1 Па гэтых падзеях было паведамлена Язэпу, што захварэў бацька яго. І ён узяў з сабой двух сыноў, Манасу і Эфраіма.
2 І сказалі старому: «Вось жа, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». Ён, сабраўшы сілы, сеў на ложку
3 і, калі той увайшоў да яго, сказаў: «Усемагутны Бог аб’явіўся мне ў Лузе, які ёсць у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне,
4 і сказаў: “Я пашыру цябе і размножу, і зраблю цябе мноствам народаў. Дам табе і нашчадкам тваім па табе гэтую зямлю на вечную ўласнасць”.
5 Дык два твае сыны, якія нарадзіліся табе ў зямлі Егіпецкай, перш чым я прыйшоў да цябе сюды, мае будуць: Эфраім і Манаса будуць лічыцца маімі, як Рубэн і Сімяон.
6 Астатнія ж, якія народзяцца табе пасля іх, будуць тваімі і імем братоў сваіх назавуцца ва ўладаннях сваіх.
7 У мяне, вось, калі я вяртаўся з Падан-Арама, памерла Ракель, маці твая, у зямлі Ханаан, у той жа дарозе, калі заставаўся яшчэ нейкі кавалак да Эфраты, і я пахаваў яе ля дарогі ў Эфрату, якая іншым імем называецца Бэтлехэм».
8 Бачачы ж сыноў яго, спытаўся ў яго: «Хто гэта?»
9 [Язэп] адказваў: «Сыны мае, якіх даў мне Бог у гэтым месцы». «Падвядзі, — кажа, — іх да мяне, каб я іх дабраславіў!»
10 А вочы Ізраэля дзеля вялікай старасці былі зацмёныя і не маглі выразна бачыць. Дык калі падвёў іх да яго, абняў іх і пацалаваў,
11 і сказаў сыну свайму: «Не быў я пазбаўлены таго, каб убачыць цябе, звыш таго, паказаў мне Бог нашчадкаў тваіх».
12 Язэп, адсунуўшы дзяцей ад грудзей бацькі, пакланіўся яму тварам аж да зямлі.
13 І паставіў Эфраіма праваруч сябе, гэта значыць леваруч Ізраэля, а Манасу лявіцай сваёй, значыць, праваруч бацькі; і падвёў абодвух да яго.
14 Той, выцягнуўшы правую руку, паклаў яе на галаву Эфраіма, малодшага брата, а левую руку — на галаву Манасы, старэйшага гадамі, змяняючы рукі.
15 І дабраславіў Якуб Язэпа, і сказаў: «Бог, у прысутнасці Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ізаак, Бог, Які пасвіў мяне ад юнацтва майго аж па сённяшні дзень,
16 Анёл, які вырываў мяне з усякіх бед, хай дабраславіць гэтых хлопцаў! Хай імя маё, а таксама імёны бацькоў маіх, Абрагама і Ізаака, прызываюцца над імі, і хай яны растуць у вялікае мноства на зямлі!»
17 Калі Язэп убачыў, што бацька яго паклаў правую руку на галаву Эфраіма, не спадабалася гэта яму. І, схапіўшы бацькаву руку, паспрабаваў перакласці з галавы Эфраіма на галаву Манасы.
18 І сказаў бацьку: «Не выпадае так, ойча, бо гэты першародны: пакладзі правіцу сваю на яго галаву!»
19 Але бацька, пярэчачы, сказаў: «Ведаю, сын мой, ведаю, і гэты таксама стане народам і памножыцца, але брат яго меншы большым будзе за яго, і патомства яго разрасцецца ў мноства плямёнаў».
20 І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраэль, і скажа: “Хай учыніць табе Бог, як Эфраіму і як Манасе!”» І даў ён пяршынства Эфраіму перад Манасам.
21 І сказаў ён Язэпу, сыну свайму: «Вось, я паміраю, але Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых.
22 І я даю табе болей, чым братам тваім, на адну частку, якую здабыў я з рукі амарэя мечам і лукам сваім».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 48 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.