1 Увечары, калі Лот сядзеў пры браме горада, прыбылі два анёлы ў Садом. Ён, калі ўбачыў іх, падняўся і пайшоў насустрач ім; і ўшанаваў іх, упаўшы на зямлю,
2 і сказаў: «Малю, валадары мае, збочце ў дом паслугача вашага і пераначуйце. Памыйце ногі вашы і раніцай выберацеся ў дарогу вашу». Яны адказалі: «Не трэба, мы пераначуем на двары».
3 Але ён прасіў іх моцна, і яны павярнулі да яго. І калі павярнулі ў дом яго, ён справіў гасціну і напёк праснакоў, і яны пад’елі.
4 Не ляглі яны яшчэ спаць, як людзі з горада, жыхары Садома, акружылі дом, ад малога да старога, увесь народ разам.
5 І выклікалі яны Лота, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, што ўвайшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, каб мы пазналі іх».
6 Выйшаў да іх Лот, замкнуўшы за сабою дзверы, і кажа:
7 «Прашу, браты мае, не рабіце гэтага ліха.
8 Вось, маю дзвюх дачок, якія не спазналі яшчэ мужчыну; выведу іх да вас, і вы, што вам падабаецца, рабіце з імі, толькі мужчынам гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго».
9 Але яны сказалі: «Ідзі адсюль». І дадалі: «Ён сам прыхадзень. Каб прыхадзень ды хацеў судзіць? Дык вось, табе самому мы зробім большы гвалт, чым ім». І накінуліся з вялікай сілай на Лота, і ўжо ледзь не выламалі браму.
10 Тады людзі выцягнулі рукі, і ўцягнулі Лота да сябе, і зачынілі ўваход.
11 А тых, што былі на двары, ад найменшага да найбольшага, пакаралі слепатой, так што не маглі яны знайсці дзвярэй.
12 І сказалі людзі Лоту: «Маеш тут яшчэ каго свайго? Зяця, і сыноў, і дачок, словам, усіх, хто з тваіх у горадзе, выведзі з гэтага месца,
13 бо мы знішчым гэты горад, таму што скарга на яго дайшла да Госпада, і Ён паслаў нас, каб мы знішчылі яго».
14 Тады выйшаў Лот і, звярнуўшыся да зяцёў сваіх, якія мелі ажаніцца з яго дочкамі, сказаў: «Уставайце, бяжым з гэтага месца, бо Госпад знішчыць горад». Ім жа здавалася, што ён гаворыць жартам.
15 На світанні анёлы падганялі яго, кажучы: «Уставай, бяры жонку сваю і дзвюх дачок, якіх маеш тут, каб не загінуў ты праз злачыннасць горада».
16 А паколькі ён марудзіў, падхапілі людзі за рукі яго, і жонку, і дзвюх дачок яго, бо Госпад пашкадаваў іх,
17 і вывелі яго, і пакінулі за горадам. Там сказаў: «Ратуйся, ідзе размова пра жыццё тваё; і не азірайся назад, і не затрымлівайся нідзе ў гэтай мясцовасці, але ў гарах шукай ратунку, каб не загінуць!»
18 Лот сказаў ім: «Прашу, Госпадзе, не!
19 Вось жа, паслугач Твой знайшоў ласку ў Цябе, і Ты ўзвялічыў міласэрнасць Сваю, якую аказаў мне, каб уратаваць душу маю; не магу хавацца ў гарах, каб не напаткала мяне гора і не памёр я.
20 Вось жа, горад гэты блізка, у які я магу ўцячы, — хіба ж ён не маленькі? — і будзе жыць душа мая».
21 І сказаў яму: «Вось, Я ў гэтым таксама прыняў просьбу тваю, каб не знішчыць горада, у які ты прасіўся.
22 Спяшайся і ратуйся там, бо не змагу нічога рабіць, пакуль туды не ўвойдзеш». Таму і дадзена імя таму гораду Сэгор.
23 Сонца паднялося ўжо над зямлёю, калі Лот прыбыў у Сэгор.
24 Тады Госпад спусціў на Садом і Гамору дождж серкі і агню ад Госпада з неба,
25 і знішчыў гарады гэтыя і ўсю мясцовасць кругом, усіх жыхароў гарадоў гэтых і ўсю зеляніну зямлі.
26 А жонка яго, аглянуўшыся за сябе, ператварылася ў слуп солі.
27 Абрагам жа, падняўшыся рана, пайшоў на тое месца, дзе стаяў раней з Госпадам,
28 і глянуў на Садом і Гамору, і на ўвесь абшар той мясцовасці. І ўбачыў, што з зямлі ўздымаецца сажа, быццам дым з печы.
29 Так вось Бог, калі нішчыў гарады гэтай мясцовасці, памятаючы пра Абрагама, вызваліў Лота ад пагібелі ў гарадах, у якіх ён пражываў.
30 І выйшаў Лот з Сэгора і абжыўся разам з дзвюмя дочкамі сваімі ў гарах, бо баяўся заставацца ў Сэгоры. І жыў на гары сам і абедзве дачкі яго.
31 І сказала старэйшая малодшай: «Бацька наш стары, а ніводнага з мужчын не засталося на зямлі, які б мог прыйсці да нас па звычаі ўсёй зямлі.
32 Хадзем, напоім бацьку нашага віном і будзем спаць з ім, каб зберагчы маглі патомства ад бацькі нашага».
33 І далі яны ў тую ноч бацьку свайму піць віно; і ўвайшла старэйшая, і спала з бацькам. Ён жа не чуў, ані калі дачка лягла, ані калі ўстала.
34 На другі дзень сказала старэйшая малодшай: «Вось, я ўчора спала з бацькам маім. Дадзім яму піць віно таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і будзеш спаць з ім, каб захаваць патомства ад бацькі нашага».
35 І далі яны і ў гэтую ноч бацьку свайму піць віно, і ўвайшла малодшая дачка, і спала з ім. А ён таксама не чуў, ані калі яна лягла, ані калі ўстала.
36 І так абедзве дачкі Лота пачалі ад бацькі свайго.
37 І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя яго Мааб. Ён ёсць бацькам маабцаў аж па сённяшні дзень.
38 Малодшая таксама нарадзіла сына і назвала яго імем Бен-Аміa. Ён ёсць бацькам аманіцян аж да сёння.

Примечания к тексту

38 a: «Сын народа майго».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 19 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.