1 І не мог Язэп больш стрымаць сябе ў прысутнасці ўсіх, хто стаяў побач, і закрычаў: «Выйдзіце ўсе адсюль!» І нікога не было з ім, калі ён выявіў сябе братам сваім.
2 І ўзнёс ён голас з плачам, які чулі егіпцяне ды ўвесь дом фараона.
3 І сказаў Язэп братам сваім: «Я — Язэп! Ці жыве яшчэ бацька мой?» І не маглі адказаць яму браты, ахопленыя вялікім страхам.
4 Ён жа сказаў ім ласкава: «Падыдзіце да мяне!» І, калі падышлі блізка, сказаў: «Я — Язэп, брат ваш, якога прадалі вы ў Егіпет.
5 Не шкадуйце, і хай не здаецца ганебным, што мяне прадалі ў гэтую мясцовасць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамі ў Егіпет.
6 Два гады, як пачаўся голад на зямлі, а яшчэ застаецца пяць гадоў, у якіх нельга будзе ані араць, ані жаць.
7 Раней паслаў мяне Бог, каб былі вы захаваныя на зямлі і каб выратаваць жыццё вашае збаўленнем вялікім.
8 Не па вашым рашэнні, але па волі Божай пасланы я сюды Тым, Хто зрабіў мяне, як бы бацькам фараона і гаспадаром усяго дому яго, і князем на ўсёй зямлі Егіпецкай.
9 Спяшайцеся і ідзіце да бацькі майго, і скажыце яму: “Гэта загадвае сын твой Язэп: “Бог учыніў мяне гаспадаром усёй зямлі Егіпецкай. Прыходзь да мяне, не марудзь.
10 І будзеш жыць у зямлі Гашэн. Будзеш блізка да мяне ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, авечкі твае і статак твой, і ўсё, што маеш.
11 Там буду цябе карміць, бо застаецца яшчэ пяць гадоў голаду, каб не прапаў і ты, і дом твой ды ўсё, што маеш”.
12 Вось жа вочы вашыя і вочы брата майго Бэньяміна бачаць, што вусны, якія прамаўляюць да вас, — мае.
13 Раскажыце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Егіпце і пра ўсё, што вы бачылі. Спяшайцеся і прывядзіце яго да мяне».
14 І кінуўся ён на шыю брату свайму Бэньяміну, і абняў яго, і заплакаў, а ён таксама плакаў на яго шыі.
15 І цалаваў Язэп усіх братоў сваіх, і плакаў над кожным. Тады толькі адважыліся яны гаварыць да яго.
16 І разышлася добрая чутка ў палацы фараона: «Прыбылі браты Язэпа». І радаваўся фараон і ўся яго сям’я.
17 І сказаў ён Язэпу: «Загадай братам сваім, кажучы: “Наўючце жывёлу вашу і ідзіце ў зямлю Ханаан,
18 і вазьміце адтуль бацьку вашага і радню, і прыходзьце да мяне, і я дам вам усё дабро Егіпта, каб спажывалі вы лепшае ад зямлі”.
19 Загадай таксама: “Вазьміце вазы з зямлі Егіпецкай для перавозкі дзяцей вашых і жонак. І вазьміце бацьку вашага і спяшайцеся як найхутчэй прыбыць.
20 Не турбуйцеся з-за маёмасці вашай, бо ўсе багацці Егіпта будуць вашы”».
21 І сыны Ізраэля зрабілі ўсё, што ім было загадана. І даў ім Язэп вазы па загадзе фараона і харчы, патрэбныя ў дарозе.
22 Таксама загадаў ён прынесці для кожнага з іх вопратку на змену, Бэньяміну ж даў трыста срэбранікаў і пяць пар
23 вопраткі на змену. А свайму бацьку таксама паслаў дзесяць аслоў, якія мелі даставіць усялякія багацці Егіпта, ды столькі ж асліц, што неслі пшаніцу, і хлеб, і харчы на дарогу.
24 І адпусціў братоў сваіх, і сказаў, калі яны выпраўляліся: «Не сварыцеся ў дарозе!»
25 І яны, выбраўшыся з Егіпта, прыбылі ў зямлю Ханаан да бацькі свайго Якуба,
26 і паведамілі яму, кажучы: «Язэп жывы, і ён валадарыць над усёй Егіпецкай зямлёю!» Але сэрца яго засталося халодным, бо ён не верыў ім.
27 Тады пераказалі ўсе словы, якія сказаў ім Язэп. І калі ўбачыў ён вазы і ўсё, што прыслаў Язэп дзеля таго, каб прывезці яго, аджыў дух яго,
28 і ён сказаў: «Хопіць мне, калі яшчэ жыве Язэп, сын мой. Пайду і пабачу яго, перш чым памру».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Роду, 45 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.