1 І сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям’ёй тваёй у арку; бо ўбачыў Я, што ты справядлівы ў гэтым пакаленні перада Мною.
2 З усіх звяроў чыстых вазьмі сем на сем — самцоў і самак, са звяроў нячыстых — два на два: самцоў і самак;
3 таксама з птушак паднебных — па сем самцоў і па сем самак, каб зберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.
4 Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю працягам сорак дзён і сорак начэй і знішчу ўсё існае, усё, што Я стварыў, з паверхні зямлі».
5 І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.
6 Ной меў шэсцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.
7 Дык увайшоў Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх у арку, каб ухавацца ад водаў патопу.
8 Са звяроў чыстых і нячыстых, і з птушак, і з усяго, што рухаецца па зямлі,
9 па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў арку, так, як яму Бог загадаў.
10 Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.
11 У шасцісотым годзе жыцця Ноя, у другім месяцы, семнаццатага дня месяца, прарваліся ўсе крыніцы вялікага бяздоння і вокны нябесныя адчыніліся,
12 і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.
13 У той вось дзень Ной і яго сыны Сэм, Хам і Яфэт, жонка яго і тры жонкі сыноў яго разам з імі ўвайшлі ў арку.
14 Яны, а таксама кожны звер паводле роду свайго, і ўся жывёла ў родзе сваім, і кожны паўзун, які рухаецца па зямлі ў родзе сваім, і сукупнасць летуноў паводле роду іх, усе птушкі і ўсе крылатыя
15 ўвайшлі па пары з кожнага цела, у якім быў дух жыцця, у арку да Ноя.
16 І яны ўвайшлі ў арку, самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў яму; і Госпад зачыніў арку звонку.
17 А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і памножыліся воды, і паднялі арку высока над зямлёю.
18 Надзвычайна разліліся яны і пакрылі ўсё на паверхні зямлі; а арка плавала па водах.
19 І падняліся воды высока над зямлёю, так што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.
20 Вада была на пятнаццаць локцяў вышэй за горы, якія яна пакрыла.
21 Загінула кожнае цела, якое рухалася па зямлі: кожная з птушак, жывёл, звяроў і ўсіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі.
22 Усё тое, у чым подых духа на зямлі, памерла.
23 І знішчыў Ён усё існае, што было на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і аж да птушак паднебных; усё было вынішчана з зямлі. Застаўся толькі Ной і якія былі з ім у арцы.
24 А воды ахлыналі зямлю сто пяцьдзесят дзён.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Роду, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.