1 Калі затым Езус даведаўся, што фарысэі чулі, што Езус здабывае больш вучняў ды хрысьціць, чым Ян, —
2 хоць сам Езус не хрысьціў, але вучні Ягоныя, —
3 дык пакінуў Юдэю і вярнуўся ізноў у Галілею.
4 А выпала Яму ісьці праз Самарыю.
5 Прыбыў затым у Самаранскі горад Сіхар, непадалёк паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну.
6 Ды была там студня Якуба. І Езус, змучаны дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны.
7 У той час прыйшла жанчына Самаранка браць ваду. Кажа ёй Езус: "Дай мне напіцца";
8 бо вучні Яго пайшлі ў горад купіць харчоў.
9 Кажа тады Яму жанчына Самаранка: "Як жа Ты, Юдэй, можаш прасіць вады ў мяне, Самаранкі?" Бо Юдэі ня маюць зносінаў з Самаранамі.
10 Адказаў ёй Езус: "Калі б ты ведала дар Божы ды хто ёсьць Той, хто цябе просіць: "Дай мне піць", напэўна прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады".
11 Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, ня маеш нават чым набраць вады, а студня глыбокая; адкуль тады возьмеш жывой вады?
12 Ці ж ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню, з якой сам піў і сыны яго, і статак?"
13 У адказ сказаў ёй Езус: "Кожны, хто п'е гэту ваду, зноў смагнуць будзе,
14 а хто нап'ецца вады, якую Я яму дам, ніколі ня будзе чуць смагі, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім жаралом, што бруіцца ў жыцьцё вечнае".
15 Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой".
16 Кажа ёй Езус: "Ідзі, пазаві мужа свайго і прывядзі сюды".
17 Адказала жанчына: "Я ня маю мужа". Сказаў ёй Езус: "Добра сказала: "Ня маю мужа",
18 бо мела ты пяць мужоў, а гэты, каторага цяпер маеш, ня ёсьць тваім мужам; гэта ты праўду сказала".
19 Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, бачу, што Ты — прарок.
20 Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся Богу, а вы кажаце, што ў Ерузаліме ёсьць месца, дзе належыцца славіць Яго".
21 Сказаў ёй Езус: "Жанчына, павер Мне, што набліжаецца час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме, ня будзеце пакланяцца Айцу.
22 Вы пакланяецеся тому, чаго ня ведаеце, а мы пакланяемся тому, што ведаем, бо з Юдэяў збаўленьне.
23 Але надыходзіць час, ды ўжо надыйшоў, што праўдзівыя спахвальнікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе. Бо і Айцец шукае такіх спахвальнікаў.
24 Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны аддаваць Яму спахвалу ў Духу і ў праўдзе".
25 Кажа Яму жанчына: "Ведаю, што прыйдзе Мэсія, — значыць Хрыстос, — калі Ён прыйдзе, усё нам аб'явіць".
26 Кажа ёй Езус: "Гэта Я, які з табою размаўляю".
27 Небавам прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю. Але ніводзін з іх не спытаўся: "Пра што пытаеш, або пра што з ёй гаворыш?".
28 Жанчына ж пакінула збанок свой і пайшла ў горад, і расказала жыхарам ягоным:
29 "Ідзіце і пабачце чалавека, які мне сказаў усё, што я толькі рабіла. Ці гэта не Хрыстос?"
30 Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
31 Тым часам вучні прасілі Яго: "Раббі, еш".
32 Але Ён сказаў ім: "Я Маю ежу, пра каторую вы ня ведаеце".
33 Казалі тады вучні між сабой: "Няўжо нехта прынёс Яму есьці?"
34 Сказаў ім Езус: "Мая ежа — спаўняць волю Таго, хто паслаў Мяне, і скончыцьць справу Ягоную.
35 Ці ж вы ня кажаце: "Яшчэ чатыры месяцы і пачнецца жніво"? Дык кажу вам: Падыміце вочы вашыя і прыгледзьцеся ваколіцам, як ужо бялеюць на жніво.
36 Той, хто жне, атрымоўвае заплату і сабірае плён на жыцьцё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.
37 Тут спраўджваецца слова: Адзін сее, а хто іншы зьбірае.
38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не трудзіліся; іншыя працавалі, а вы карыстаецеся трудом іхнім".
39 І многа Самранаў з горада таго ўверыла ў Яго дзеля словаў жанчыны, якая сьведчыла: "Ён мне сказаў усё, што я толькі рабіла".
40 Дык калі да Яго прыйшлі Самаране, прасілі Яго, каб там пабыў; дык застаўся там два дні.
41 Ды многа болей уверыла ў Яго дзеля словаў Ягоных.
42 Жанчыне ж казалі: "Ужо не дзеля твайго расказу верым, але дзеля таго, што чулі і пераканаліся, што Ён — праўдзівы Збаўца сьвету".
43 А па двух днях пайшоў адтуль і направіўся ў Галілею;
44 хоць сам Езус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
45 Калі затым прыйшоў у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што ўчыніў у Ерузаліме ў час сьвятаў, бо і яны былі на сьвяце.
46 Езус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў там нейкі ўрадовец, каторага сын хварэў у Кафарнаўме.
47 Ён, калі пачуў, што Езус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго, які быў пры сьмерці.
48 Сказаў яму Езус: "Калі ня ўбачыце знакаў і цудаў, ня ўверыце".
49 Кажа Яму ўрадовец: "Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ".
50 Кажа яму Езус: "Ідзі, сын твой жывы". Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Езус, і пайшоў.
51 А калі быў яшчэ ў дарозе, слугі яго выйшлі на спатканьне і сказалі яму, што сын яго жыве.
52 Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі: "Учора а сёмай гадзіне спынілася гарачка".
53 Дык даведаўся бацька, што гэта быў час, у які сказаў яму Езус: "Сын твой жыве". Дык уверыў ён ды ўвесь дом ягоны.
54 Гэта ўжо другі знак, які ўчыніў Езус, калі вярнуўся з Юдэі ў Галілею.