечыя,
6 і сказаў Госпад: «Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. Гэта вось пачатак іх працы, у далейшым нічога не будзе для іх цяжкім, што б ні задумалі яны зрабіць.
7 Хадземце, вось, сыдзем, памяшайма там іх мову, каб не маглі зразумець гаворкі адзін аднаго».
8 Гэтак вось рассеяў іх Госпад з таго месца па ўсёй зямлі, таму перасталі будаваць горад.
9 І дзеля таго быў названы ён Бабель, бо там была памяшана мова ўсяе зямлі, і адтуль рассеяў іх Госпад па ўсёй зямлі.
10 Гэтыя вось нашчадкі Сэма. Сэм меў сто гадоў, калі нарадзіўся яму Арпаксад, праз два гады па патопе.
11 Па нараджэнні Арпаксада Сэм жыў пяцьсот гадоў і меў сыноў і дачок.
12 Арпаксад пражыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіўся яму Сала.
13 А па нараджэнні Салы жыў Арпаксад чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.
14 Сала пражыў трыццаць гадоў, і нарадзіўся яму Гебэр.
15 Па нараджэнні Гебэра жыў Сала чатырыста тры гады і меў сыноў і дачок.
16 Гебэр пражыў трыццаць чатыры гады, і нарадзіўся яму сын Пэлег,
17 а па нараджэнні Пэлега жыў Гебэр чатырыста трыццаць гадоў і меў сыноў і дачок.
18 Пэлег пражыў трыццаць гадоў, і нарадзіўся яму Рэў.
19 Па нараджэнні Рэва Пэлег жыў яшчэ дзвесце дзевяць гадоў і меў сыноў і дачок.
20 Рэў жа пражыў трыццаць два гады, і нарадзіўся яму Сэруг.
21 Па нараджэнні Сэруга пражыў яшчэ Рэў дзвесце сем гадоў і меў сыноў і дачок.
22 Сэруг жа пражыў трыццаць гадоў, і нарадзіўся яму Нахор.
23 Па нараджэнні Нахора Сэруг пражыў дзвесце гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.
24 Нахор пражыў дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіўся яму Тэрах.
25 Па нараджэнні Тэраха Нахор пражыў яшчэ сто дзевятнаццаць гадоў і меў сыноў і дачок.
26 Тэрах пражыў семдзесят гадоў, і нарадзіліся яму Абрам, Нахор і Аран.
27 Такія вось пакаленні Тэраха: Тэрах быў бацькам Абрама, Нахора і Арана, а Аран быў бацькам Лота.
28 Аран памёр яшчэ за жыццём Тэраха, бацькі свайго, у зямлі, у якой нарадзіўся, у Уры Халдэйскім.
29 Абрам і Нахор узялі сабе жонак. Імя жонкі Абрама Сараі, а імя жонкі Нахора Мілка. Яна дачка Арана, які меў яшчэ другую дачку на імя Іска.
30 Сараі была бясплодная і не мела дзяцей.
31 І ўзяў Тэрах Абрама, Лота, сына Арана, свайго ўнука, і Сараі, сваю нявестку, жонку Абрама, сына свайго, і вывеў іх з Ура Халдэйскага, каб пайсці ў зямлю Ханаан. Але дайшлі яны да Харана і абжыліся там.
32 І было дзён Тэраха дзвесце пяць гадоў, і памёр ён у Харане.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Роду, 11 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.