1 І Абрагам быў ужо стары, і прышоў у гады. І СПАДАР дабраславіў Абрагама ў вусім.
2 І сказаў Абрагам слузе свайму, старшаму ў доме сваім, каторы радзіў усе, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сьцягно мае,
3 І я прывяду цябе да прысягі СПАДАРОМ Богам нябёсаў і Богам зямлі, што ты нявозьмеш жонкі сыну майму з дачок Канаанавых, сярод каторых я жыву;
4 Але да зямлі мае і да роднага краю майго пойдзеш і возьмеш жонку сыну майму Ісаку».
5 І сказаў яму слуга: «Можа ня будзе зычыць тая жонка йсьці з імною да гэтае зямлі, ці напэўна маю я зьвярнуць сына твайго да зямлі, з каторае ты вышаў?»
6 І сказаў яму Абрагам: «Сьцеражыся, каб не зьвярнуць сына майго туды.
7 СПАДАР Бог нябёсаў, Каторы ўзяў мяне з дому айца майго і ізь зямлі нараджэньня майго, і Каторы гукаў імне, і Каторы прысягнуў імне, кажучы: "Насеньню твайму дам гэтую зямлю" — Ён пашлець Ангіла Свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму стуль.
8 А калі ня будзе хацець тая жонка йсьці з табою, ты будзеш нявінны ад гэтае прысягі мае; толькі сына майго не зварачай туды».
9 І палажыў слуга руку сваю пад сьцягно Абрагамавае, спадара свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
10 І ўзяў тый слуга дзесяць вярблюдоў спадара свайго, і пайшоў. І ўсялякае дабро спадара ягонага ў руццэ ягонай. Ён устаў і пайшоў да Арам Нагараіму, да места Нагоравага.
11 І прынучыў вярблюды ўклякнуць вонках места, ля студні вады, увечары, таго часу, як выходзяць сіляць.
12 І сказаў: «СПАДАРУ, Божа спадара майго Абрагама! учыні ж, каб сталася імне сядні, і зрабі ласку спадару майму Абрагаму.
13 Во, я стаю ля жарала вады, і дачкі людзёў места выходзяць сіляць ваду;
14 І будзе, што тая дзеўка, каторай я скажу: "Нахіні, калі ласка, жбан свой, я нап’юся" і каторая скажа: "Пі, я й вярблюды твае напаю", вось тая, каторую Ты прызначыў слузе Свайму Ісаку; і па гэтым пазнаю я, што Ты робіш ласку спадару майму».
15 І было, перш чымся скончыў ён гукаць, і вось, Рэвека, каторая нарадзілася Вафуелю, сыну Мілчынаму, жонкі Нагоравае, брата Абрагамавага, і жбан ейны на плячу ў яе.
16 Дзеўка вельмі пазорная ў дзявоцтве, і мужчына не пазнаў яе. Яна зышла да жарала, напоўніла жбан і паднялася.
17 І пабег слуга наўпярэймы ёй, і сказаў: «Дай імне глынуць, калі ласка, крыху вады із жбана свайго».
18 І сказала: «Пі, спадару мой». І пабарзьдзіла, і спусьціла жбан на руку сваю, і дала яму напіцца.
19 І яна скончыла даваць яму піць, і сказала: «Таксама вярблюдом тваім я буду сіляць, пакуль не нап’юцца».
20 І барзьдзіла, і выпаражніла жбан свой у карыта, і пабегла ізноў да студні засіліць, і насіляла ўсім вярблюдом ягоным.
21 Чалавек тый, зумеўшыся зь яе, маўчаў, каб ведаць, ці пашчасьціў СПАДАР дарогу ягоную, ці не.
22 І было, як вярблюды напіліся, і ўзяў чалавек тый уносьніцу залатую паў сыкля вагою і два бружлеты на рукі ейныя, дзесяць сыкляў золата вага іх;
23 І сказаў: «Чыя ты дачка? скажы імне, калі ласка, ці ё ў доме тваім месца нам начаваць?»
24 Яна сказала яму: «Я дачка Вафуелева, сына Мілчынага, каторага яна нарадзіла Нагору».
25 І сказала яму: «І саломы, і пошару шмат у нас, таксама месца начаваць».
26 І сьхінуўся чалавек тый, і пакланіўся СПАДАРУ,
27 І сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Бог спадара майго Абрагама, Каторы не ўдзяржаў ласкі Свае і праўды Свае ад спадара майго! Я ў дарозе, і вёў мяне СПАДАР да дамовы брата спадара майго».
28 І пабегла дзеўка, і расказала ў дому маці свае подле стацьця гэтага.
29 І ў Рэвекі брат, і ягонае імя Лаван. І пабег Лаван вонкі да тога чалавека да тога жарала.
30 І было, як ён абачыў уносьніцу а бружлеты на руках у сястры свае, і пачуў словы Рэвечыны, сястры свае, каторая сказала: «Гэтак гутарыў з імною гэны чалавек»; дык ён прышоў да чалавека, і во ён стаіць пры вярблюдох ля жарала.
31 І сказаў: «Увыйдзі дабраславёны СПАДАРОМ; чаму ты стаіш вонках? Я пачысьціў дом і месца вярблюдом».
32 І ўвыйшоў чалавек у дом. І расьсядлаў вярблюды, і даў саломы а пошару вярблюдом, і вады ўмыць ногі ягоныя і ногі людзём, каторыя зь ім.
33 І станавілі перад ім есьці; а ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу словы свае». І сказаў: «Кажы!»
34 Ён сказаў: «Слуга Абрагамоў я.
35 І СПАДАР дабраславіў спадара майго вельмі, і ён стаў вялікі. Ён даў яму драбнога й буйнога статку, і срэбра а золата, і слугі а нявольніцы, і вярблюды а аслы.
36 І нарадзіла Сорра, жонка спадара майго, сына спадару майму просьле яе застарэласьці, і аддаў яму ўсе, што ў яго.
37 І ўзяў зь мяне прысягу спадар мой, сказаўшы: "Не бяры жонкі сыну майму з дачок Канаанавых, у каторых зямлі я жыву;
38 Але да дому айца майго пайдзі і да радні мае, і возьмеш жонку сыну майму.
39 І сказаў я спадару свайму: "Можа ня пойдзе жонка з імной".
40 І сказаў імне: "СПАДАР, што я хадзіў перад відам Ягоным, пашлець Ангіла Свайго з табою і ўчыне дасьпешнай дарогу тваю, і возьмеш жонку сыну майму з радні мае а з дому айца майго.
41 Тады будзеш ты нявінны ад прысягі мае, як сходзіш да радні мае, і калі яны не дадуць табе, ты будзеш нявінны ад праклёнаў!"
42 І прышоў я сядні да тога жарала, і сказаў: "СПАДАРУ, Божа спадара майго Абрагама! калі ж ё воля Твая, пашчасьці дарогу маю, каторай я хаджу!
43 Дык во, я стаю ля жарала вады, і будзе: тая дзявушчая, каторая выйдзе сіляць, і я скажу ёй: ’Дай імне, калі ласка, выпіць крыху вады із жбана свайго’,
44 І яна скажа імне: ’Таксама ты пі, і таксама вярблюдом я насіляю’ вось яна тая жонка, каторую прызначыў СПАДАР сыну спадара майго".
45 Перш чымся скончыў я гукаць у сэрцу сваім, і во, Рэвека вышла, і жбан ейны на плячу ў яе, і зышла да жарала, і засіліла; і я сказаў ёй: "Дай імне, калі ласка, напіцца!"
46 І пабарзьдзіла, і спусьціла жбан із сябе, і сказала: "Пі, і таксама вярблюды твае я напаю", І я піў, і вярблюды яна напаіла.
47 Я папытаўся ў яе і сказаў: "Чыя ты дачка?" Яна сказала: "Дачка Вафуелева, сына Нагоравага, каторага нарадзіла яму Мілка". І надзеў я ёй уносьніцу ў нос ейны, і бружлеты на рукі ейныя.
48 І сьхінуўся, і пакланіўся СПАДАРУ, і дабраславіў СПАДАРА, Бога спадара майго Абрагама, Каторы прывёў мяне дарогаю праўды, узяць дачку брата спадара майго сыну ягонаму.
49 І калі вы маніцеся ўчыніць ласку а праўду спадару майму, скажыце імне, і калі не, скажыце імне, і я павярну направа альбо налева».
50 І адказалі Лаван а Вафуель, і сказалі: «Ад СПАДАРА вышла гэта справа, мы ня можам казаць табе ані ліхога, ані добрага.
51 Во, Рэвека перад табою, вазьмі й пайдзі; і няхай будзе яна жонкаю сыну спадара твайго, як казаў СПАДАР».
52 І было: як пачуў слуга Абрагамаў словы іхныя, то пакланіўся да зямлі СПАДАРУ.
53 І выняў слуга рэчы срэбныя а рэчы залатыя а адзежу, і даў Рэвеццы; і багатыя дары даў брату ейнаму і маці ейнай.
54 І елі, і пілі, ён а людзі, што зь ім, і пераначавалі. І ўсталі нараніцы, і ён сказаў: «Адпусьціце мяне да спадара майго».
55 І сказаў брат ейны а маці ейная: «Няхай пабудзе з намі дзеўка дзён колькі або дзесяць, потым выправішся».
56 Ён сказаў ім: «Не пазьніце мяне, бо СПАДАР учыніў дасьпешнай дарогу маю; адпусьціце мяне, і я выпраўлюся да спадара свайго».
57 І яны сказалі: «Гукнем дзеўку і папытаемся ў яе».
58 І гукнулі Рэвеку, і сказалі ёй: «Ці пойдзеш із гэтым чалавекам?» Яна сказала: «Пайду!»
59 І адпусьцілі Рэвеку, сястру сваю, і няньку ейную, і слугу Абрагамавага, і людзёў ягоных.
60 І дабраславілі Рэвеку, і сказалі ёй: «Сястра наша, ты станься тысяча тысячаў, і няхай спадуць патомству твайму брамы варагоў тваіх!»
61 І ўстала Рэвека а дзеўкі ейныя, і, усьсеўшы на вярблюды, выправіліся за тым чалавекам. І ўзяў слуга Рэвеку, і пайшоў.
62 А Ісак прышоў стуль, скуль ідуць ад Бэер-Лахай-Роі; і ён жыў у зямлі паўднявой.
63 І вышаў Ісак падумаць на поле пад вечар, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і во, вярблюды прыходзяць.
64 І ўзьняла Рэвека вочы свае, і абачыла Ісака, і ісьсела зь вярблюда.
65 І сказала слузе: «Хто гэты чалавек тый, што йдзець па полю наўпярэймы нам?» І сказаў слуга: «Гэта спадар мой». І яна ўзяла запінашку і запнулася.
66 І расказаў слуга Ісаку ўсе, што ён зрабіў.
67 І ўвёў яе Ісак у будан Соррын, маці свае; і ўзяў Рэвеку, і яна стала яму жонкаю, і ён пакахаў яе; і пацешыўся Ісак па маці сваёй.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 24 глава. Пераклад Яна Станкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.