1 Праз два гады фараон бачыў сон. Здавалася яму, што стаіць ён над ракой,
2 з якой выйшла сем кароў прыгожых і сытых, і яны пасвіліся на балоцістым поплаве.
3 Таксама іншых сем кароў, брыдкіх і худых, выйшлі за імі з ракі і сталі на самым беразе ракі.
4 І пажэрлі яны сем прыгожых і сытых кароў. І прачнуўся фараон,
5 ды зноў задрамаў і ўбачыў другі сон. На адным сцябле вырасла сем каласоў поўных і прыгожых.
6 І столькі ж з’явілася іншых каласоў, пустых і знішчаных сухім ветрам,
7 і яны знішчылі ўсю папярэднюю прыгажосць. Фараон абудзіўся і [зразумеў, што гэта] сон.
8 І, з надыходам раніцы, устрывожаны, паслаў ён па ўсіх варажбітоў егіпецкіх і па ўсіх мудрацоў сваіх. І калі яны сабраліся, расказаў сон, але не было нікога, хто б вытлумачыў.
9 Тады нарэшце загадчык чарнікаў прыпомніў і сказаў: «Прызнаюся ў граху сваім.
10 Цар, разгневаны на паслугачоў сваіх, загадаў пасадзіць пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў мяне і загадчыка пекараў.
11 Там у адну з начэй мы абодва бачылі сон, прадказанне будучыні.
12 І быў там юнак гебрай, раб таго самага начальніка варты, якому мы расказалі сны.
13 Тое, што мы пачулі, пацвердзіў пазнейшы зыход падзей. Я вернуты да свайго абавязку, а ён павешаны на шыбеніцы».
14 Хутка па загадзе цара быў з вязніцы прыведзены Язэп. Яго падстрыглі, змянілі адзежу і прадставілі яму.
15 Той кажа Язэпу: «Бачыў я сон, і няма нікога, хто б яго разгадаў. Чуў, што ты іх тлумачыш вельмі мудра».
16 Язэп адказаў: «Не я, але Бог дасць адказ фараону на дабро!»
17 І фараон расказаў, што бачыў: «Здавалася мне, што я стаю на беразе ракі,
18 і выйшлі з ракі сем кароў прыгожых з выгляду і сытых целам, і на балотным поплаве шчыпалі зеляніну.
19 І вось жа, па гэтых выйшлі іншыя сем кароў, і настолькі агідных і худых, што я ў зямлі Егіпецкай такіх ніколі не бачыў,
20 і яны, зжэршы і паглынуўшы першых,
21 ніколькі не пасыцелі, але заставаліся гэткімі ж самымі худымі і брыдкімі. Я прабудзіўся і, зноў сном замораны,
22 бачыў сон: вырасла сем каласоў на адным сцябле, поўных і вельмі прыгожых.
23 Але іншыя, таксама сем, пустых і знішчаных сухім ветрам, з’явіліся са сцябла.
24 Яны праглынулі прыгажосць тых першых. Расказаў я сон варажбітам, і няма нікога, хто б разгадаў».
25 Язэп сказаў: «Сон цара адзін. Што мае стацца, — Бог аб’явіў фараону.
26 Сем кароў прыгожых і сем каласоў поўных — гэта сем гадоў ураджайных: адно і тое ж значэнне сну выражаюць.
27 А сем кароў худых і брыдкіх, якія выйшлі за тымі, і сем каласоў пустых і знішчаных сухім ветрам — гэта сем гадоў будучага голаду,
28 якія ў такім парадку надыдуць.
29 Вось жа, пачынаецца сем гадоў надзвычай ураджайных ва ўсёй зямлі Егіпта,
30 па якіх наступяць сем гадоў такога голаду страшнага, што ў няпамяць пойдзе ўся папярэдняя шчодрасць. І ахопіць голад усю зямлю,
31 і вялікая ўраджайнасць заменіцца вялікай нястачай.
32 А калі ты бачыў другі раз сон, які датычыўся той самай справы, гэта ёсць моцным доказам, што тое, што Бог сказаў, у хуткім часе Богам будзе споўнена.
33 Дык хай цяпер прадбачыць валадар разумнага і мудрага чалавека і паставіць яго над зямлёй Егіпецкай.
34 І хай паставіць ён наглядчыкаў на ўсе правінцыі, і пятую частку ўраджаю на працягу сямі гадоў урадлівасці,
35 якія ўжо цяпер надыдуць, збірае ў гумны. Хай усё збожжа пад уладай фараона збіраецца і захоўваецца ў гарадах.
36 І хай прыгатуюцца гэтыя запасы для будучых сямі гадоў голаду, які прыцісне Егіпет, і не загіне зямля ў нястачы».
37 І спадабалася парада фараону і ўсім яго паслугачам.
38 І ён сказаў ім: «Ці ж зможам мы знайсці такога чалавека, які быў бы поўны Духу Божага?»
39 І сказаў ён Язэпу: «Калі табе Бог аб’явіў усё, што ты сказаў, то ці змагу знайсці мудрэйшага, падобнага да цябе?
40 Ты будзеш над маім домам, і загаду вуснаў тваіх паслухаецца ўвесь мой народ. Адно толькі: дастойнасцю царскай буду перавышаць цябе».
41 І сказаў яшчэ фараон Язэпу: «Вось, я ўстанаўляю цябе над усёй зямлёй Егіпта».
42 І зняў фараон свой пярсцёнак з пальца і ўздзеў яго на палец Язэпа, і загадаў апрануць яго ў шаты з найчысцейшага лёну, і павесіў яму на шыю залаты ланцуг.
43 І загадаў вазіць яго на другой сваёй павозцы і клікаць перад ім: «Абрэк!», і каб усе перад ім укленчвалі і ведалі, што ён правіцель над усёй Егіпецкай зямлёй.
44 І сказаў цар Язэпу: «Я — фараон. Без твайго загаду ніхто не паварухне рукой або нагой ва ўсёй зямлі Егіпта».
45 І змяніў імя яго, і назваў яго на мове егіпецкай: Сапанэт-Панэкa, і даў яму за жонку Асэнат, дачку Патыфэра, святара Геліяпольскага. І так Язэп узвысіўся над усёй зямлёй Егіпецкай —
46 а меў ён трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам цара-фараона, і аб’ехаў ён усе правінцыі Егіпта.
47 І надышла ўрадлівасць на працягу сямі гадоў, і сабраў ён хлеб у гумны ў Егіпце,
48 назапашваючы ў кожным горадзе збожжа з навакольных палёў.
49 І быў такі дастатак пшаніцы, што можна было прыпадобніць да пяску марскога, так што ён перавышаў меру.
50 І нарадзіліся Язэпу два сыны перад тым, як настаў голад, якіх яму нарадзіла Асэнат, дачка Патыфэра, святара Геліяпольскага.
51 І даў ён першароднаму імя Манаса, кажучы: «Даў мне Бог забыцца пра ўсе цяжкасці мае і пра дом бацькі майго».
52 А другога назваў імем Эфраім, бо казаў: «Даў мне Бог расці ў зямлі нядолі маёй».
53 Вось, калі прайшлі сем гадоў ураджайных, якія былі ў Егіпце,
54 пачалі надыходзіць сем гадоў нястачы, якія прадказаў Язэп, і на ўсім свеце запанаваў голад. Ва ўсёй жа зямлі Егіпецкай быў хлеб.
55 Калі ж і ў ёй настаў голад, увесь народ звярнуўся да фараона, просячы ежы. Ён жа ім адказаў: «Ідзіце да Язэпа і, што вам скажа, рабіце».
56 І запанаваў голад ва ўсёй зямлі Егіпта; Язэп адкрыў усе гумны і прадаваў [хлеб] егіпцянам, бо і іх прыціскаў голад.
57 І ўсе жыхары прылеглых земляў прыбывалі ў Егіпет, каб купіць харчоў у Язэпа, бо голад лютаваў па ўсёй зямлі.

Зноскі:

45 a: «Збаўца свету».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Роду, 41 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.