1 А Язэп быў завезены ў Егіпет. І купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, егіпцянін, з рук ізмаэльцаў, якімі быў ён прыведзены.
2 І Госпад быў з ім, і ён быў чалавекам, якому добра вялося ва ўсім, і ён жыў у доме гаспадара свайго.
3 І той добра разумеў, што Госпад з ім, і ва ўсім, што ён рабіў, рука Яго ім кіравала.
4 І Язэп знайшоў ласку ў гаспадара свайго, і паслугаваў яму. І сталася, пасля таго, як той паставіў яго над домам сваім і ўсё, што меў, даручыў яму,
5 дабраславіў Госпад дом егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенне Госпада на ўсёй маёмасці яго: як у доме, так і на полі.
6 І той аддаў усё, што меў, у рукі Язэпа, і не ведаў з ім ніякага іншага клопату, акрамя як пра хлеб, якім пасіляўся. А быў Язэп прыгожы тварам і прывабны знешне.
7 Дык звярнула вочы свае на Язэпа жонка гаспадара яго і кажа: «Спі са мною».
8 Але ён не згадзіўся і сказаў ёй: «Вось жа, гаспадар мой усё мне даручыў і не рупіцца ні пра што ў доме сваім,
9 і не можа ніхто быць важнейшым у доме гэтым, чым я; і нічога мне не забараніў, апроч цябе, ты ж жонка яго. Дык як я магу дапусціцца гэтага вялікага злачынства і грашыць супраць Бога?»
10 І падобнымі словамі штодзень дакучала жанчына юнаку, але ён адмаўляўся ад чужаложства.
11 Здарылася аднаго дня, што ўвайшоў Язэп у дом і займаўся сваёй справай без сведкаў,
12 а яна, схапіўшы яго за полы адзення, сказала: «Паспі са мной». А ён, пакінуўшы плашч у яе руках, уцёк і выйшаў вонкі.
13 Калі жанчына ўбачыла, што ён пакінуў плашч у яе руках і ўцёк вонкі,
14 паклікала дамоўнікаў сваіх і сказала ім: «Вось, прывёў ён мужчыну гебрая, каб ён здзекаваўся з нас; ён увайшоў да мяне, каб быць са мною. Калі я закрычала
15 і пачуў ён голас мой, пакінуў ён плашч, які трымала, а сам уцёк вонкі».
16 І затрыманы плашч паказала мужу, які вярнуўся дамоў,
17 і сказала падобныя гэтым словы: «Увайшоў да мяне паслугач гебрай, якога ты прыняў, каб ён насмяяўся з мяне;
18 а калі пачуў крык мой, пакінуў плашч, які трымала, і ўцёк вонкі».
19 Гаспадар, выслухаўшы гэтыя словы жонкі, моцна раззлаваўся
20 і пасадзіў Язэпа ў вязніцу, дзе знаходзіліся вязні фараона. І там яго зняволілі.
21 А Госпад быў з Язэпам і, пашкадаваўшы яго, даў яму ласку ў вачах начальніка вязніцы.
22 І ён аддаў у рукі Язэпа ўсіх вязняў, якіх трымалі пад вартай, і што толькі трэба было там зрабіць — ён рабіў.
23 А начальнік вязніцы не сачыў ужо за тым, што ў яго руцэ было, бо Госпад быў з ім і кіраваў усімі яго справамі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 39 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.