1 І як Ісак быў стары, і зацьмелі вочы ягоныя, так што ён ня мог бачыць, і гукнуў Ісава, сына свайго вялікага, і сказаў яму: «Сыну мой». Тый сказаў яму: «Во я».
2 І ён сказаў: «Вось жа, я застарэўся: ня ведаю дня сьмерці свае;
3 І цяпер падыймі ж зброі свае, сагайдак свой а лук свой, і пайдзі ў поле, і ўпалюй імне дзічыны,
4 І прыгатуй імне ласонікі, якія я люблю, і прынясі імне, і я паем, каб дабраславіла цябе душа мая первей, чымся я памру».
5 Рэвека чула, як Ісак казаў Ісаву, сыну свайму. І пайшоў Ісаў у поле ўпаляваць дзічыны, каб прынесьці яе.
6 А Рэвека сказала Якаву, сыну свайму, кажучы: «Вось, я чула айца твайго, як казаў брату твайму Ісаву, кажучы:
7 "Прынясі імне дзічыны і зрабі імне ласонікі, і пад’ем, і дабраслаўлю цябе перад СПАДАРОМ, перад сьмерцю сваёй".
8 І цяпер, сыну мой, паслухай голасу майго ў тым, што я раскажу табе.
9 Пайдзі ж да чарады і вазьмі імне стуль двое казянят добрых; і я прыгатую зь іх ласонікі айцу твайму, як ён любе;
10 І ты прынясеш айцу свайму, і ён пад’есьць, каб дабраславіць цябе перад сьмерцю сваёю».
11 І сказаў Якаў Рэвеццы, маці сваёй: «Гэта ж Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі.
12 Можа пашчупае мяне ацец мой, і я буду ў ваччу ягоным ашуканец, і навяду на сябе грэбаваньне, а не дабраславенства».
13 І маці ягоная сказала яму: «На імне грэбаваньне твае, сыну мой; толькі паслухай голасу майго і пайдзі вазьмі імне».
14 Ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй, і зрабіла маці ягоная ласонікі, як любіў ацец ягоны.
15 І ўзяла Рэвека адзежу Ісававу, сына свайго вялікага, жаданую, што была ў яе ў доме, і адзела Якава, сына свайго малога;
16 І скуры казянят адзела на рукі ягоныя і на гладзіню шыі ягонае.
17 І дала ласонікі а хлеб, каторыя яна зрабіла, у руку Якаву, сыну свайму.
18 І ўвыйшоў ён да айца свайго, і сказаў: «Войча мой!» І сказаў ён: «Во я; хто ты, сыну мой?»
19 І сказаў Якаў айцу свайму: «Я Ісаў, пяршак твой; я зрабіў, як ты сказаў імне, устань, калі ласка, сядзь і пад’еж ізь дзічыны мае, каб дабраславіла мяне душа твая».
20 І сказаў Ісак сыну свайму: «Што гэта? пабарзьдзіў ты знайсьці, сыну мой». Ён сказаў: «Бо паслаў імне СПАДАР, Бог твой, наўпярэймы».
21 І сказаў Ісак Якаву: «Дабліжся ж, я пашчупаю цябе, сыну мой, ці ты сын мой Ісаў, ці не».
22 І дабліжыўся Якаў да Ісака, айца свайго, і ён пашчупаў яго, і сказаў: «Голас, голас Якаваў, а рукі, рукі Ісававы, брата ягонага, касматыя»;
23 і дабраславіў яго.
24 І сказаў: «Ці ты сын мой Ісаў?» Ён сказаў: «Я».
25 І сказаў: «Дабліж да мяне, я пад’ем ізь дзічыны сына свайго, каб дабраславіла цябе душа мая». І дабліжыў яму, і ён еў; і прынёс яму віна, і ён піў.
26 І сказаў яму Ісак, ацец ягоны: «Дабліжся, калі ласка, і пацалуй мяне, сыну мой».
27 І ён дабліжыўся, і пацалаваў яго. І панюхаў пах адзежы ягонае, і дабраславіў яго, і сказаў: «Гля, пах сына майго, як пах поля, каторае дабраславіў СПАДАР.
28 І няхай дасьць табе Бог із расы нябёснай і з тукаў зямлі, і множасьць збожжа і віннога соку.
29 Няхай тэ служаць люды, і хай кланяюцца тэ нацы. Будзь спадаром братоў сваіх, і няхай кланяюцца табе сынове маткі твае; праклінаючыя цябе — праклятыя; дабраславячыя цябе — дабраславёныя».
30 І было, што як скончыў Ісак дабраславіць Якава, і вось, ледзь пачаў выходзіць Якаў ад віду Ісака, айца свайго, і Ісаў, брат ягоны, прышоў з уловаў сваіх.
31 І зрабіў ён таксама ласонікі, і прынёс айцу свайму, і сказаў айцу свайму: «Устань, войча мой, і зьеж дзічыны сына свайго, каб дабраславіла мяне душа твая».
32 І сказаў яму Ісак, ацец ягоны: «Хто ты?» Ён сказаў: «Я сын твой першародны Ісаў».
33 І задрыжэў Ісак дрыжэньням вельмі вялікім, і сказаў: «Хто ж гэта тый, што паляваў на дзіч і прынёс імне, і я еў з усёга перш, чымся ты прышоў, і дабраславіў яго? Ён і будзе дабраславёны».
34 Учуўшы Ісаў словы айца свайго, загаласіў голасам вялікім, ды надта гаркім, і сказаў айцу свайму: «Дабраслаў мяне, таксама мяне, войча мой!»
35 І сказаў ён: «Брат твой прышоў зь хітрынёю і ўзяў дабраславенства твае».
36 І сказаў ён: «Ці не затым завецца імя ягонае Якаў, і во, выперадзіў мяне ўжо двойчы? ён першародзтва мае ўзяў, і во, цяпер узяў дабраславенства мае». І сказаў: «Нягож ты не захаваў імне дабраславенства?»
37 І адказаў Ісак, і сказаў Ісаву: «Вось, спадаром пастанавіў яго над табою, і ўсіх братоў ягоных аддаў яму заслугі; і збожжам а вінным сокам пасіліў яго; а табе ж што я зраблю, сыну мой?»
38 І сказаў Ісаў айцу свайму: «Ці адно дабраславенства ў цябе, войча мой? Дабраслаў мяне, таксама мяне, войча мой!» І узьняў Ісаў голас свой, і плакаў.
39 І адказаў Ісак, ацец ягоны, і сказаў яму: «Вось, ад туку зямлі будзе месца жыцьця твайго і ад расы нябёснай зьверху;
40 І мячом сваім будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць; і станецца, як падужэеш, і ськінеш іго ягонае із шыі свае».
41 І зьненавідзіў Ісаў Якава за дабраславенства, каторым дабраславіў яго ацец ягоны; і сказаў Ісаў у сэрцу сваім: «Падыходзяць дні плачу па айцу маім, і заб’ю я Якава, брата свайго».
42 І пераказаны былі Рэвеццы словы Ісававы, сына ейнага вялікага; і паслала, і гукнула Якава, сына свайго малога, і сказала яму: «Вось, Ісаў, брат твой, цешыцца ўзглядам цябе, што заб’ець цябе.
43 І цяпер, сыну мой, паслухай голасу майго, і ўстань, уцякай сабе да Лавана, брата майго, да Гарану;
44 І пабудзь ізь ім якісь час, пакуль адыйдзе злосьць брата твайго,
45 Пакуль адыйдзе гнеў брата твайго на цябе, і ён забудзецца, што ты ўчыніў яму, і я пашлю й вазьму цябе стуль. Чаму мне спабыцца нават абодвых вас у вадзін дзень?»
46 І сказала Рэвека Ісаку: «Імне абрыдзела жыцьцё мае ад дачок гэціцкіх; калі возьме Якаў жонку з дачок гэціцкіх, як гэтыя, з дачок гэтае зямлі, дык нашто імне жыцьцё?»
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 27 глава. Пераклад Яна Станкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.