1 А да Пасхі і сьвята Праснакоў заставалася два дні. Дык першасьвятары і кніжнікі шукалі, як Езуса схапіць хітрасьцю і забіць.
2 Казалі аднак: "Толькі не ў сьвяточны дзень, каб не дайшло да замяшаньня ў народзе".
3 І калі Езус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына, маючая алябастравую пасудзінў каштоўнага алею нардовага, і, пабіўшы алябастар, выліла Езусу на галаву.
4 А некаторыя з прысутных абураліся ў сабе і казалі: "Пашто было марнаваць гэты алей?
5 Можна было гэты алей прадаць даражэй, чым за трыста дынараў, і надзяліць убогіх". І наракалі на яе.
6 А Езус бараніў: "Пакіньце яе! Чаму робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла адносна Мяне.
7 Бо ўбогіх заўсёды маеце ў сябе і, калі захочаце, зможаце ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.
8 Яна, што магла, зрабіла: намашчэньнем цела Маё прыгатавала на пахаваньне.
9 Сапраўды кажу вам: Ва ўсім сьвеце, дзе толькі будзе вешчана Эвангельле, што яна зрабіла, будзе расказвацца ў памяць аб ёй".
10 А Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб Яго выдаць.
11 Яны вельмі ўзрадаваліся і абяцалі Яму даць грошы. Ён жа шукаў, як Яго ў адпаведны час выдаць.
12 У першы дзень (сьвята) Праснакоў, калі забіваецца ягнё пасхальнае, кажуць Яму вучні: "Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?"
13 І пасылае двух вучняў сваіх і кажа ім: "Ідзіце ў горад, і спаткае вас чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.
14 І, куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: "Вучыцель кажа: Дзе Мне прызначана сьвятліца, у якой разам з Маімі вучнямі мог бы спажываць Пасху?"
15 Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу прыгатаваную; вось там прыгатуйце месца нам".
16 Дык адправіліся вучні Ягоныя ў горад ды знайшлі, як ім сказаў, і прыгатавалі Пасху.
17 І калі настаў вечар, прыходзіць туды з Дванаццацьцю.
18 І калі сядзелі за сталом і елі, кажа Езус: "Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, каторы есьць са Мною, выдасьць Мяне".
19 Яны пасмутнелі і адзін за другім сталі пытацца: "Ці гэта ня я?"
20 Езус кажа ім: "Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.
21 Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як аб ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б, каб той чалавек ня быў нарадзіўшыся".
22 І калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, і, багаславіўшы, ламаў і даў ім, і казаў: "Бярыце, гэта ёсьць Цела Маё".
23 І, ўзяўшы келіх, падзяку складаючы, даў ім; і пілі з яго ўсе.
24 І казаў ім: "Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, каторая за многіх праліваецца.
25 Сапраўды кажу вам: Ня буду піць ужо з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае (віно) ў Каралеўстве Божым".
26 І, адсьпяваўшы гімн, узьняліся на гару Аліўную.
27 І кажа ім Езус: "У гэту ноч вы ўсе згоршыцеся з Мяне, бо напісана: "Удару пастыра і разьбягуцца авечкі",
28 але калі ўваскрэсну, папераджу вас у Галілеі".
29 А Пётар кажа Яму: "Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, але ня я".
30 І кажа яму Езус: "Сапраўды кажу табе: Ты сёньня, у гэту ноч, перш, чым двойчы певень засьпявае, тройчы вырачашся Мяне".
31 Але ён тым мацней гаварыў: "Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, ня выракуся Цябе". Падобна і ўсе яны казалі.
32 І прыходзяць ў сяло, званае Гетсэманія, і кажа Езус вучням сваім: "Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся".
33 І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.
34 І кажа ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце тут і чувайце".
35 І, крыху адыйшоўшыся, Ён упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.
36 І казаў: "Абба, Ойча! Табе ўсё магчыма, ухілі ад Мяне гэту чашу, аднак ня тое, што Я хачу, але што Ты!"
37 І прыходзіць да іх, і знаходзіць іх сьпячых. Дык кажа Пятру: "Сымон, ты сьпіш? Ня мог бы ты хоць гадзіну ня спаць?
38 Чувайце і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне: бо дух ахвочы, але цела кволае".
39 І, адыйшоўшыся, зноў маліўся ў гэтыя самыя словы.
40 І, зноў вярнуўшыся, застаў іх сьпячымі, бо вочы іхнія былі сонныя, і ня ведалі, што Яму казаць.
41 Ды трэці раз прыходзіць да іх і кажа ім: "Сьпіце яшчэ і адпачываеце? Даволі! Ужо прыйшла пара: вось жа Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
42 Падымайцеся, ідзёмце, ужо блізка той, хто Мяне мае выдаць".
43 І калі Езус яшчэ гаварыў, надыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікая грамада з мячамі і палкамі ад першасьвятароў, і кніжнікаў ды старшыняў.
44 Здраднік жа Ягоны даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго і вядзіце асьцярожна".
45 І калі надыйшоў, зараз жа прыступіўся да Езуса і кажа: "Раббі!", і пацалаваў Яго.
46 Яны ж наваліліся на Яго і схапілі Яго.
47 А адзін з тых, што былі з Езусам, выцягнуўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсёк яму вуха.
48 І ў адказ Езус кажа ім: "Як на разбойніка выйшлі з мячамі і палкамі, каб узяць Мяне.
49 Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, вучачы, і вы ня ўзялі Мяне, але няхай зьдзейсьнілісяцца Пісаньне".
50 Тады вучні Ягоныя, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
51 І адзін юнак, адзеты толькі посьцілкай на голае цела, ішоў за Ім, і яго схапілі,
52 але ён выкруціўся з посьцілкі і голы ўцёк ад іх.
53 І прывялі Езуса да першасьвятара, і сабраліся першасьвятары, старшыні і кніжнікі.
54 Пётар жа здалёку ішоў за Ім, аж увайшлі яны ў панадворак першасьвятара, і потым сядзеў са слугамі, і грэўся пры агні.
55 А першасьвятары ды ўся Рада шукалі сьведчаньня супраць Езуса, каб засудзіць Яго на сьмерць, але не знаходзілі.
56 Бо многа фальшыва сьведчылі супраць Яго, але іх сьведчаньні не зыходзіліся.
57 І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:
58 "Мы чулі, як Ён казаў: "Развалю гэту сьвятыню, пабудаваную рукамі, а па трох днях збудую іншую, якая будзе не рукамі пабудавана".
59 Але і іх сьведчаньні не зыходзіліся.
60 І першасьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Езуса: "Чаму нічога не адказваеш, што яны Табе закідаюць?"
61 Езус жа маўчаў і нічога не адказваў. Тады першасьвятар спытаўся Яго, кажучы: "Ці Ты — Хрыстос, Сын Багаслаўленага?"
62 Езус сказаў яму: "Я ёсьць, і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячага праваруч Магутнасьці ды прыходзячага ў воблаках нябесных".
63 І першасьвятар, разьдзіраючы адзеньне сваё, кажа: "Пашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?
64 Вы чулі блюзьнерства; што думаеце?" І яны ўсе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.
65 І некаторыя пачалі на Яго пляваць і засланяць твар Яго ды біць кулакамі, кажучы, на Яму: "Праракуй!" І слугі білі Яго па твары.
66 І калі Пётар быў на панадворку, на вуліцы, прыходзіць адна з служанак першасьвятара
67 і, убачыўшы Пятра, які грэўся, прыглядаючыся яму, кажа: "І ты быў з Езусам Назарэцкім?"
68 Але ён запярэчыў, кажучы: "Але я ня ведаю, ані разумею, пра што ты гаворыш". І выйшаў на вонкі панадворку, і засьпяваў певень.
69 І служанка, зноў угледзеўшы яго, пачала казаць акружаючым: "Гэта адзін з іх".
70 А ён паўторна адрокся. І небавам, тыя, што там стаялі, кажуць Пятру: "Ты запраўды з іх, бо ты — Галілеец".
71 А ён пачаў клясьціся і прысягаць: "Ня ведаю гэтага чалавека, аб якім кажаце".
72 І адразу зноў засьпяваў певень. Тады Пётар успомніў словы, якія яму казаў Езус: "Раней чым двойчы засьпявае певень, ты тры разы вырачашся Мяне", і пачаў плакаць.