1 І Бог, успомніўшы пра Ноя, і пра ўсіх жывуноў, і пра ўсіх жывёл, якія былі з ім у арцы, прывёў вецер на зямлю, і зменшыліся воды.
2 І закрыліся крыніцы бяздоння і вокны нябесныя, і былі спынены дажджы з неба.
3 І вярнуліся воды з зямлі, сцякаючы і сплываючы, і пачалі памяншацца па ста пяцідзесяці днях.
4 У сёмы месяц, семнаццатага дня месяца, затрымалася арка на гарах Арарат.
5 Але воды плылі і спадалі аж да дзесятага месяца; бо дзесятага месяца, у першы дзень месяца, паказаліся вяршыні гор.
6 Калі мінула сорак дзён, Ной, адчыніўшы акно аркі, якое зрабіў, выпусціў крука,
7 які вылятаў, аддаляючыся і вяртаючыся, пакуль не высахла вада на зямлі.
8 Выпусціў ён таксама галубку ад сябе, каб пераканацца, ці спалі ўжо воды з паверхні зямлі.
9 Яна, паколькі не знайшла, дзе б адпачылі яе ногі, вярнулася да яго ў арку; бо воды пакрывалі яшчэ ўсю зямлю. Тады ён выцягнуў руку і, злавіўшы яе, забраў у арку.
10 Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў выпусціў галубку з аркі.
11 І вось, яна вярнулася да яго пад вечар, несучы ў дзюбе сваёй аліўную галінку з зялёнымі лісткамі. І зразумеў Ной, што сплылі ўжо воды з зямлі.
12 А ўсё ж такі прачакаў ён сем іншых дзён; і выпусціў галубку, якая не вярнулася болей да яго.
13 У шэсцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, воды на зямлі павысыхалі. І Ной, адкрыўшы дах аркі, глянуў і, вось, убачыў, што ўжо абсохла паверхня зямлі.
14 У другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, зямля зусім высахла.
15 І прамовіў Бог да Ноя, кажучы:
16 «Выходзь з аркі ты і жонка твая, сыны твае і жонкі сыноў тваіх разам з табой.
17 Усіх жывуноў, якія ёсць у цябе ад кожнага цела, як з птушак, так і з жывёл, і з усіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, выводзь разам з сабою, каб пладзіліся на зямлі ды каб раслі і размнажаліся на ёй».
18 Дык выйшаў Ной і сыны яго, жонка яго і жонкі сыноў яго разам з ім.
19 Ды таксама і ўсе жывуны, жывёлы, птушкі і паўзуны, якія поўзаюць па зямлі паводле роду свайго, павыходзілі з аркі.
20 І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду, і, узяўшы з усіх жывёлін чыстых і птушак чыстых, прынёс ахвяру цэласпалення на ахвярніку.
21 І Госпад пачуў пах найпрыемнейшы, і сказаў Госпад сэрцу Свайму: «Ніколі больш не буду праклінаць зямлю з-за людзей, бо намер сэрца чалавечага схільны да зла ад юнацтва яго. Дык ужо болей не будзе пагібелі на кожную душу жывую, як Я зрабіў.
22 Ва ўсе дні зямлі не спыняцца сяўба і жніво, холад і спякота, лета і зіма, дзень і ноч».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Роду, 8 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.