1 І загадаў Язэп аканому дому свайго, кажучы: «Напоўні збожжам іх мяхі, колькі могуць змясціць, і пакладзі грошы кожнага наверсе меха.
2 А ў адтуліну меха малодшага пакладзі чару маю срэбраную і плату, якую ён даў за пшаніцу». Так і было зроблена.
3 І назаўтра, калі развіднела, яны былі адпушчаны з асламі сваімі.
4 Ледзь, аднак, выбраліся яны з горада і крыху прайшлі, Язэп, паклікаўшы аканома дому, сказаў яму: «Уставай, і дагані людзей, і, затрымаўшы, скажы: “Чаму адгадзілі вы ліхам за дабро? Чаму ўкралі ў мяне срэбраную чару?
5 Хіба ж гэта не тая, з якой п’е гаспадар мой і на якой ён звычайна варожыць? Вялікае ліха вы ўчынілі!”»
6 І зрабіў той, як ён загадаў, і, затрымаўшы іх, па парадку сказаў [усё гэта].
7 Яны адказалі: «Чаму так кажа гаспадар наш? Немагчыма, каб паслугачы твае ўчынілі гэткую ганебную справу.
8 Грошы, якія мы знайшлі наверсе мяхоў, мы прынеслі табе назад з зямлі Ханаан. І як маглі мы ўкрасці золата ці срэбра з дому гаспадара твайго?
9 У якога з паслугачоў тваіх знойдзецца, што шукаеш, той хай памрэ, а мы будзем паслугачамі гаспадара нашага».
10 Ён сказаў ім: «Хай станецца па вашым рашэнні: у каго будзе знойдзена, ён будзе паслугачом маім. Вы ж будзеце невінаватыя».
11 І так паспяшаліся, зняўшы мяхі на зямлю, і паадкрывалі кожны.
12 І ён, абшукваючы іх, пачынаючы ад старэйшага да наймалодшага, знайшоў чару ў мяху Бэньяміна.
13 І яны, з жалю раздзёршы адзенне і ўсклаўшы зноў мяхі на аслоў, вярнуліся ў горад.
14 І Юда з братамі ўвайшоў да Язэпа — а ён быў яшчэ дома, — і ўсе разам укленчылі перад ім.
15 І ён сказаў ім: «Чаму вы надумалі так зрабіць? Ці вы не ведаеце, што няма падобнага мне чалавека ў майстэрстве варажбы?»
16 Юда адказаў яму: «Што адказаць нам гаспадару нашаму? Што прамовіць? Чым можна апраўдацца? Бог выявіў несправядлівасць паслугачоў тваіх. Што ж, мы ўсе — паслугачы гаспадара майго: і мы, і той, у каго знойдзена чара».
17 Язэп адказаў: «Я гэтага не зраблю! Хто ўкраў чару, хай той будзе паслугачом маім, вы ж ідзіце свабодна да бацькі свайго».
18 Тады Юда, падышоўшы бліжэй, сказаў даверліва: «Малю, гаспадару мой, хай скажа паслугач твой словы ў вушы твае, ды не гневайся на паслугача твайго, бо ты — як фараон!
19 Гаспадар мой спытаў перш паслугачоў сваіх: “Ці маеце бацьку або брата?”
20 А мы адказалі гаспадару майму: “Ёсць у нас бацька стары і хлопец малады, які ў старасці яго нарадзіўся, якога родны брат памёр, і ён адзін застаўся ад маці сваёй, бацька таму пяшчотна любіць яго”.
21 І сказаў ты паслугачам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, я ўзніму вочы мае на яго”.
22 Мы даказвалі гаспадару майму: “Не можа хлопец пакінуць бацькі свайго, бо, калі яго пакіне, той памрэ”.
23 Тады сказаў ты паслугачам тваім: “Калі не прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, вы больш не ўбачыце аблічча майго”.
24 Дык калі мы прыйшлі да паслугача твайго, бацькі нашага, і расказалі яму ўсё, што сказаў гаспадар мой,
25 то сказаў бацька наш: “Вярніцеся і купіце для нас крыху пшаніцы”.
26 Яму мы сказалі: “Пайсці мы не можам. Калі брат наш наймалодшы пойдзе разам з намі, то пойдзем і мы, інакш, без яго, не зможам мы ўбачыць аблічча таго чалавека”.
27 На гэта паслугач твой, бацька мой, адказаў: “Вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне дваіх.
28 Аднойчы адзін ад мяне пайшоў, і я сказаў: “Дзікі звер з’еў яго!” І дасюль не аб’явіўся.
29 Калі возьмеце і гэтага ад мяне, ды яму што здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю са смуткам у апраметную”.
30 Дык, калі ўвайду я да паслугача твайго, бацькі майго, і хлопца не будзе, — бо жыццё бацькі залежыць ад яго жыцця
31 і ўбачыць, што яго з намі няма, — то ён памрэ; і звядуць паслугачы твае сівізну яго з жалем у апраметную.
32 Паслугач твой даў прысягу бацьку свайму за хлопца: калі не вярну яго, цяжка зграшу адносна бацькі свайго на ўсё жыццё.
33 Дык застануся я, паслугач твой, за хлопца ў службе гаспадару майму, а хлопец хай ідзе з братамі сваімі.
34 Бо не магу вярнуцца да бацькі майго без хлопца, каб не быць сведкам няшчасця, якое нахлыне на бацьку майго».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Роду, 44 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.