1 І чуў, як сыны Лабана гаварылі: «Якуб забраў усё, што было ў нашага бацькі, і з маёмасці нашага бацькі набыў такія багацці».
2 Пасля таго звярнуў Якуб увагу на твар Лабана, што стаўся ён адносна яго, не як учора і заўчора.
3 І сказаў Госпад Якубу: «Вяртайся ў зямлю бацькоў сваіх і да радні сваёй, а Я буду з табой».
4 І паслаў Якуб паклікаць Ракель і Лію на поле, дзе ён пасвіў статкі,
5 і сказаў ім: «Бачу па выразе твару вашага бацькі, што ён не такі для мяне, як учора і заўчора, але Бог майго бацькі быў са мною
6 і вы самі ведаеце, што з усіх намаганняў маіх я служыў бацьку вашаму.
7 Але бацька ваш усё падманвае мяне і дзесяць разоў мяняе маю плату; ды, аднак, Бог не даў яму пакрыўдзіць мяне.
8 Калі вось сказаў: “Крапкаваныя будуць тваёй платай”, — нараджалі ўсе авечкі крапкаваных ягнят. Калі ж сказаў ён наадварот: “Тых, што пярэстыя, атрымаеш як плату”, — усе жывёлы ў статку нараджалі пярэстых.
9 Так забраў Бог маёмасць бацькі вашага і даў мне.
10 Пасля таго як надышоў час апладнення статка, узнёс я вочы мае і ўбачыў у сне, што самцы, якія пакрываюць самак, — пярэстыя, крапкаваныя і плямістыя.
11 І сказаў мне ўва сне анёл Божы: “Якуб!” Я адказаў: “Вось я”.
12 Ён сказаў: “Падымі вочы свае і паглядзі на ўсіх самцоў, што пакрываюць самак: яны пярэстыя, крапкаваныя і ў плямах. Я ж бачу ўсё, што зрабіў табе Лабан.
13 Я — Бог з Бэтэля, дзе намасціў ты камень і дзе прынёс Мне прысягу. Дык цяпер падыміся, выйдзі з гэтай зямлі, каб вярнуцца ў зямлю, дзе ты нарадзіўся”».
14 Адказалі яму Ракель і Лія: «Ці маем мы яшчэ частку і спадчыну ў доме бацькі нашага?
15 Ці ж не лічыў ён нас за чужых, бо прадаў нас і з’еў плату за нас?
16 Але ўсё багацце, якое Бог забраў у бацькі нашага, нам аддаў і дзецям нашым. Таму ўсё, што Бог загадаў табе, рабі».
17 Дык устаў Якуб, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,
18 і ўзяў з сабой усе статкі свае і ўсю маёмасць сваю, што здабыў у Падан-Араме, каб ісці да Ізаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаан.
19 У той час Лабан выбраўся стрыгчы авечак, і Ракель скрала балванаў хатніх бацькі свайго.
20 А Якуб ашукаў сэрца Лабана, не папярэджваючы яго, што мае ўцячы.
21 І калі ўцёк ён з усім, што меў, то, перайшоўшы рэчку, накіраваўся на гару Галаад.
22 Трэцяга дня паведамілі Лабану, што Якуб уцёк.
23 Той, сабраўшы братоў сваіх, сем дзён даганяў яго і дагнаў яго на гары Галаад.
24 І прыйшоў Бог да Лабана арамейца ноччу ўва сне, і сказаў яму: «Сцеражыся, не гавары нічога благога супраць Якуба!»
25 Якуб на гары ўжо расцягваў палатку, калі Лабан, дагнаўшы яго з братамі сваімі, на той жа гары Галаад паставіў палатку.
26 І сказаў ён Якубу: «Чаму ты так зрабіў і ашукаў сэрца маё, вывеўшы дачок маіх, як паланянак?
27 Чаму ты патаемна ўцёк і ашукаў мяне, не паведаміўшы мне, каб я мог правесці цябе з радасцю і спевамі, з бубнамі і цытрамі?
28 Ты не даў мне пацалаваць маіх унукаў і дачок, неразумна зрабіў ты!
29 А цяпер магла рука мая адгадзіць табе ліхам, але Бог бацькі твайго ўчора сказаў мне: “Сцеражыся, не гавары нічога ліхога супраць Якуба!”
30 Добра, ты выправіўся, бо цягнула цябе да дому бацькі твайго, але чаму ты скраў багоў маіх?»
31 Якуб адказаў: «Бо я баяўся. Бо я думаў, каб ты часам сілай не адабраў дачок сваіх у мяне.
32 А ў каго знойдзеш багоў сваіх, хай той не жыве! У прысутнасці братоў нашых абшукай, і што знойдзеш свайго ў мяне — забірай!» А не ведаў Якуб, што Ракель скрала балванаў.
33 І Лабан, увайшоўшы ў палаткі Якуба і Ліі, і абедзвюх паслугачак, не знайшоў, і, выйшаўшы з палаткі Ліі, увайшоў у палатку Ракель.
34 А яна схавала балванаў пад вярблюдавае сядло і села зверху. А калі абшукаў Лабан усю палатку і не знайшоў нічога,
35 сказала: «Хай не гневаецца гаспадар мой, што перад табою ўстаць не магу, бо дзеля звычайнага жаночага не магу». Дык абшукаў ён, але балванаў не знайшоў.
36 І, раззлаваўшыся, сказаў Якуб з лаянкай: «Дзеля якой віны маёй і дзеля якога граху майго ты так пераследуеш мяне,
37 што абшукваеш усе рэчы мае? Што ты знайшоў з усёй маёмасці дому твайго? Пакладзі тут, у прысутнасці братоў маіх і братоў сваіх, і хай яны рассудзяць між мной і табой.
38 Вось, дваццаць гадоў я жыў з табой. Твае авечкі і козы не скідалі, і бараноў са статка твайго я не еў.
39 Раздзёртага дзікім зверам не прыносіў табе, я сам аддаваў за ўсякую страту. Калі што было скрадзена ці ўдзень, ці ўначы — ты вымагаў ад мяне.
40 Днём мучыла мяне спякота, а ноччу холад, сон уцякаў ад вачэй маіх.
41 Так праз дваццаць гадоў у доме тваім я служыў табе: чатырнаццаць за дачок, а шэсць за статкі твае. Дзесяць разоў таксама змяняў ты плату маю.
42 Каб Бог бацькі майго, Бог Абрагама, і Той, Каго з бояззю славіць Ізаак, не ўспамагаў мне, то ты, несумненна, пусціў бы мяне з нічым; няшчасце маё і цяжкую працу рук маіх убачыў Бог і вынес прысуд учора».
43 Лабан адказаў яму: «Дочкі — мае дочкі, дзеці — мае дзеці, статкі — мае статкі ды ўсё, што бачыш, — маё. Але што я магу зрабіць сёння маім дочкам або іх дзецям, якіх яны нарадзілі?
44 Дык хадзем, заключым пагадненне, я і ты, каб было яно сведчаннем між мною і табой».
45 Тады вось Якуб прынёс камень, і паставіў як памятны знак,
46 і сказаў братам сваім: «Назбірайце камянёў!» Яны назбіралі і зрабілі курган. І елі там на ім.
47 І Лабан назваў яго: Егар-Сагадутаa, а Якуб — Галедамb.
48 І Лабан сказаў: «Хай курган гэты будзе сведкам згоды сёння між мной і табой». І таму ён быў названы Галед,
49 а таксама Міцпаc, бо ён сказаў: «Хай наглядае Госпад за мной і табой, калі разыдземся між сабой.
50 Калі б ты крыўдзіў дачок маіх і калі б узяў сабе акрамя іх іншых жонак, то хоць не будзе нікога з людзей між намі — глядзі: Бог — сведка між мной і табой!»
51 І сказаў Лабан Якубу: «Вось, курган і камень, якія я паставіў між мною і табой.
52 Гэты курган і камень будуць сведкамі, што я не перайду за гэты курган, ідучы да цябе, і што ты не пяройдзеш за гэты курган і гэты камень дзеля ліхога.
53 Бог Абрагама і Бог Нахора хай рассудзіць паміж намі». І Якуб прысягнуў Тым, Каго з бояззю славіў Ізаак, яго бацька.
54 А потым забіў на гары жывёлін на ахвяру і запрасіў сваіх братоў, каб паелі хлеба. А калі паелі, ляглі спаць на гары.
55 І Лабан, узняўшыся рана, пацалаваў унукаў сваіх і дачок сваіх, дабраславіў іх і вярнуўся ў сваё месца.

Зноскі:

47 a, b: «Курган сведчання».
49 c: «Нагляд».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Роду, 31 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.