Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

Быцьцё 25 Быцьцё 25 раздзел

1 І ўзноў узяў Абрагам жонку, а імя яе Кетура.
2 І нарадзіла яна яму Зымрана а Ёкшана а Мудана а Мідзяна а Ішбака а Шуага.
3 А Ёкшан нарадзіў Шэву а Дэдана. Сыны Дэдановы былі: Ашурым а Летушым а Леюмін.
4 І сынове Мідзяновы: Ефа а Ефер а Ганох а Авіда а Елдаа. Усі гэтыя сынове Кетурыны.
5 І аддаў Абрагам усе, што было ў яго, Ісаку.
6 А сыном мамошак, што былі ўв Абрагама, даў Абрагам падаркі, і адаслаў іх ад Ісака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, да зямлі ўсходняе.
7 І во, дні год жыцьця Абрагамавага, каторыя ён пражыў, сто семдзясят пяць год.
8 І сканаў і памер Абрагам у старасьці добрай, стары а насычаны, і быў прылучаны да люду свайго.
9 І пахавалі яго Ісак а Ізмайла, сыны ягоныя, у пячоры Махпеле, на полю Ефронавым, сына Цогаровага, Гэціча, каторае перад Мамрэ.
10 На полю, каторае купіў Абрагам у сыноў Гэтавых. Там пахаваны Абрагам а Сорра, жонка ягоная.
11 І было, па сьмерці Абрагама, і дабраславіў Бог Ісака, сына ягонага. Ісак жыў ля Бэер-Лахай-Роі.
12 Во роды Ізмайлы, сына Абрагамавага, каторага нарадзіла Абрагаму Гаґар Ягіпцянка, нявольніца Соррына;
13 І во ймёны сыноў Ізмайлавых, подле ймёнаў іхных, згодна з родамі іхнымі: пяршак Ізмайлаў Наваёф а Кедар а Адбел а Міўсам
14 А Мішма а Дума а Маеса
15 А Хадад а Фема, Етур Навіш а Кедма.
16 Гэта яны сынове Ізмайлавы, і гэта ймёны іхныя ў сёлах іхных, у буданох іхных, двананцацёх князёў подле плямёнаў іхных.
17 А гэта гады жыцьця Ізмайлавага — сто трыццаць сем год; і сканаў ён, і памер, і быў прылучаны да люду свайго.
18 Яны жылі ад Гавілы да Сура, што перад відам Ягіпту, як прыходзіць да Асыры. Перад відам усіх братоў ягоных выпала дзель ягоная.
19 Во роды Ісаковы, сына Абрагамавага. Абрагам нарадзіў Ісака.
20 І было Ісаку сорак год, як ён узяў Рэвеку, дачку Вафуеля Арамяніна з Падан-Араму, сястру Лавана Арамяніна, сабе за жонку.
21 І маліў Ісак СПАДАРА праз жонку сваю, бо яна была бясплодная; і даўся ўмаліць СПАДАР, і зачала Рэвека, жонка ягоная.
22 І штырхаліся сыны ў нутру ейным, і яна сказала: «Калі так, дык чаму я такая?» І пайшла папытацца ў СПАДАРА.
23 І сказаў СПАДАР ёй: «Два народы ў жываце тваім, і два люды з нутра твайго разлучацца; і адзін люд стане дужшым за другі, і старшы будзе служыць малодшаму».
24 І споўніліся дні ейныя радзіць: і вось, блізьняты ў жываце ейным.
25 І вышаў першы, чырвоны, увесь, як адзежа, касматы; і назвалі імя ягонае: Ісаў.
26 Потым вышаў брат ягоны, і рука ягоная дзяржала пяту Ісававу; і назвалі імя ягонае: Якаў. А Ісаку было шасьцьдзясят год, як яна нарадзіла іх.
27 І вырасьлі хлопчыкі, і быў Ісаў умелы паляўнічы, чалавек поля; а Якаў чалавек рахманы, жывучы ў буданох.
28 І любіў Ісак Ісава, бо дзічына ягоная ў вуснах ягоных; а Рэвека любіла Якава.
29 І зварыў Якаў страву; і Ісаў прышоў з поля, і ён замлелы.
30 І сказаў Ісаў Якаву: «Дай, калі ласка, імне паесьці з чырвонага, чырвонага гэтага, бо замлеў я». Затым далі яму мянушку Едом.
31 І сказаў Якаў: «Прадай ад сядні свае першародзтва імне».
32 І сказаў Ісаў: «Вось, я на сьмяротнай дарозе, і на што гэта імне першародзтва?»
33 І сказаў Якаў: «Прысягні імне цяпер». Ён прысягнуў яму і прадаў першародзтва свае Якаву.
34 І Якаў даў Ісаву хлеба а стравы із сачыўкі; і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Ісаў першародзтвам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Масеява: Быцьцё, 25 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.