1 А Якаў пайшоў дарогаю сваёй. І стрэлі яго ангілы Божыя.
2 І сказаў Якаў, абачыўшы іх: «Табар Божы гэта». І назваў імя месца таго: Маханаім (Табары).
3 І паслаў Якаў пасланцоў перад сабою да Ісава, брата свайго, да зямлі Сэір, да поля Едомскага;
4 І расказаў ім, сказаўшы: «Гэтак скажыце спадару майму Ісаву: "Так сказаў слуга твой Якаў: у Лавана я жыў, і забавіўся дагэтуль;
5 І былі ў мяне вол а асёл і драбны статак, і слуга а нявольніца; і я паслаў сказаць спадару свайму, каб знайсьці ласку ў ваччу тваім"».
6 І зьвярнуліся пасланцы да Якава, кажучы: «Мы прышлі да брата твайго, да Ісава; і таксама ён ідзець наўпярэймы табе, і чатырыста чалавекаў ізь ім».
7 І зьлякаўся Якаў вельмі, і быў у трывозе; і падзяліў людзёў, што былі зь ім, і статак драбны й буйны й вярблюды на два табары,
8 І сказаў: «Калі Ісаў прыйдзе на табар тый адзін і паб’ець яго, то ўзумее табар засталы ўцячы».
9 І сказаў Якаў: «Божа айца майго Абрагама і Божа айца майго Ісака, СПАДАР, Каторы сказаў імне: "Зьвярніся да зямлі свае, да радні свае, і Я добра ўчыню з табою!"
10 Я лішне малы супроці ўсіх міласэрдзяў і супроці ўсяе праўды, каторую Ты ўчыніў слузе Свайму, бо я зь кіям сваім перайшоў Ёрдан гэты, а цяпер у мяне сталіся два табары.
11 Выбаў жа мяне ад рукі брата майго, ад рукі Ісава, бо я баюся яго, каб ён, прышоўшы, ня зразіў маці зь дзецьмі.
12 Ты сказаў: "Учыню добрасьць табе, і пастанаўлю насеньне твае, як пясок таго мора, каторага нельга зьлічыць з прычыны множасьці"».
13 І начаваў там тае ночы, і ўзяў з тога, што прышло ў рукі яму, гасьцінца Ісаву, брату свайму:
14 Козаў дзьвесьце, казлоў дваццаць, авечак дзьвесьце, бараноў дваццаць,
15 Вярблюдзіцаў соючых ізь вярблюдзянятамі іхнымі трыццаць, кароў сорак, валоў дзесяць, асьліцаў дваццаць, асьлянят дзесяць.
16 І даў у рукі слугам сваім кажную чараду асобна, і сказаў слугам сваім: «Перайдзіце перад імною, і прасьцяг зрабіце памеж чарады й чарады».
17 І расказаў першаму, сказаўшы: «Як стрэне цябе Ісаў, брат мой, і папытаецца ў цябе, кажучы: "Чый ты? і куды йдзеш? і чые гэтыя перад табою?"
18 Ты скажы: "Слугі твайго Якава; гасьцінец гэта, пасланы спадару майму Ісаву; і во, таксама ён за намі?"»
19 Тое ж расказаў ён і другому, і трэйцяму, таксама ўсім, каторыя йшлі за чародамі, кажучы: «Подле гэтых словаў кажыце Ісаву, як знойдзеце яго;
20 І скажыце: "Таксама во, й слуга твой Якаў за намі"»; Бо ён сказаў: «Улашчу від ягоны дарам, што йдзець перад імною, і потым абачу від ягоны; можа і падыйме від мой».
21 І перайшоў дар перад ім, а ён начаваў тае ночы ў табару.
22 І ўстаў ён тае ночы; і ўзяў дзьве жонкі свае, і дзьве нявольніцы свае, і адзінанцацёра дзяцей сваіх, і перайшоў у брод Явок.
23 І ўзяў іх, і перавёў пераз раку, і перавёў, што ў яго.
24 І застаўся Якаў адзінотны, і ходаўся чалавек ізь ім да ўсходу зары;
25 І пабачыўшы, што ня сходаў яго, і даткнуўся да суставы сьцягна ягонага, і зьвіхнуў суставу сьцягна ў Якава, як ён ходаўся зь ім.
26 І сказаў: «Адпусьці мяне, бо ўзышла зара». І сказаў: «Не адпушчу цябе, хіба дабраславіш мяне».
27 І сказаў яму: «Якое імя твае?» І ён сказаў: «Якаў».
28 І сказаў: «Ня Якаў будуць казаць ужо імя твае, але Ізраель, бо ты доляўся з Богам і зь людзьмі, і здолеў».
29 І папытаўся Якаў, і сказаў: «Скажы, калі ласка, імя Свае». І Ён сказаў: «Нашто ты пытаешся імені?» І дабраславіў яго там.
30 І назваў Якаў імя таго месца: Пеніель (Від Божы); «бо я бачыў Бога від у від, і захавана душа мая».
31 І засьвяціла сонца, як ён праходзіў Пеніель; і ён кульгаў на сьцягно свае.
32 Затым аж дагэтуль не ядуць сынове Ізраелявы жылы мускула, каторая на суставе сьцягна, бо даткнуўся суставы сьцягна Якававага на жыле мускула.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Быцьцё, 32 глава. Пераклад Яна Станкевіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.