Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Быцьцё 22 Быцьцё 22 раздзел

1 І сталася пасьля гэтых падзеяў, і Бог выспрабоўваў Абрагама, і сказаў яму: «Абрагаме!» І ён сказаў: «Вось я!»
2 І сказаў [Бог]: «Вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя, і там складзі яго ў ахвяру цэласпаленьня на адной гары, пра якую Я скажу табе».
3 І ўстаў Абрагам рана раніцаю, і асядлаў асла свайго, узяў двух юнакоў сваіх з сабою і Ісаака, сына свайго, і насек дроваў на цэласпаленьне, і ўстаў, і пайшоў на месца, пра якое сказаў яму Бог.
4 На трэці дзень узьняў Абрагам вочы свае і ўбачыў тое месца здалёк.
5 І сказаў Абрагам юнакам сваім: «Застаньцеся тут з аслом, а мы з хлопцам пойдзем аж туды, і паклонімся, і вернемся да вас».
6 І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленьне, і ўзлажыў на Ісаака, сына свайго; і ўзяў у рукі агонь і вялікі нож, і пайшлі абодва разам.
7 І сказаў Ісаак Абрагаму, бацьку свайму: «Ойча мой!» Той сказаў: «Вось я, сыне мой». Ён сказаў: «Вось агонь і дровы, а дзе ягня на цэласпаленьне?»
8 І сказаў Абрагам: «Бог угледзіць Сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой». І ішлі абодва разам.
9 І прыйшлі на месца, пра якое казаў яму Бог; і збудаваў там Абрагам ахвярнік, і разлажыў дровы, і зьвязаў Ісаака, сына свайго, і палажыў яго на ахвярнік зьверху на дровы.
10 І выцягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў вялікі нож, каб закалоць сына свайго.
11 І паклікаў яго анёл ГОСПАДА з неба, і сказаў: «Абрагаме! Абрагаме!» Той сказаў: «Вось я!»
12 І сказаў [Госпад]: «Не выцягвай рукі сваёй на хлопца і не рабі яму нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў дзеля Мяне сына твайго, адзінага твайго».
13 І ўзьняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў, і вось, баран ззаду, увязаны ў хмызах рагамі сваімі. І пайшоў Абрагам, і ўзяў барана, і ахвяраваў яго на цэласпаленьне замест сына свайго.
14 І назваў Абрагам імя месца гэтага: «ГОСПАД угледзіць». Дзеля гэтага і цяпер кажуць: «На гары ГОСПАД дасьць угледзець».
15 І паклікаў анёл ГОСПАДА Абрагама другі раз з неба,
16 і сказаў: «На Сябе Самога прысягаю, кажа ГОСПАД, за тое, што ты гэта зрабіў, і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго,
17 дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу насеньне тваё, як зоркі нябесныя і як пясок на беразе мора; і ўспадкаеміць насеньне тваё брамы ворагаў сваіх.
18 І будуць дабраслаўлёныя ў насеньні тваім усе народы зямлі за тое, што ты паслухаў голасу Майго».
19 І вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і ўсталі, і пайшлі разам да Бээр-Шэвы. І жыў Абрагам у Бээр-Шэве.
20 І сталася пасьля гэтых падзеяў, паведамілі Абрагаму, кажучы: «Вось, нарадзіла таксама Мілька сыноў Нахору, брату твайму:
21 Уца, першароднага ягонага, і Буза, брата ягонага, і Кемуэля, бацьку Арама,
22 і Кесэда, і Хазо, і Пільдаша, і Ідлафа, і Бэтуэля».
23 А Бэтуэль нарадзіў Рэбэку. Васьмёх гэтых нарадзіла Мілька Нахору, брату Абрагама.
24 І наложніца ягоная, імя якой Рэўма, нарадзіла таксама Тэваха, і Гахама, і Тахаша, і Маху.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Быцьцё, 22 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.