Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Быцьцё 41 Быцьцё 41 раздзел

1 І сталася, што мінула два гады часу, і сьніў фараон, і вось, ён стаіць каля ракі.
2 І вось, з ракі выходзяць сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам; і пасьвіліся на поплаве.
3 І вось, сем іншых кароваў выходзяць за імі з ракі, брыдкіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароваў на беразе ракі.
4 І пажэрлі каровы брыдкія з выгляду і худыя целам сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых. І прачнуўся фараон.
5 І ён заснуў, і сьніў другі раз, і вось, сем каласоў вырасьлі на адной сьцябліне, здаровых і добрых.
6 І вось, сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам вырастаюць пасьля іх.
7 І праглынулі каласы пустыя сем каласоў здаровых і поўных. І прачнуўся фараон, і вось, [гэта] сон.
8 І сталася раніцаю, што быў устрывожаны дух ягоны, і ён паслаў, і паклікаў усіх варажбітоў Эгіпту і ўсіх мудрацоў яго, і распавёў ім фараон сон свой; і не было [нікога], хто б патлумачыў яго фараону.
9 І прамовіў начальнік чашнікаў фараону, кажучы: «Грахі мае ўзгадваю я сёньня.
10 Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд у дом начальніка варты, мяне і начальніка пекараў.
11 І мы сьнілі сон у адну ноч, я і ён, кожны са значэньнем сон свой мы сьнілі.
12 І быў там з намі юнак Гебрай, нявольнік начальніка варты. І мы распавялі яму, і ён патлумачыў нам сны нашыя, кожнаму сон ягоны патлумачыў.
13 І сталася, што як ён патлумачыў нам, так і адбылося: мяне вярнулі на становішча маё, а таго павесілі».
14 І паслаў фараон, і паклікаў Язэпа; і хутка вывялі яго з лёху. І ён пагаліўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і прыйшоў да фараона.
15 І сказаў фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б патлумачыў яго. І я чуў, што пра цябе кажуць, што ты, выслухаўшы сон, тлумачыш яго».
16 І адказаў Язэп фараону, кажучы: «Ня я, але Бог можа казаць на супакой фараону».
17 І сказаў фараон Язэпу: «У сьне маім, вось, стаю я на беразе ракі.
18 І вось, з ракі выходзяць сем кароваў сытых целам і прыгожых з выгляду, і пасьвіліся яны на поплаве.
19 І вось, сем кароваў іншых выходзяць пасьля іх, някшталтныя, вельмі брыдкія з выгляду і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдкасьці, у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
20 І пажэрлі каровы худыя і брыдкія першых сем кароваў сытых.
21 І ўвайшлі яны ў чэравы іхныя, і не было пазнаць, што яны ўвайшлі ў чэравы іхныя, і выгляд іхні быў паганы, як і спачатку. І я прачнуўся.
22 І ўбачыў я ў сьне, і вось, сем каласоў вырастаюць на адной сьцябліне, поўных і добрых.
23 І вось, сем каласоў ценькіх, пустых і высушаных усходнім ветрам растуць пасьля іх.
24 І праглынулі каласы пустыя сем каласоў добрых. Я расказаў гэта варажбітам, але няма [нікога, хто б] патлумачыў [гэта] мне».
25 І сказаў Язэп фараону: «Сон фараона — адзін ён. Што Бог зробіць, Ён паведаміў фараону.
26 Сем кароваў добрых — гэта сем гадоў; і сем тых каласоў добрых — гэта сем гадоў. Гэта сон адзін.
27 І сем кароваў худых і брыдкіх, якія выйшлі пасьля іх — гэта сем гадоў; і сем каласоў пустых, высушаных усходнім ветрам — гэта будзе сем гадоў голаду.
28 Гэта слова, якое я прамовіў да фараона. Што Бог зробіць, Ён паказаў фараону.
29 Вось, прыйдзе сем гадоў вялікага дабрабыту ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
30 І настануць пасьля іх сем гадоў голаду; і забудзецца ўвесь той дабрабыт у зямлі Эгіпецкай, і вынішчыць голад гэтую зямлю.
31 І ня будзе відно дабрабыту ў зямлі з прычыны голаду, які будзе пасьля, бо будзе ён вельмі цяжкі.
32 А тое, што паўтарыўся гэты сон фараону двойчы, [азначае], што вызначана гэта справа ў Бога і неўзабаве Бог зьдзейсьніць гэта.
33 І цяпер няхай прыгледзіць фараон мужа кемлівага і мудрага, і няхай паставіць яго над зямлёю Эгіпецкай.
34 Няхай [так] зробіць фараон, і прызначыць наглядчыкаў над краем, і зьбірае пятую частку [ўраджаю] з зямлі Эгіпецкай у сем гадоў дабрабыту.
35 І зьбяруць усякае харчаваньне падчас гэтых добрых гадоў, якія надыйдуць, і няхай зьбіраюць збожжа пад руку фараона на харчаваньне ў гарадах, і няхай захоўваюць.
36 І будзе гэтае харчаваньне на запас зямлі на сем гадоў голаду».
37 І добрае было гэтае слова ў вачах фараона і ў вачах усіх слугаў ягоных.
38 І сказаў фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі чалавек, як гэты, які мае ў сабе Духа Божага?»
39 І сказаў фараон Язэпу: «Пасьля таго, як Бог паведаміў табе ўсё гэта, няма нікога такога кемлівага і мудрага, як ты.
40 Ты будзеш над домам маім, і вуснаў тваіх будзе слухацца ўвесь народ мой; толькі пасадам я буду перавышаць цябе».
41 І сказаў фараон Язэпу: «Глядзі, я паставіў цябе над усёй зямлёю Эгіпецкай».
42 І зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі сваёй, і даў яго на руку Язэпу; і апрануў яго ў адзеньне з вісону, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную;
43 і загадаў вазіць яго на другой калясьніцы сваёй, і крычалі перад ім: «Кланяйцеся!» І паставіў яго над усёй зямлёю Эгіпецкай.
44 І сказаў фараон Язэпу: «Я — фараон, але без цябе ніхто не падыме рукі сваёй і нагі сваёй у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай».
45 І назваў фараон імя Язэпава Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Аснат, дачку Паты-Пэра, сьвятара з Ону. І ўзьняўся Язэп над зямлёю Эгіпецкаю.
46 Язэпу было трыццаць гадоў, калі ён стаў перад фараонам, валадаром Эгіпту. І выйшаў Язэп ад аблічча фараона, і прайшоў па ўсёй зямлі Эгіпецкай.
47 І выдала зямля ў сем гадоў дабрабыту поўныя жмені [збожжа].
48 І зьбіраў ён усякае харчаваньне тых сямі гадоў, якія былі ў зямлі Эгіпецкай, і разьмясьціў харчаваньне ў гарадах; харчаваньне з вакалічных палёў гораду ён складаў у [кожным з] іх.
49 І назьбіраў Язэп збожжа, як пяску марскога, так шмат, ажно перасталі лічыць, бо не было [яму] ліку.
50 І ў Язэпа нарадзіліся два сыны перш, чым прыйшоў год голаду, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону.
51 І назваў Язэп імя першароднага Манаса, бо [казаў:] «Даў мне Бог забыцца ўсе цяжкасьці мае і ўвесь дом бацькі майго».
52 А імя другога назваў Эфраім, бо казаў: «Распладзіў мяне Бог у зямлі нядолі маёй».
53 І мінулі сем гадоў дабрабыту, які быў у зямлі Эгіпецкай.
54 І пачалі прыходзіць сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. І быў голад у-ва ўсіх краінах, але ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай быў хлеб.
55 І галадавала ўся зямля Эгіпецкая, і крычаў народ да фараона пра хлеб, і сказаў фараон усім Эгіпцянам: «Ідзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа».
56 І быў голад на ўсім абліччы зямлі, і адчыніў Язэп усе [гумны], якія былі ў іх, і прадаваў Эгіпцянам. І павялічваўся голад у зямлі Эгіпецкай.
57 І з усёй зямлі прыходзілі ў Эгіпет купляць у Язэпа, бо павялічваўся голад па ўсёй зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Быцьцё, 41 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.