1 Аднойчы, праходзячы, ўбачыў Езус чалавека сьляпога ад нараджэньня.
2 Дык спыталіся Яго вучні Ягоныя: "Раббі, хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён такім нарадзіўся?"
3 Езус сказаў ім: "Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб справы Божыя выявіліся на ім.
4 Я маю выконваць справы Таго, хто Мяне паслаў, пакуль дзень. Бо надыходзіць ноч, калі ніхто ня будзе магчы рабіць.
5 Пакуль Я на сьвеце, Я — сьвятло сьвету".
6 Гэта сказаўшы, плюнуў на зямлю, зрабіў балота са сьліны і памазаў яму вочы,
7 кажучы: "Ідзі і абмый у сажалцы Сілёэ", што значыць Пасланы. Дык ён пайшоў, абмыўся і вярнуўся бачачы.
8 Суседзі ж і тыя, што яго раней бачылі, як быў жабраком, казалі: "Ці ж гэта ня той, што сядзеў і жабраваў?"
9 Адны казалі, што гэта ён, а іншыя казалі што не, але падобны да яго. А ён казаў: "Гэта я".
10 Дык пыталіся тады ў яго: "Як вочы адкрыліся ў цябе?"
11 І ён казаў: "Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў балота, памазаў мне ім вочы ды сказаў мне: "Ідзі да сажалкі Сілёэ і абмыйся". Я пайшоў, абмыўся і бачу".
12 Дык спыталіся ў яго: "А дзе Ён?" Сказаў ён: "Ня ведаю".
13 Дык завялі таго, што быў сьляпым, да фарысэяў.
14 А была субота, калі Езус зрабіў балота і вярнуў яму зрок.
15 Дык ізноў пыталіся ў яго фарысэі, у які спосаб ён стаў бачыць". А ён сказаў ім: "Ён мне памазаў балотам вочы, я абмыўся і бачу".
16 Дык казалі некаторыя з фарысэяў: "Чалавек той, што не беражэ суботы, ня ёсьць ад Бога". Другія ж казалі: "Як жа чалавек грэшны можа чыніць такія знакі?" Гэтак дайшло да падзелу між імі.
17 Пытаюцца затым паўторна ў сьляпога: "Што ты скажаш пра Таго, што табе зрок вярнуў?" Ён жа сказаў: "Гэта прарок!"
18 Юдэі аднак не паверылі яму, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто стаў бачыць.
19 Дык пыталіся іх: "Ці сапраўды ён — ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сьляпым? Дык як жа ён цяпер бачыць?"
20 Адказалі ім бацькі ягоныя: "Ведаем, што ён — наш сын ды што сьляпым нарадзіўся,
21 але якім чынам цяпер бачыць — ня ведаем, ня ведаем таксама, хто яму адкрыў вочы. У яго самога пытайцеся, мае гады, хай сам аб сабе расказвае".
22 Гэтак бацькі казалі, бо баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, што вылучаць з сынагогі таго, хто прызнае Яго за Хрыста.
23 Дзеля таго бацькі яго сказалі: "Мае гады, яго самога пытайцеся".
24 Затым паўторна пазвалі чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: "Дай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек — грэшны".
25 Але ён ім адказаў: "Ці Ён грэшны, ня ведаю, але толькі ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу".
26 Дык пыталіся яго: "Што Ён зрабіў? У які спосаб адкрыў табе вочы?"
27 Ён адказаў ім: "Я ўжо казаў вам, а вы ня слухалі, чаму зноў хочаце пачуць? Ці і вы хочаце стацца Яго вучнямі?"
28 Яны дакаралі яго і казалі: "Гэта ты — Яго вучань, а мы — вучні Майсея.
29 Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль гэты — ня ведаем".
30 А той чалавек у адказ сказаў ім: "Гэта вось дзіўна, што вы ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы".
31 Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не выслухоўвае, а калі хто спахвальнік Бога і волю Яго спаўняе, таго выслухоўвае.
32 Ад веку ня чута, каб хто народжанаму сьляпым вочы адкрыў.
33 Каб Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога зрабіць".
34 У адказ сказалі яны яму: "У грахах увесь ты нарадзіўся і хочаш нас павучаць". І выкінулі яго вон.
35 Пачуў Езус, што яго выкінулі вон, і, спаткаўшы яго, сказаў яму: "Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?"
36 Ён у адказ спытаўся: "А хто Ён, Госпадзе, каб я мог у Яго верыць?"
37 Сказаў яму Езус: "Ты ўжо бачыў Яго, і Той, хто з табою гаворыць, гэта Ён".
38 Дык ён сказаў: "Веру, Госпадзе!" І, упаўшы, пакланіўся Яму.
39 І сказаў Езус: "На суд прыйшоў Я на гэты сьвет, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сьляпымі".
40 Пачулі гэта некаторыя з фарысэяў, што пры Ім былі, дык пыталіся ў Яго: "Ці і мы сьляпыя?"
41 Сказаў ім Езус: "Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б віны. Вы аднак уважаеце, што бачыце, таму грэх трывае ў вас.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Яна, 9 глава. Пераклад Чарняўскага 1999

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.