1 Абрагам узяў яшчэ іншую жонку на імя Кетура.
2 Яна нарадзіла яму Замрана, і Ексана, і Мадана, і Мадыяна, і Ісбака, і Суэ.
3 А Ексан быў бацькам Сабы і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Асурым, і Летусім, і Леўмім.
4 А з Мадыяна нарадзіліся Эфа, і Эфэр, і Гэнох, і Абіда, і Эльдаа. Усё гэта сыны Кетуры.
5 І аддаў Абрагам усё, што меў, Ізааку.
6 Сыноў жа наложніц сваіх шчодра абдарыў і аддзяліў іх ад Ізаака, сына свайго, яшчэ пры жыцці сваім, ва ўсходнім накірунку.
7 І было дзён жыцця Абрагама сто семдзесят пяць гадоў.
8 І, саслабеўшы, памёр Абрагам у добрай старасці і ў шаноўным узросце, і, насычаны жыццём, далучыўся ён да народа свайго.
9 І пахавалі яго Ізаак і Ізмаэль, сыны яго, у пячоры Махпэла, на полі Эфрона, сына Сэора Хетыта з мясцовасці Мамрэ,
10 якую Абрагам купіў у сыноў Хета. Там пахаваны сам ён і Сара, жонка яго.
11 А па смерці яго дабраславіў Бог Ізаака, сына яго, які жыў каля студні Лахай-Рой.
12 А вось нашчадкі Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла яму егіпцянка Агар, паслугачка Сары.
13 Вось імёны сыноў Ізмаэля паводле іх імёнаў і радаводу: Набаёт, першародны сын Ізмаэля, далей Кедар, і Адбээль, і Мабсам,
14 таксама Масма, і Дума, і Маса,
15 Хадад і Тэма, Етур, і Нафіс, і Цэдма.
16 Вось сыны Ізмаэля, і такія імёны іх па мясцовасцях, у якіх яны прабывалі або пасяліліся, — дванаццаць князёў іх плямёнаў.
17 І споўнілася гадоў жыцця Ізмаэля сто трыццаць сем гадоў; саслабеўшы, памёр ён і далучыўся да народа свайго.
18 Яны ж пражывалі ад Хавілы аж да Сура, што насупраць Егіпта па дарозе ў Асірыю. І памёр ён у прысутнасці ўсіх братоў сваіх.
19 Гэта радавод Ізаака, сына Абрагама: Абрагам быў бацькам Ізаака.
20 Ізаак, калі меў сорак гадоў, узяў сабе жонку Рэбэку, дачку Бэтуэля, арамейца з Падан-Арама, сястру Лабана арамейца.
21 І маліўся Ізаак за сваю жонку да Госпада, бо была яна няплоднай. І Госпад выслухаў яго, і дазволіў, каб Рэбэка, жонка Ізаака, пачала.
22 Калі немаўляты біліся ва ўлонні яе, яна падумала: «Калі так ёсць, то чаму ў мяне?» І пайшла папытацца Госпада.
23 Ён прамовіў у адказ: «Два народы ў тваім улонні, і два народы раздзеляцца з нутра твайго: і адзін народ пераможа другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму».
24 Надышоў ужо час родаў, і вось: ва ўлонні яе двайняты.
25 Той, які выйшаў першы, быў чырвоны і ўвесь, як плашч, валасаты; і далі яму імя Эзаў. Потым брат яго, выходзячы, трымаў Эзава за пятку, і таму далі яму імя Якуб.
26 Ізаак меў шэсцьдзесят гадоў, калі дзеці нарадзіліся.
27 А калі яны выраслі, Эзаў стаўся спрытным паляўнічым і чалавекам палёў; а Якуб быў чалавекам ціхім і пражываў у палатках.
28 Ізаак любіў Эзава, таму што любіў ласавацца яго дзічынай, а Рэбэка любіла Якуба.
29 Калі Якуб зварыў нейкую страву, падышоў з поля Эзаў надта змучаны
30 і кажа: «Дай мне гэтай чырвонай стравы, бо я надта стомлены». Дзеля гэтай прычыны дадзена яму імя Эдом.
31 Якуб сказаў яму: «Прадай мне перш сваё першародства».
32 Ён адказаў: «Калі я ўміраю, што мне паможа першародства?»
33 Якуб кажа: «Дык прысягні мне». І прысягнуў ён, і прадаў першародства.
34 І так, атрымаўшы хлеб і страву з сачэвіцы, пад’еў ён і напіўся, і ўстаў і пайшоў, мала зважаючы, што прадаў першародства.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 25 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.