Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Быцьцё, 45 Быцьцё, 45 глава

1 І ня мог Язэп больш вытрываць пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: «Вывядзіце ўсіх людзей ад мяне!» І не застаўся ніхто пры ім, калі Язэп адкрыўся братам сваім.
2 І голасна заплакаў [Язэп], і пачулі Эгіпцяне, і пачуў дом фараона.
3 І сказаў Язэп братам сваім: «Я — Язэп! Ці бацька мой яшчэ жывы?» І не маглі браты ягоныя адказаць яму, бо яны трымцелі перад абліччам ягоным.
4 І сказаў Язэп братам сваім: «Наблізьцеся, калі ласка, да мяне». Яны наблізіліся. І ён сказаў: «Я — Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Эгіпет.
5 Але цяпер не сумуйце, і няхай ня будзе жалю ў вачах вашых, што вы прадалі мяне сюды, бо дзеля захаваньня жыцьця паслаў мяне Бог перад вамі.
6 Бо вось, два гады голаду на зямлі, і яшчэ пяць гадоў, у якія нельга будзе ані араць, ані жаць.
7 І паслаў мяне Бог перад вамі, каб пакінуць з вас рэшту на зямлі і захаваць жыцьцё вашае збаўленьнем вялікім.
8 І цяпер ня вы паслалі мяне сюды, але Бог, і Ён паставіў мяне як бацьку фараону і як пана ў-ва ўсім доме ягоным, і я кірую ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
9 Пасьпяшайцеся, і ўзыйдзіце да бацькі майго, і скажыце яму: “Гэтак сказаў сын твой, Язэп: "Бог паставіў мяне панам над усім Эгіптам. Прыйдзі да мяне, не марудзь.
10 І будзеш жыць у зямлі Гашэн; і будзеш блізка каля мяне ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і авечкі твае, і валы твае, і ўсё, што тваё.
11 І я буду карміць цябе там, бо яшчэ пяць гадоў голаду, каб не згалеў ты, і дом твой, і ўсё, што тваё"”.
12 І вось, бачаць вочы вашыя, і вочы брата майго Бэн’яміна, што вусны мае прамаўляюць да вас.
13 І распавядзіце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Эгіпце і пра ўсё, што вы бачылі; і пасьпяшайцеся, і прывядзіце бацьку майго сюды».
14 І ўпаў ён на шыю Бэн’яміну, брату свайму, і плакаў; і Бэн’ямін плакаў на шыі ягонай.
15 І цалаваў ён усіх братоў сваіх, і плакаў над імі. І потым размаўлялі з ім браты ягоныя.
16 І пачулі вестку ў доме фараона, якая казала: «Прыйшлі браты Язэпа». І добра гэта было ў вачах фараона і ў вачах слугаў ягоных.
17 І сказаў фараон Язэпу: «Скажы братам сваім: “Зрабіце гэтак: абладуйце [збожжам] жывёлу сваю, і ідзіце, і прыйдзіце ў зямлю Ханаан,
18 і вазьміце бацьку свайго, і сем’і свае, і прыйдзіце да мяне; і я дам вам добрую зямлю Эгіпту, і вы будзеце есьці тлустасьць зямлі гэтай”.
19 А ты загадаеш: “Зрабіце гэтак: вазьміце сабе з зямлі Эгіпецкай вазы для дзяцей вашых і жонак вашых, і вазьміце бацьку вашага, і прыходзьце.
20 І вочы вашыя няхай не шкадуюць прыладаў вашых, бо даброцьці ўсёй зямлі Эгіпецкай — для вас”».
21 І зрабілі так сыны Ізраіля. І даў ім Язэп вазы паводле загаду фараона, і даў ім пасілкі ў дарогу.
22 І ўсім, кожнаму з іх, ён даў зьмену адзеньня, а Бэн’яміну даў трыста срэбнікаў і пяць зьменаў адзеньня.
23 А для бацькі свайго паслаў дзесяць аслоў, абладаваных даброцьцямі з Эгіпту, і дзесяць асьліцаў, абладаваных збожжам і хлебам, і ежаю для бацькі свайго на дарогу.
24 І адаслаў ён братоў сваіх, і яны пайшлі. І сказаў ім: «Не сварыцеся ў дарозе».
25 І ўзыйшлі яны з Эгіпту, і прыйшлі ў зямлю Ханаан да Якуба, бацькі свайго.
26 І паведамілі яму, кажучы: «Яшчэ жывы Язэп, і ён кіруе ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай». І не ўзварухнулася сэрца ягонае, бо ён не паверыў ім.
27 І прамовілі яму ўсе словы Язэпа, якія ён прамовіў ім, і ўбачыў ён вазы, якія прыслаў Язэп, каб прывезьці яго, і ажыў дух Якуба, бацькі іхняга.
28 І сказаў Ізраіль: «Досыць! Яшчэ жыве Язэп, сын мой! Пайду і ўбачу яго, перш, чым памру».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 45 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.