1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзьверы, але інакш, той злодзей і разбойнік.
2 А хто ўваходзіць праз дзьверы, той пастыр авец.
3 Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць Яго голасу, і свае авечкі кліча ён па імю ды выводзіць іх.
4 А калі выпусьціць свае авечкі, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас.
5 Але за чужым яны ня пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых ня ведаюць".
6 Такую прыповесьць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі таго, што ім гаварыў.
7 Дык сказаў ім Езус паўторна: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — дзьверы для авец.
8 Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, — злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.
9 Я — дзьверы. Калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу.
10 Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красьці, забіваць і губіць. Я ж прыйшоў, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
11 Я — пастыр добры. Добры пастыр жыцьцё аддае за свае авечкі.
12 Але найміт ды той, хто ня пастыр, да каго не належаць авечкі, калі бачыць надбягаючага ваўка, кідае авечкі ды ўцякае, а воўк хапае і разганяе авечкі.
13 Найміт жа ўцякае, бо ён — найміт, і ня рупіцца пра авечкі.
14 Я — добры пастыр і ведаю свае, і яны Мяне ведаюць,
15 як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыцьцё Маё адддаю за авечкі.
16 Ды і іншыя маю, якія ня з гэтай аўчарні, і тыя мушу прывесьці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адно стада і адзін пастыр.
17 Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыцьцё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць.
18 Ніхто Мне яго не адбірае, але Я са сваёй волі аддаю яго. Маю моц ахвяраваць яго і маю моц яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго".
19 Дзеля таго ўзьнікла зноў спрэчка між Юдэямі дзеля гэтых словаў.
20 Затым многія з іх гаварылі: "Чарта мае і шалее! Пашто Яго слухаць?"
21 Іншыя ж казалі: "Гэта ня словы апанаванага ліхім. Ці ж дэман можа сьляпым адкрываць вочы?"
22 Выпала тады ў Ерузаліме ўрачыстасьць Пасьвячэньня Сьвятыні, а была зіма.
23 І хадзіў Езус па сьвятыні ў прысенках Салямона.
24 Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: "Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам яўна".
25 Адказаў ім Езус: "Кажу ж вам, а вы ня верыце. Учынкі Мае, каторыя выконваю ў імя Айца Майго, сьведчаць пра Мяне.
26 Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авец.
27 Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной.
28 І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не прападуць да веку, і ніхто ня вырве іх з рукі Айца.
29 Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсё, і ніхто ня можа вырваць з рук Айца Майго.
30 Я і Айцец — адно".
31 Дык Юдэі хапілі каменьні, каб Яго ўкаменаваць.
32 Сказаў ім Езус: "Многа добрых учынкаў выявіў Я вам ад Айца; дык за які з гэтых учынкаў хочаце ўкаменаваць Мяне?"
33 Адказалі Яму Юдэі: "Не камянуем Цябе за добры ўчынак, але за блюзьнерства, за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам".
34 Адказаў ім Езус: "Ці ж у законе вашым не напісана: "Я сказаў: вы — багі"?
35 Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, а Пісаньне памыліцца ня можа,
36 аб Тым, каго Айцец усьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце, што блюзьніць, бо сказаў: Я — Сын Божы.
37 Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне.
38 Але калі раблю, дык калі вы Мне верыць ня хочаце, верце ўчынкам, каб спазналі і ведалі, што Айцец — у-ва Мне, а Я — у Айцу".
39 Стараліся затым Яго ўзяць, але Езус ухіліўся ад іхніх рук.
40 І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысьціў Ян, ды там прабываў.
41 І многія прыходзілі да Яго і казалі: "Ян, што праўда, ніводнага знаку не ўчыніў. Але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай".
42 І многія там уверылі ў Яго.