1 Адам пазнаў Еву, жонку сваю, і яна зацяжарыла, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Адзяржала я чалавека — СПАДАРА».
2 Адлі радзіла брата ягонага Авеля. І быў Авель пастух авец, а Каін рабіў зямлю.
3 Пад канец дзён Каін прынёс із пладоў зямлі дар СПАДАРУ.
4 І Авель прынёс, таксама ён, зь першародных авец, з упашчаных іх. І прыхінуўся СПАДАР да Авеля і да дару ягонага;
5 А да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. І вельмі зьнемарасьціўся Каін, і апусьціўся від ягоны.
6 І сказаў СПАДАР Каіну: «Чаму ты зьнемарасьціўся і чаму апусьціў від свой?
7 Калі чыніш добра, ці не падыймаеш віду? А калі ня чыніш добра, то ў дзьвярох грэх ляжыць, яго цягне да цябе, але ты пануй над ім».
8 І казаў Каін Авелю, брату свайму. І як яны былі на полю, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго.
9 І сказаў СПАДАР Каіну: «Ідзе Авель, брат твой?» Ён адказаў: «Ня ведаю, ціж я вартаўнік брата свайго?»
10 І сказаў: «Што ты зрабіў? голас крыві брата твайго гукае да Мяне ізь зямлі.
11 Дык цяпер пракляты ты ад зямлі, каторая адчыніла рот свой прыняць кроў брата твайго з рукі твае.
12 Як ты будзеш рабіць зямлю, яна ня будзе далей даваць сілы свае табе; ты будзеш выгнаньнікам а валацугаю на зямлі».
13 І сказаў Каін СПАДАРУ: «Большая кара за бяспраўе, чымся можна вытрываць.
14 Вось, выгнаў Ты мяне сядні зь віду зямлі, і ад віду Твайго схаваюся, і буду выгнаньнікам а валацугаю на зямлі; і будзе: кажны, хто знойдзе мяне, заб’ець мяне».
15 І сказаў яму СПАДАР: «За гэта кажнаму, хто заб’ець Каіна, сем разоў памсьціцца». І пазначыў СПАДАР Каіна знакам, каб не забіў яго кажны, хто знойдзе яго.
16 І пайшоў Каін ад віду СПАДАРОВАГА; і асяліўся ў зямлі туляньня, на ўсход ад Едэну.
17 І пазнаў Каін жонку сваю, і яна зацяжарыла і нарадзіла Гэноха. І збудаваў ён места; і назваў места імям сына свайго: Гэнох.
18 У Гэноха нарадзіўся Ірад; Ірад нарадзіў Мегіяеля; Мегіяель нарадзіў Мефусала; Мефусал нарадзіў Ламеха.
19 І ўзяў сабе Ламех дзьве жонкі; імя аднае: Ада, і імя другое: Цыла.
20 І Ада нарадзіла Явала: ён быў ацец жывучых у буданох і меў стады.
21 І імя брата ягонага Ювал: ён быў ацец усіх дзяржачых гарпы а жалейкі.
22 І Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, каторы быў рамесьнік усялякае снадзі зь медзі а зялеза. І сястра Тувалкаінава Ноема.
23 І сказаў Ламех жонкам сваім: «Ада а Цыла! слухайце голасу майго, жонкі Ламехавы! прыслухайцеся да мовы мае; бо я чалавека забіў сабе на рану і дзяцё сабе на шрам.
24 Калі сем разоў памсьціцца за Каіна, дык за Ламеха семдзясят і сем разоў».
25 І пазнаў Адам яшчэ жонку сваю, і яна нарадзіла сына і назвала яго Сыф; бо «Бог прызначыў імне іншае патомства замест Авеля, бо забіў яго Каін».
26 У Сыфа таксама нарадзіўся сын, і ён назваў імя яго: Енос; тады пачалі гукаць у імя СПАДАРОВА.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 4 глава. Пераклад Яна Станкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.