1 І далей казаў: "Сапраўды кажу вам: Некаторыя стаячыя тут не пакаштуюць сьмерці перш, чым будуць аглядаць Каралеўства Божае, прыходзячае ў моцы".
2 І цераз шэсьць дзён Езус бярэ Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.
3 Адзеньне Яго пачало блішчэць і стала белымі, як сьнег, як на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.
4 І явіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам.
5 У адказ кажа Пётар Езусу: "Раббі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну".
6 Сам бо ня ведаў, што гаворыць, бо надта быў спалоханы.
7 І паявілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака, кажучы: "Гэта Сын Мой улюблены, Яго слухайце!"
8 І яны, зараз разгледзеўшыся, апрача Езуса нікога больш ня ўбачылі.
9 І калі зыходзілі з гары, загадаў ім Езус, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне.
10 І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што мела значыць "Уваскрэсьне".
11 Дык пыталі Езуса: "Чаму кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Гальяш?"
12 А Ён адказаў ім: "Гальяш, калі прыйдзе перш, направіць усё; і як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець і будзе пагарджаны.
13 Але Я вам кажу: І Гальяш прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана".
14 І, вяртаючыся да вучняў, убачылі вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, спрачаючыхся з імі.
15 Убачыўшы Езуса, увесь народ зьдзівіўся і стрывожыўся, і, падбягаючы, вітаў Яго.
16 І спытаўся ў іх: "Пра што спрачаецеся між сабой?"
17 І нехта з натоўпу сказаў: "Вучыцель, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
18 І ён, дзе наваліцца на яго, кідае яго на зямлю, і пеніцца ён, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. Дык прасіў вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не маглі".
19 Ён жа ў адказ кажа ім: "О родзе няверлівы, дакуль буду Я між вас? Як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго да Мяне".
20 І прынесьлі яго. І калі ён убачыў Езуса, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.
21 І запытаўся ў бацькі: "Як даўно гэта яму здарылася?" А ён сказаў: "Ад дзяцінства;
22 і часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі можаш, ратуй нас, зжалься над намі".
23 Езус сказаў яму: "Калі можаш". Усё магчыма веручаму".
24 Тады бацька хлопца, плачучы, сказаў у голас: "Веру, дапамажы майму недаверству".
25 І калі Езус убачыў, што набягае натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: "Духу глухі і нямы! Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго".
26 І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго. І (хлопец) зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр.
27 Езус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
28 І калі Езус вярнуўся дамоў, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: "Чаму мы не маглі яго выгнаць?"
29 І Ён сказаў ім: "Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост".
30 І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.
31 Бо навучаў вучняў сваіх і казаў ім: "Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб'юць Яго, але забіты праз тры дні ўваскрэсьне".
32 Але яны словаў гэтых не разумелі ды баяліся Яго пытацца.
33 І прыбылі ў Кафарнаўм. І калі былі ў доме, спытаўся іх Езус: "Аб чым вы ў дарозе разважалі?"
34 Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся паміж сабой, хто з іх найбольшы.
35 І Езус, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: "Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх слугою".
36 І, узяўшы дзіця, паставіў яго паміж іх, ды, прытуліўшы яго, сказаў ім:
37 "Калі хто ў імя Маё прыйме адно з такіх дзяцей, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, дык не Мяне прыймае, але Таго, хто Мяне паслаў".
38 Сказаў Яму Ян: "Вучыцель, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ня ходзіць з намі".
39 Езус жа кажа: "Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды у імя Маё, ня можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.
40 Бо хто ня супраць нас, той з намі.
41 Бо хто падасьць вам кубак вады напіцца ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць заплаты сваёй.
42 А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, веручых у Мяне, такому лепш было б прычапіць млынавы камень на шыю яго і кінуць у мора.
43 І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, папасьці ў пекла, у агонь нязгасны,
44 дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.
45 І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе храмому ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у пекла,
46 дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.
47 І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсьці ў Каралеўства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,
48 дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.
49 Бо кожны будзе агнём пасолены.
50 Соль добрая, а калі соль зьвятрэе, дык чым яе прыправіць? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою".