Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Быцьцё, 26 Быцьцё, 26 глава

1 І быў голад у зямлі той, ня лічачы першага голаду, які быў у дні Абрагама. І пайшоў Ісаак да Абімэлеха, валадара Філістынскага, у Герар.
2 І зьявіўся яму ГОСПАД, і сказаў: «Не зыходзь у Эгіпет; жыві ў зямлі, пра якую скажу табе.
3 Жыві ў зямлі гэтай; і Я буду з табою, і дабраслаўлю цябе, бо табе і насеньню твайму Я дам усе краіны гэтыя, і споўню прысягу, якой Я прысягаў Абрагаму, бацьку твайму.
4 І памножу насеньне тваё, як зоркі ў небе, і дам насеньню твайму ўсе краіны гэтыя; і дабраславяцца ў насеньні тваім усе народы зямлі,
5 таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і захоўваў загады Мае, прыказаньні Мае, пастановы Мае і законы Мае».
6 І пасяліўся Ісаак у Герары.
7 І пыталіся людзі месца таго пра жонку ягоную, і ён сказаў: «Яна — сястра мая», бо баяўся сказаць: «Жонка мая», каб не забілі яго людзі месца таго за Рэбэку, бо яна была прыгожая з выгляду.
8 І сталася, калі доўгія былі там дні ягоныя, глянуў Абімэлех, валадар Філістынскі, праз вакно, і ўбачыў, а вось, Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.
9 І паклікаў Абімэлех Ісаака, і сказаў: «Дык яна — жонка твая! А чаму ж ты казаў: “Яна — сястра мая”?» І сказаў яму Ісаак: «Бо я сказаў: “Каб я не памёр праз яе”».
10 І сказаў Абімэлех: «Што гэта ты нарабіў нам? Яшчэ б трохі, і мог бы легчы нехта з народу з жонкаю тваёю, і ты прывёў бы на нас віну».
11 І загадаў Абімэлех усяму народу, кажучы: «Хто дакранецца да гэтага чалавека і да жонкі ягонай, той сьмерцю памрэ».
12 І сеяў Ісаак у зямлі той, і сабраў у той год стакротны ўраджай, і дабраславіў яго ГОСПАД.
13 І ставаўся вялікім муж гэты, і ішоў угору, і павялічыўся так, што стаў вельмі вялікі.
14 І былі ў яго статкі авечак, і статкі валоў, і мноства слугаў, і зайздросьцілі яму Філістынцы.
15 І ўсе студні, якія выкапалі слугі бацькі ягонага ў дні Абрагама, бацькі ягонага, засыпалі Філістынцы і запоўнілі пяском.
16 І сказаў Абімэлех Ісааку: «Адыйдзі ад нас, бо ты стаўся шмат дужэйшы за нас».
17 І адыйшоў адтуль Ісаак, і паставіў [намёты] каля ручая Герарскага, і жыў там.
18 І вярнуўся Ісаак, і адкапаў студні вады, якія былі выкапаныя ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія засыпалі Філістынцы пасьля сьмерці Абрагама, і назваў іх тымі самымі назвамі, якімі назваў іх бацька ягоны.
19 І капалі слугі Ісаака каля ручая, і знайшлі там студню вады жывой.
20 І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаака, кажучы: «Гэта наша вада», і ён назваў імя студні Эсэк, бо вадзіліся з ім.
21 І выкапалі другую студню; і спрачаліся таксама за яе; і ён назваў яе імя Сітна.
22 І выбраўся адтуль, і выкапаў іншую студню, і не спрачаліся за яе; і назваў яе імя Рэхавот, і сказаў: «Бо цяпер пашырыў нас ГОСПАД, і мы будзем памнажацца ў гэтай зямлі».
23 Адтуль узыйшоў ён у Бээр-Шэву.
24 І зьявіўся яму ГОСПАД у тую ноч, і сказаў: «Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табою; і дабраслаўлю цябе, і памножу насеньне тваё дзеля Абрагама, слугі Майго».
25 І ён збудаваў там ахвярнік, і клікаў імя ГОСПАДА. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там слугі Ісаака студню.
26 І Абімэлех прыйшоў да яго з Герару, і Ахузат, сябра ягоны, і Піколь, гетман ягоны.
27 І сказаў ім Ісаак: «Чаму вы прыйшлі да мяне? Вы ж зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе».
28 І яны сказалі: «Мы, гледзячы, убачылі, што ГОСПАД з табою, і мы сказалі: “Няхай будзе прысяга паміж намі, паміж намі і табою, і мы заключым запавет з табою,
29 і ты ня будзеш рабіць нам ліха, як і мы не дакрануліся цябе, і як мы рабілі табе адно дабро і адпусьцілі цябе ў супакоі, і ты цяпер дабраслаўлёны ГОСПАДАМ”».
30 І ён зрабіў для іх гасьціну, і яны елі і пілі.
31 І ўсталі раніцаю, і прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго ў супакоі.
32 І сталася ў той дзень, прыйшлі слугі Ісаака, і паведамілі яму пра студню, якую яны выкапалі, і сказалі яму: «Мы знайшлі ваду!»
33 І ён назваў яе Шыва. Дзеля гэтага імя гораду таго Бээр-Шэва аж да сёньняшняга дня.
34 І сталася, што меў Эзаў сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Юдыту, дачку Бээры Хета, і Басэмат, дачку Элёна Хета,
35 і былі яны горыччу для духа Ісаака і Рэбэкі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 26 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.