1 І зноў увайшоў у сынагогу. І быў там сухарукі чалавек.
2 І сачылі за Ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб Яго абвінаваціць.
3 І кажа (Езус) сухарукаму чалавеку: "Стань на сярэдзіне!"
4 Да іх жа кажа: "Ці ў суботу трэба добра рабіць, ці мо блага? Жыцьцё выратаваць ці загубіць?" Але яны маўчалі.
5 Дык гледзячы на іх з гневам, засмучаны засьляпеньнем іхняга сэрца, кажа чалавеку: "Працягні руку сваю!" Выцягнуў тады руку, і рука яго аджыла.
6 Фарысэі ж, выйшаўшы, зрабілі адразу нараду з герадыянамі адносна Яго, як бы Яго загубіць.
7 Затым Езус разам з вучнямі сваімі адыйшоў да мора. І вялікая грамада з Галілеі ішла за Ім, і з Юдэі,
8 і з Ерузаліму, з Ідумеі, і з-за Ярдану, ды з ваколіцаў Тыру і Сідону вялізарны натоўп, пачуўшы, што Езус чыніў, сабраўся да Яго.
9 Дык папрасіў (Езус) вучняў сваіх, каб парупіліся пра лодку, каб грамада не папіхала Яго.
10 Бо многіх аздараўляў, таму пхаліся да Яго ўсе, што хварэлі, каб дакрануцца да Яго.
11 І духі нячыстыя, бачачы Яго, падалі перад Ім, крычучы: "Ты — Сын Божы!"
12 Ён жа строга забараняў ім выяўляць Яго.
13 І ўзыходзіць на гару, і кліча да сябе тых, каторых сам хацеў, і прыйшлі да Яго.
14 І вызначыў Дванаццаць, каб прабывалі разам з Ім, ды каб пасылаць іх прапаведываць,
15 маючы ўладу аздараўляць хваробы і выганяць дэманаў;
16 і вызначыў Сымона, даўшы яму імя Пётар,
17 і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імя Боанэргес, што значыць Сыны Громавы,
18 і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матэвуша, і Тамаша, і Якуба Альфеявага, і Тадэвуша ды Сымона Кананіта,
19 і Юду Іскарыёта, каторы Яго выдаў.
20 І ўваходзяць ў дом; і зыйшлася зноў грамада, так што не маглі нават хлеба зьесьці.
21 І калі пачулі гэта сваякі, выйшлі, каб узяць Яго, казалі бо яны: "Ашалеў".
22 І кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма, казалі: "Мае Бэльзэбуля", і: "Моцай князя чартоўскага выганяе дэманаў".
23 І Езус, пазваўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: "Як шатан можа выганяць шатана?
24 Калі каралеўства разьдзеліцца ў сабе, ня можа ўтрымацца такое каралеўства.
25 І калі і дом у нязгодзе, ня можа ўтрымацца дом такі.
26 І калі шатан паўстаў на сябе самога і разьдзяліўся, ня можа ўтрымацца, але прыйшоў яму канец.
27 Ніхто, увайшоўшы ў дом асілка, ня можа заграбіць яго маёмасьці, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом яго.
28 Сапраўды кажу вам: Усе грахі будуць адпушчаны сынам чалавечым, нават блюзьнерствы, якіх бы не дапусьціліся.
29 Калі б аднак хто блюзьніў супраць Духа Сьвятога, той не атрымае адпушчэньня навек, але будзе вінаваты грэху вечнага".
30 Бо казалі яны, што Ён мае духа нячыстага.
31 І прыйшла Маці Ягоная і браты Ягоныя, і, чакаючы Яго перад домам, паслалі да Яго клікаць Яго.
32 Кругом Яго сядзеў народ, і казалі Яму: "Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае перад домам, шукаюць Цябе".
33 А Ён у адказ кажа ім: "Хто Маці Мая і браты Мае?"
34 І, паглядзеўшы на тых, што вакол Яго сядзелі, кажа: "Вось Маці Мая і браты Мае!
35 Хто вось спаўняе волю Бога, той — брат Мой, і сястра Мая, і Матка".