1 Адсюль Абрагам перабраўся ў зямлю Нагэб, і абжыўся між Кадэсам і Сурам, і качаваў па Герару.
2 І сказаў ён пра Сару, жонку сваю: «Яна мая сястра». Дык Абімэлех, цар Герара, паслаў [за ёй] і забраў яе.
3 І прыйшоў Бог да Абімэлеха ноччу ўва сне і кажа яму: «Вось, ты памрэш з-за жанчыны, якую ўзяў, бо яна мае мужа».
4 А Абімэлех не дакранаўся да яе, дык адказаў: «Госпадзе, ці ж і народ справядлівы будзеш забіваць?
5 Ці ж ён сам не сказаў мне: “Яна сястра мая”, і яна казала таксама: “Ён брат мой”. У прастаце сэрца свайго і ў чысціні рук маіх я зрабіў гэта».
6 І сказаў яму Бог ува сне: «І Я ведаю, што ў прастаце сэрца ты зрабіў гэта, і таму засцярог цябе, каб ты не зграшыў адносна Мяне, і не дапусціў, каб ты дакрануўся да яе.
7 Цяпер вось вярні жонку мужу яе, бо ён прарок, і будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. Калі ж не захочаш вярнуць, то ведай, што памрэш смерцю ты і ўсе, хто твае».
8 І зараз жа раніцай, падняўшыся, склікаў Абімэлех усіх паслугачоў сваіх і пераказаў ім усе гэтыя словы ў вушы іх. І людзі дужа спалохаліся.
9 І паклікаў Абімэлех Абрагама, і сказаў яму: «Што ты зрабіў нам? Чым я зграшыў перад табой, што ты навёў на мяне і на царства маё вялікі грэх? Што ты не павінен быў зрабіць, зрабіў мне».
10 І зноў сказаў: «Што ты думаў, робячы гэта?»
11 Абрагам адказаў: «Я разважаў так: на гэтым месцы, напэўна, няма страху Божага, дык заб’юць мяне з-за жонкі маёй.
12 Дарэчы, яна сапраўды сястра мая, як дачка бацькі майго, але не дачка маці маёй. І я ўзяў яе за жонку.
13 Калі Бог учыніў так, што я пайшоў з дому бацькі майго, я сказаў: “Акажы ты мне гэту ласку: у кожным месцы, куды прыбудзем, ты кажы, што я брат твой”».
14 Дык узяў Абімэлех авечак, і валоў, і паслугачоў, і паслугачак і даў Абрагаму. І вярнуў яму Сару, жонку яго,
15 і сказаў: «Вось, зямля мая перад табой, дзе б табе падабалася — жыві».
16 А Сары сказаў ён: «Вось, даю брату твайму тысячу сікляў срэбра. Вось, хай гэта будзе табе для прыкрыцця вачэй усім тым, хто разам з табой, што ты без віны».
17 І Абрагам памаліўся да Бога, і Бог аздаравіў Абімэлеха, і жонку, і паслугачак яго, і яны маглі нараджаць.
18 Бо Госпад закрануў бясплоднасцю ўсе ўлонні ў доме Абімэлеха за Сару, жонку Абрагама.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 20 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.