1 І па некалькіх днях зноў Езус наведаў Кафарнаўм, і людзі пачулі, што Ён у доме.
2 І зыйшлося такое мноства, што нават пры дзьвярах не маглі памясьціцца, і казаў ім слова.
3 І прыйшлі да Яго са спараліжаваным, каторага несьлі чатырох.
4 І калі дзеля натоўпу не маглі яго паднесьці да Езуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі насілкі, (пасьцель) на каторых ляжаў спараліжаваны.
5 А калі Езус убачыў іхнюю веру, кажа спараліжаванаму: "Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае".
6 Былі ж там некаторыя кніжнікі, каторыя сядзелі і думалі ў сэрцы сваім:
7 "Што Ён кажа? Блявузгае! Хто можа адпушчаць грахі, калі ня сам Бог?"
8 А Езус, адразу пазнаўшы сваім духам, што яны так думалі, сказаў ім: "Пра што думаеце ў сэрцах вашых?
9 Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: "Адпускаюцца табе грахі", ці мо: "Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі".
10 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — кажа спараліжаванаму, -:
11 Табе кажу: Устань, вазьмі насілкі твае і вяртайся ў дом твой".
12 Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы насілкі, пайшоў на дзіва ўсім, каторыя славілі Бога, кажучы: "Мы такога ніколі ня бачылі".
13 І Езус зноў выйшаў да мора, а ўвесь натоўп людзей пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
14 І калі праходзіў, убачыў Левія Альфеявага, седзячага на мытні, дык кажа яму: "Ідзі за Мной!" І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.
15 І здарылася, калі сядзеў пры стале ў доме ягоным, сядзела разам з Езусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім.
16 І кніжнікі фарысэйскія, бачачы, што Езус есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: "Чаму Ён есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?"
17 Пачуўшы гэта, Езус кажа ім: "Не здаровым патрэбен лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў".
18 Вучні Янавы і фарысэі пасьцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: "Чаму вось вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?"
19 Адказаў ім Езус: "Ці ж могуць пасьціць госьці вясельля, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць пасьціць.
20 А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць пасьціць ў тыя дні.
21 Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое адзеньне, і дзіра зробіцца большая.
22 Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя.
23 Прыйшлося аднойчы Езусу ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Ягоныя, ідучы наперадзе, пачалі зрываць каласы.
24 Дык фарысэі казалі Яму: "Вось, што робяць у суботу, гэта ж ня сьлед рабіць!"
25 Езус жа кажа ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі?
26 Як увайшоў у дом Божы за Абіятара першасьвятара ды еў хлябы пакладныя, каторых нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?"
27 Ды казаў ім: "Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.
28 Вось чаму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар суботы".