1 І пачаў Езус навучаць іх у прыповесьцях: "Адзін чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і выехаў.
2 У свой час паслаў ён слугу да вінаградараў атрымаць сваіх пладоў з вінаградніку.
3 Яны ж схапілі яго, зьбілі ды адправілі ні з чым.
4 І зноў выправіў да іх іншага слугу, а яны і тому разбілі галаву і зьняважылі.
5 І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых, з каторых адных пакалечылі, другіх пазабівалі.
6 Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбленага Сына, паслаў Яго ўрэшце, кажучы: "Ушануюць сына майго".
7 Але вінаградары гаварылі між сабой: "Ён — спадкаемца! Пойдзем, заб'ём яго і нашаю будзе спадчына".
8 Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.
9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.
10 Няўжо вы не чыталі ў Пісаньні: "Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.
11 Ад Госпада гэта сталася і дзіўна ў вачах нашых".
12 І шукалі Яго схапіць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыповесьць. Дык, пакінуўшы Яго, адыйшлі.
13 І паслалі да Яго фарысэяў і герадыянаў, каб падлавіць Яго на слове.
14 Вось яны, падыйшоўшы, спыталіся ў Яго: "Вучыцель, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарогі Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?"
15 А Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, кажа ім: "Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць".
16 Дык прынесьлі Яму дынар. І кажа ім: "Чый гэта адмалюнак і надпіс?" Кажуць Яму: "Цэзараў".
17 Дык у адказ сказаў ім Езус: "Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу". І дзівіліся з Яго.
18 І прыходзяць да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня целаў, і пытаюцца ў Яго:
19 "Вучыцель, Майсей напісаў нам: Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, ня маючы дзяцей, дык хай ягоны брат возьме яе за жонку і пакіне патомства брату свайму.
20 Было вось сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы патомства.
21 І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці.
22 Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі патомства. Пасьля ўсіх памерла і жанчына.
23 Дык пры ўваскрасеньні, калі ўваскрэснуць з памёршых, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёх іх мелі яе за жонку".
24 Езус у адказ кажа ім: "Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце Пісаньня, ані моцы Божай?
25 Бо калі ўвасрэснуць з памёршых, дык ня будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.
26 Пра памёршых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з куста прамаўляў да яго: "Я — Бог Абрагама, і Бог Ізааака, і Бог Якуба?"
27 Бог ня ёсьць Богам памёршых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся".
28 І адзін кніжнік, каторы чуў іх, як спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Езус адказаў, падыйшоў да Езуса і спытаўся ў Яго: "Каторае прыказаньне з усіх першае?"
29 А Езус адказаў яму: "Першае з усіх прыказаньняў такое: "Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш — Бог адзіны.
30 Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам сваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі сваімі".
31 Другое ж такое: "Любі бліжняга свайго як самога сябе". Большага над гэтыя прыказаньні няма".
32 І кажа Яму кніжнік: "Добра, Вучыцель! Праўду сказаў, што Бог адзін, ды няма іншага апрача Яго,
33 і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душой ды ўсімі сіламі, дый, любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэлапаленьні і ахвяры".
34 Езус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: "Недалёка ты ад Каралеўства Божага". І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.
35 І, вучачы ў сьвятыні, Езус казаў: "Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда?
36 Сам жа Давід сказаў праз Духа Сьвятога: Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй, пакуль не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае.
37 Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — сын яго?" І вялізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.
38 І ў сваёй навуцы казаў Езус: "Высьцерагайцеся кніжнікаў, каторыя ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітаньні на рынку,
39 і першыя месцы ў сынагогах ды першыя месцы на банкетах,
40 якія аб'ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд".
41 І, сеўшы насупраць скарбонкі, глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.
42 І прыйшла адна бедная ўдава, і кінула дзьве дробныя манэты, значыць грош.
43 І Езус, паклікаўшы сваіх вучняў, кажа ім: "Сапраўды кажу вам: Гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.
44 Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманьне".