1 У той час Юда пакінуў братоў сваіх і накіраваўся да чалавека адаламіта на імя Хіра.
2 І ўбачыў там дачку аднаго хананея на імя Шуа, і, узяўшы яе за жонку, увайшоў да яе.
3 Яна пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Гэр.
4 І зноў яна пачала, і народжанага сына назвала Анан.
5 І трэцяга нарадзіла таксама, і назвала яго Шэла. Яна прабывала ў Кезібе, калі яго нарадзіла.
6 Юда даў свайму першароднаму сыну Гэру жонку на імя Тамар.
7 І першародны сын Юды Гэр быў нягодны ў вачах Госпада, і Ён паслаў на яго смерць.
8 Тады Юда сказаў Анану: «Увайдзі да жонкі брата свайго і жыві з ёй, каб вырасціць брату свайму нашчадкаў».
9 А той, ведаючы, што нашчадкі не будуць яго, уваходзячы да жонкі брата свайго, семя зліваў на зямлю, каб не нарадзіліся нашчадкі з імем брата.
10 Дзеля таго і на яго паслаў Госпад смерць, бо гнюсную справу чыніў ён.
11 З гэтай прычыны Юда сказаў Тамар, нявестцы сваёй: «Будзь удавой у доме бацькі свайго, пакуль не вырасце Шэла, сын мой». Баяўся бо, каб і той не памёр, як браты яго. А яна пайшла і жыла ў доме бацькі свайго.
12 І прайшло многа гадоў, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. Ён па жалобе суцешыўся і выбраўся ў Тамну да стрыгуноў авечак сваіх, ён сам і прыяцель яго Хіра адаламіт.
13 І нехта паведаміў Тамар, што свёкар яе выбіраецца ў Тамну стрыгчы авечак.
14 І яна, скінуўшы шаты ўдоўскія, пакрыла сябе вэлюмам і, змяніўшы выгляд, села ў браме Энайм каля дарогі, якая ідзе ў Тамну. Шэла вырас, а яна не атрымала яго за мужа.
15 І калі ўбачыў яе Юда, ён падумаў, што яна блудніца, бо прыкрыла твар свой.
16 Павярнуўшы да яе на дарозе, ён сказаў: «Хадзем, хачу з табой пагуляць», а не ведаў ён, што гэта яго нявестка. А калі яна запыталася: «Што мне дасі за тое, што са мною пагуляеш?» —
17 ён сказаў: «Пашлю табе казляня са статка». Яна зноў сказала: «А ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш яго?»
18 Юда кажа: «Якую даць табе заруку?» Адказала: «Пячатку тваю, і пасак, і кій, які трымаеш у руцэ». І ён даў ёй, і ад сувязі з ім жанчына пачала.
19 Потым паднялася яна, і пайшла, і, зняўшы вэлюм, апранулася зноў ва ўдоўскія шаты.
20 А Юда паслаў казляня праз сябра свайго адаламіта, каб вярнуў заруку, якую ён даў жанчыне. Той жа, калі не знайшоў яе,
21 распытваўся ў людзей таго месца: «Дзе блудніца, якая сядзела пры дарозе ў Энайм?» А многія адказвалі: «Не было на гэтым месцы блудніцы».
22 Тады той, вярнуўшыся да Юды, сказаў яму: «Не знайшоў яе, і людзі таго месца казалі мне, што там ніколі не сядзела блудніца».
23 І кажа Юда: «Хай сабе мае. Каб толькі з нас не смяяліся. Я паслаў казляня, якое абяцаў, але ты яе не знайшоў».
24 І вось, па трох месяцах паведамілі Юду: «Твая нявестка Тамар аддалася распусце і зацяжарала з распусты». І сказаў Юда: «Прывядзіце яе, каб была спалена».
25 А калі яе выводзілі на пакаранне, яна паслала да свайго свёкра сказаць яму: «Я пачала ад таго мужчыны, якога гэтыя рэчы. Пазнавай, чыя пячатка, пасак і кій».
26 І ён, пазнаўшы заруку, сказаў: «Яна справядлівейшая за мяне, бо я не аддаў яе Шэлу, сыну майму!» І болей да яе не ўваходзіў.
27 І калі настаў час нараджаць, выявілася, што мае ва ўлонні двайнятаў. У час родаў адно з дзяцей высунула ручку, на якую павітуха завязала чырвоную стужку, кажучы:
28 «Гэты выйшаў першы».
29 Але яно ўцягнула ручку, і выйшаў брат яго. І сказала жанчына: «Як ты зламаў сабе перагароду?» І з той прычыны было дадзена імя яму Пэрэсa.
30 А па ім выйшаў брат яго, у якога на руцэ была стужка; і ён названы Зараb.

Зноскі:

29 a: «Разлом».
30 b: «Узыход сонца».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Роду, 38 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.