1 І паў Язэп на від айца свайго, і плакаў над ім, і пацалаваў яго.
2 І загадаў Язэп слугам сваім лекарам, бальсамаваць айца ягонага; і набальсамавалі лекары Ізраеля.
3 І споўнілася яму сорак дзён, бо толькі вымагаецца дзён на бальсамаваньне. І плакалі па ім Ягіпцяне семдзясят дзён.
4 І мінулі дні плачу па ім, і гукаў Язэп дому Фараонаваму, кажучы: «Калі я знайшоў ласку ў вачох вашых, то кажыце, калі ласка, у вушы Фараону, кажучы:
5 "Айцец мой узяў зь мяне прысягу, кажучы: ’Вось, паміраю; у гробе маім, каторы я выкапаў у зямлі Канаанскай, там пахавай мяне’"; І цяпер, калі ласка, узыйду, і пахаваю айца свайго, і зьвярнуся».
6 І сказаў Фараон: «Узыйдзі й пахавай айца свайго, як ён абавязаў цябе прысягаю».
7 І ўзышоў Язэп хаваць айца свайго; і ўзышлі зь ім усі слугі фараонавы, старцы дому ягонага, і ўсі старшыя зямлі Ягіпецкае,
8 І ўвесь дом Язэпаў, і браты ягоныя, і дом айца ягонага. Адно дзецяняткі свае і драбны й буйны статак свой пакінулі ў зямлі Ґошэн.
9 І ўзышлі зь ім таксама цялежкі й коньнікі, і быў груд вельмі вялікі.
10 І прышлі яны да такаўні Атодавае на другім баку Ёрдану, і галасілі там жалобу вялікую а вельмі цяжкую; і зрабіў жалобу па айцу сваім сем дзён.
11 І бачылі жыхары зямлі тае, Канааняне, жалобу на такаўні Атодавай, і сказалі: «Вялікая жалоба гэта ў Ягіпцян!» Затым назвалі імя месца таго: Жалоба Ягіпцян: гэта на другім баку Ёрдану.
12 І зрабілі сынове зь ім так, як расказаў ім.
13 І занесьлі яго сынове ягоныя да зямлі Канаанскае, і пахавалі яго ў пячоры поля Махпела, поле каторае купіў Абрагам на собскасьць на паховы ў Ефрона Гэціча, перад Мамрэ.
14 І зьвярнуўся Язэп, просьле пахову ім айца свайго, да Ягіпту, ён а браты ягоныя, і ўсі, што ўзыходзілі зь ім хаваць айца ягонага.
15 І абачылі браты Язэпавы, што памер айцец іхны, і сказалі: «А што калі зьненавідзе нас Язэп і чыста аддасьць нам усім тым ліхам, каторае мы яму зрабілі?»
16 І загадалі яны сказаць Язэпу, кажучы: «Айцец твой загадаў перад сьмерцю сваёю, кажучы:
17 "Гэтак, калі ласка, скажыце яму: "Даруй жа выступ братом сваім і грэх іхны, бо ліхам плацілі табе’. І цяпер даруй жа выступ слугаў Бога айца твайго"». І плакаў Язэп, як яны гукалі яму.
18 І пайшлі таксама браты ягоныя, і палі перад відам ягоным, і сказалі: «Вось мы слугі табе».
19 І сказаў ім Язэп: «Ня бойцеся, ціж я замест Бога?
20 І вы думалі ліха на мяне; але Бог думаў гэта на дабро, каб зрабіць тое, што цяпер ё: захаваць жыцьцё вялікаму ліку людзёў.
21 А цяпер ня бойцеся, я буду жывіць вас і дзецяняты вашы». І цешыў іх, і гукаў па сэрцу іх.
22 І жыў Язэп у Ягіпце сам і дом айца ягонага; і жыў Язэп сто дзесяць год.
23 І бачыў Язэп у Яхрэма дзеці да трэйцяга пакаленьня; таксама й сынове Махіровы, сына Манасовага нарадзіліся на каленях Язэпавых.
24 І сказаў Язэп братом сваім: «Я паміраю; але Бог напэўна даведаецца да вас і вывядзе вас ізь зямлі гэтае да зямлі, праз каторую прысяг Абрагаму, Ісаку а Якаву».
25 І абавязаў Язэп прысягаю сыноў Ізраелявых, кажучы: «Бог напэўна даведаецца да вас, і ўзьнясіце косьці мае адгэтуль».
26 І памер Язэп сту дзесяцёх год. І набальсамавалі яго, і палажылі ў дамавіну ў Ягіпце.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 50 глава. Пераклад Яна Станкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.