Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Быцьцё, 42 Быцьцё, 42 глава

1 І ўбачыў Якуб, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, і сказаў Якуб сынам сваім: «Што вы паглядаеце [адзін на аднаго]?»
2 І сказаў: «Вось, я чуў, што ёсьць збожжа ў Эгіпце. Зыйдзіце туды і купіце для нас там, і будзем жыць, і не памром».
3 І зыйшлі дзесяць братоў Язэпавых купіць збожжа ў Эгіпце.
4 А Бэн’яміна, брата Язэпа, не паслаў Якуб з братамі ягонымі, бо сказаў: «Каб не здарылася з ім няшчасьце».
5 І прыйшлі сыны Ізраіля купляць збожжа разам з тымі, што прыйшлі [туды], бо быў голад у зямлі Ханаан.
6 А Язэп кіраваў у той зямлі, ён продаў збожжа ўсім людзям зямлі. І прыйшлі браты Язэпа, і пакланіліся яму тварам да зямлі.
7 І ўбачыў Язэп братоў сваіх, і пазнаў іх, і ўдаваў, што ён чужы ім, і размаўляў з імі сувора, і сказаў ім: «Адкуль вы прыйшлі?» І яны сказалі: «З зямлі Ханаан, каб купіць харчоў».
8 І пазнаў Язэп братоў сваіх, а яны не пазналі яго.
9 І ўзгадаў Язэп сны, якія ён сьніў пра іх, і сказаў ім: «Шпегі вы, вы прыйшлі, каб агледзець голасьць зямлі гэтай».
10 І сказалі яны яму: «Не, пане. Слугі твае прыйшлі купіць харчаваньне.
11 Усе мы — сыны аднаго чалавека, шчырыя мы. Не былі слугі твае шпегамі».
12 Але ён сказаў ім: «Не, бо вы прыйшлі агледзець голасьць зямлі гэтай».
13 А яны сказалі: «Дванаццаць слугаў тваіх, браты [мы]. Мы — сыны аднаго чалавека ў зямлі Ханаан, і вось, наймалодшы сёньня з бацькам нашым, а аднаго няма».
14 І сказаў ім Язэп: «Гэта я сказаў вам, кажучы: “Вы — шпегі”.
15 Таму будзеце выспрабаваныя. Няхай жыве фараон! Вы ня выйдзеце адгэтуль, пакуль ня прыйдзе сюды наймалодшы брат ваш.
16 Пашліце аднаго з вас, і няхай ён возьме брата вашага; а вы будзеце ўвязьненыя. І выспрабуюцца словы вашыя, ці праўда ваша. А калі не, няхай жыве фараон! Вы — шпегі».
17 І ўзяў іх пад варту на тры дні.
18 І сказаў ім Язэп на трэці дзень: «Гэта зрабіце, і будзеце жывыя. Бо я баюся Бога.
19 Калі вы — шчырыя, адзін брат ваш застанецца ўвязьнены ў доме, у якім вы пад вартаю, а вы ідзіце, занясіце збожжа дзеля [заспакаеньня] голаду дамоў вашых.
20 І брата вашага малодшага прывядзіце да мяне, і спраўдзяцца словы вашыя, і вы не памраце». І яны зрабілі так.
21 І казалі яны кожны брату свайму: «Сапраўды, мы вінаватыя адносна брата нашага, што мы бачылі гора душы ягонай, як ён маліў нас, але мы не паслухалі, і за тое прыйшла на нас бяда гэтая».
22 І адказаў ім Рубэн, кажучы: «Ці не казаў я вам, кажучы: “Не грашыце супраць хлопца”, а вы не паслухалі; і вось, за кроў ягоную помсьціцца».
23 І яны ня ведалі, што Язэп разумее, бо паміж імі быў перакладчык.
24 І [Язэп] адвярнуўся ад іх, і плакаў. І павярнуўся да іх, і размаўляў з імі, і ўзяў з іх Сымона, і зьвязаў яго перад вачыма іхнімі.
25 І загадаў Язэп, каб напоўнілі мяхі іхнія збожжам, і вярнулі срэбра іхняе кожнаму ў мех ягоны, і далі ім ежу на дарогу. І зрабілі ім гэтак.
26 І яны ўсклалі збожжа сваё на аслоў сваіх, і пайшлі адтуль.
27 І разьвязаў адзін [з іх] мех свой, каб пакарміць асла свайго на папасе; і ўбачыў срэбра сваё, і вось, яно ў адтуліне мяха ягонага.
28 І сказаў ён братам сваім: «Вярнулі срэбра маё, і вось, яно ў мяху маім». І ўстрывожылася сэрца іхняе, і яны задрыжэлі, кажучы адзін аднаму: «Што гэта зрабіў нам Бог?»
29 І прыйшлі яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і распавялі яму ўсё, што здарылася з імі, кажучы:
30 «Гаварыў гэты чалавек, пан зямлі той, з намі сувора, і меў нас за шпегаў у зямлі той.
31 І сказалі мы яму: “Шчырыя мы, мы не былі шпегамі.
32 Нас дванаццаць братоў, сыны бацькі нашага; аднаго няма, а малодшы сёньня з бацькам нашым у зямлі Ханаан”.
33 І сказаў гэты чалавек, пан зямлі той: “З гэтага я даведаюся, што вы шчырыя: аднаго брата вашага пакіньце ў мяне, а вы вазьміце збожжа дзеля [заспакаеньня] голаду дамоў вашых і ідзіце.
34 І прывядзіце да мяне малодшага брата вашага; і я даведаюся, што вы ня шпегі, але шчырыя вы. Брата вашага аддам вам, і вы будзеце падарожнічаць у зямлі гэтай”».
35 І сталася, калі яны высыпалі мяхі свае, вось, у кожнага капшук са срэбрам ягоным у мяху ягоным. І ўбачылі яны капшукі са срэбрам сваім, яны і бацька іхні, і спалохаліся.
36 І сказаў ім Якуб, бацька іхні: «Вы пазбавілі мяне дзяцей. Язэпа няма; і Сымона няма, і Бэн’яміна [хочаце] ўзяць. Усё гэта [гора] на мяне прыйшло!»
37 І сказаў Рубэн бацьку свайму: «Забі двух сыноў маіх, калі я не прывяду яго да цябе. Аддай яго ў рукі мае, і я вярну яго табе».
38 А ён сказаў: «Ня зыйдзе сын мой з вамі; бо брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся! Калі здарыцца з ім няшчасьце ў дарозе, у якую вы пойдзеце, вы зьвядзеце сівізну маю са смуткам у апраметную».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 42 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.