1 Чалавек жа пазнаў жонку сваю Еву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Здабыла я чалавека з волі Госпада».
2 А потым нарадзіла брата яго Абэля. Абэль быў пастухом авечак, а Каін — земляробам.
3 І сталася па нейкім часе, што Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі,
4 а Абэль складаў таксама з першынцаў статка свайго і з іх тлустасці, дык Госпад зірнуў на Абэля і дар яго,
5 а на Каіна і дар яго не зірнуў. Моцна ўзлаваўся Каін, і панурым сталася аблічча яго.
6 І сказаў Госпад яму: «Чаго ты раззлаваўся і чаго пануры твар твой?
7 Хіба, калі ты робіш добра, не падымеш твару? А калі блага, грэх будзе цікаваць у дзвярах, і да яго будзе пажада твая, а ты павінен панаваць над ім».
8 І сказаў Каін Абэлю, брату свайму: «Хадзем вонкі». А калі былі ў полі, Каін паўстаў супраць брата свайго Абэля і забіў яго.
9 Тады Госпад кажа Каіну: «Дзе брат твой Абэль?» Ён адказаў: «Не ведаю. Ці ж я вартаўнік брату свайму?»
10 І сказаў яму: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з зямлі.
11 Дык цяпер будзь пракляты зямлёй, якая адкрыла вусны свае і прыняла кроў брата твайго з рукі тваёй!
12 Калі яе абрабляць будзеш, не дасць яна ўжо больш табе пладоў сваіх; выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі!»
13 І сказаў Каін Госпаду: «Большая кара мая, чым знесці мне.
14 Вось, адкідаеш мяне сёння ад аблічча зямлі, і ад аблічча Твайго я схаваюся і буду выгнанцам і ўцекачом на зямлі; дык кожны, хто напаткае мяне, заб’е мяне».
15 І сказаў яму Госпад: «Гэтак не будзе, але кожны, хто заб’е Каіна, — у сем разоў будзе пакараны!» І паклаў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго.
16 Пасля Каін адышоў ад аблічча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад краіны Эдэн.
17 І вось пазнаў Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Гэноха. І пабудаваў горад і назваў яго ад імя сына свайго — Гэнох.
18 Гэнох, у сваю чаргу, быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мавіяэля, а Мавіяэль быў бацькам Матусаэля, а Матусаэль быў бацькам Ламэха.
19 Ламэх узяў дзвюх жонак. Імя адной — Ада, а другой — Сэла.
20 Ада нарадзіла Явэла; гэта ён быў прабацькам тых, якія пражывалі ў палатках, і пастухоў.
21 І імя брата яго Ювал; гэта ад яго вядуцца ўсе, хто гралі на гуслях і на флейце.
22 Сэла таксама нарадзіла Тубалкаіна; ён быў рамеснікам і кавалём, які рабіў усе прылады з медзі і жалеза. Сястрой Тубалкаіна была Наэма.
23 Ламэх сказаў сваім жонкам: «Ада і Сэла, паслухайце, што я скажу! Жонкі Ламэха, зважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалечанне сваё.
24 У сем разоў павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Ламэха — у семдзесят сем».
25 І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: «Даў мне Бог нашчадка іншага ў замену за Абэля, якога забіў Каін».
26 У Сэта нарадзіўся сын, якога той назваў Энос. Тады пачалі прызываць імя Госпада.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 4 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.