Библия Чарняўскі-99 Пераклад Чарняўскага 1999

Марка, 8 Паводле Марка, 8 глава

1 У тыя дні, калі зноў сабралася вялікая грамада і ня мела чаго есьці, Езус, паклікаўшы вучняў, кажа ім:
2 "Шкада мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні прабываюць пры Мне, ды ня маюць чаго есьці.
3 Калі іх галодных адпраўлю дамоў, прыстануць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк".
4 І адказалі Яму вучні Ягоныя: "Скуль зможа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?"
5 Дык пытаецца ў іх: "Колькі маеце хлябоў?" Яны адказалі: "Сем".
6 Дык загадаў людзям сесьці на зямлі ды, зяўшы сем хлябоў, і падзяку складаючы, паламаў і даў вучням сваім, каб раздалі людзям.
7 Мелі таксама крыху рыбаў. І іх багаславіў, і загадаў раздаць людзям.
8 І елі, і наеліся, і сабралі таго, што засталося, сем кашоў кавалкаў.
9 Было ж тых, што елі, каля чатырох тысячаў. І адпусьціў іх.
10 І адразу сеўшы са сваімі вучнямі ў лодку, прыйшоў ў ваколіцы Дальмануты.
11 І фарысэі, выйшаўшы, пачалі з Ім спрачацца, і, зводзячы Яго, дамагаліся ў Яго знаку з неба.
12 І Езус, уздыхнуўшы ў духу сваім, кажа: "Чаму гэты род патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: Знак ня будзе дадзены роду гэтаму".
13 Ды, пакінуўшы іх, увайшоў у лодку і адправіўся на другі бераг.
14 І забыліся ўзяць хлеб, і мелі з сабою ў чаўне толькі адзін бохан.
15 І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: "Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай ды кісьлі Геродавай".
16 І яны разважалі між сабой, што ня маюць хлеба.
17 І Езус, ведаючы гэта, кажа ім: "Чаму бядуеце, што ня маеце хлеба? Дасюль ня можаце ўцяміць і зразумець? Яшчэ засьлеплены сэрцы вашыя?
18 Няўжо, маючы вочы, ня бачыце ды, маючы вушы, ня чуеце? Ня памятаеце,
19 як Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысяч, колькі вы астаткаў сабралі поўных кашоў?" Кажуць Яму: "Дванаццаць".
20 "А калі Я сем хлябоў падзяліў між чатырох тысяч, дык колькі тады сабралі кашоў кавалкаў?" Кажуць Яму: "Сем".
21 І сказаў ім: "Дык яшчэ не разумееце?"
22 І прыходзяць ў Бэтсаіду. І прыводзяць да Яго сьляпога, ды просяць Яго, каб дакрануўся да яго.
23 Дык узяўшы сьляпога за руку, завёў яго за вёску і, плюнуўшы ў вочы яму і ўсклаўшы свае рукі на яго, спытаўся ў яго, ці ён бачыць.
24 А той, гледзячы, сказаў: "Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць".
25 Затым зноў усклаў рукі на вочы яго, і той пачаў бачыць; і так паздаравеў, і ясна мог усё бачыць.
26 І адправіў яго у дом свой, кажучы: "Вярніся ў дом свой і, калі прыйдзеш у вёску, не расказвай нікому".
27 І направіўся Езус з вучнямі сваімі ў пасяленьні Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў сваіх: "За каго Мяне лічаць людзі?"
28 Яны адказалі Яму: "Адны — за Яна Хрысьціцеля, другія — за Гальяша, а яшчэ іншыя — за аднаго з прарокаў".
29 Тады папытаўся Ён у іх: "А вы за каго Мяне лічыце?" У адказ сказаў Яму Пётар: "Ты — Хрыстос!"
30 І забараніў ім, каб нікому аб Ім не гаварылі.
31 Дык пачаў іх вучыць: "Сыну Чалавечаму трэба многа цярпець, і быць адкінутым старшынямі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым ды па трох днях уваскрэснуць".
32 І гаварыў пра гэта яўна. І Пётар, адвёўшы Яго ўбок, пачаў сварыцца на Яго.
33 Езус жа, павярнуўшыся і глянуўшы на сваіх вучняў, забараніў Пятру, кажучы: "Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не што Божае, але што чалавечае".
34 І, прызваўшы людзей разам з вучнямі сваімі, казаў ім: "Калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой ды ідзе за Мною.
35 Бо хто хацеў бы зьберагчы жыцьцё сваё, той загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той зьберажэ яго.
36 Бо што за карысьць чалавеку, калі хоць бы ўвесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзіў?
37 Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?
38 Бо хто пасароміцца Мяне і словаў Маіх перад гэтым чужаложным і грэшным родам, тога і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў хвале Айца свайго з анёламі сьвятымі".
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Марка, 8 глава. Пераклад Чарняўскага 1999

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.