1 Вось запіс радаводу Адама. У дзень, калі Бог стварыў чалавека, зрабіў яго на падабенства Божае.
2 Мужчынам і жанчынай стварыў іх, і дабраславіў іх, і даў ім імя «чалавек» тады, калі былі створаны.
3 Пражыў Адам сто трыццаць гадоў, і нарадзіўся ў яго сын, на вобраз і падабенства яго, і ён даў яму імя Сэт.
4 І было дзён Адама па нараджэнні Сэта восемсот гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.
5 І быў увесь прамежак часу, што пражыў Адам, дзевяцьсот трыццаць гадоў, і ён памёр.
6 Таксама Сэт пражыў сто пяць гадоў і меў сына Эноса.
7 Па нараджэнні Эноса пражыў Сэт восемсот сем гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.
8 І было ўсіх дзён Сэта дзевяцьсот дванаццаць гадоў, і ён памёр.
9 А Энос пражыў дзевяноста гадоў і меў сына Кенана.
10 І пражыў Энос па нараджэнні Кенана восемсот пятнаццаць гадоў, і меў сыноў і дачок.
11 І было ўсіх дзён Эноса дзевяцьсот пяць гадоў, і ён памёр.
12 Таксама Кенан пражыў семдзесят гадоў і меў сына Малаліэля.
13 І пражыў Кенан па нараджэнні Малаліэля восемсот сорак гадоў, і меў яшчэ сыноў і дачок.
14 І было ўсіх дзён Кенана дзевяцьсот дзесяць гадоў, і ён памёр.
15 Пражыў вось Малаліэль шэсцьдзесят пяць гадоў і меў сына Ярэда.
16 І пражыў Малаліэль па нараджэнні Ярэда восемсот трыццаць гадоў, і меў сыноў і дачок.
17 І было ўсіх дзён Малаліэля восемсот дзевяноста пяць гадоў, і ён памёр.
18 Пражыў Ярэд сто шэсцьдзесят два гады і меў сына Гэноха.
19 І жыў Ярэд па нараджэнні Гэноха восемсот гадоў, і меў сыноў і дачок.
20 І было ўсіх дзён Ярэда дзевяцьсот шэсцьдзесят два гады, і ён памёр.
21 Гэнох жыў шэсцьдзесят пяць гадоў і меў сына Матусала.
22 І хадзіў Гэнох з Богам па нараджэнні Матусала трыста гадоў, і меў сыноў і дачок.
23 І было ўсіх дзён Гэноха трыста шэсцьдзесят пяць гадоў.
24 І хадзіў ён з Богам, і знік, бо забраў яго Бог.
25 Таксама Матусал пражыў сто восемдзесят сем гадоў і меў сына Ламэха.
26 І жыў Матусал па нараджэнні Ламэха семсот восемдзесят два гады і меў сыноў і дачок.
27 І было ўсіх дзён Матусала дзевяцьсот шэсцьдзесят дзевяць гадоў, і ён памёр.
28 Пражыў жа Ламэх сто восемдзесят два гады і меў сына,
29 і даў яму імя Ной, кажучы: «Ён суцешыць нас у рабоце нашай і ў працы рук нашых на зямлі, якую Госпад пракляў».
30 І жыў Ламэх па нараджэнні Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў, і меў яшчэ сыноў і дачок.
31 І было ўсіх дзён Ламэха семсот семдзесят сем гадоў, і ён памёр.
32 А калі Ной меў пяцьсот гадоў, нарадзіліся ў яго Сэм, Хам і Яфэт.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Роду, 5 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.