1 Калі ж нарадзіўся Ісус у Бэтлегэме Юдэйскім, у дні цара Ірада, вось прыбылі магі з усходу ў Ерузалім,
2 кажучы: «Дзе той цар Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку Яго на Усходзе ды прыбылі пакланіцца Яму».
3 І, пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерузалім з ім.
4 Ды, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў ад іх, дзе меў Хрыстос нарадзіцца.
5 А яны яму сказалі: «У Бэтлегэме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:
6 «І ты, Бэтлегэм, зямля Юдзіна, ніякім чынам не меншая між княстваў Юдзіных, бо з цябе для Мяне выйдзе Правадыр, Які будзе валадарыць Маім народам Ізраэлем».
7 Тады Ірад таемна паклікаў магаў і дакладна выведаў час зоркі, якая ім паказалася.
8 Ды, адпраўляючы іх у Бэтлегэм, сказаў: «Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».
9 Тыя, як выслухалі цара, пайшлі ў дарогу. І вось, зорка, якую яны бачылі на Усходзе, рухалася наперадзе, аж пакуль, ідучы, не спынілася ўверсе [над месцам], дзе было Дзіця.
10 Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсцешыліся.
11 І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.
12 І, атрымаўшы ўва сне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
13 Калі яны адышлі, вось, Анёл Госпадаў з’явіўся Язэпу ўва сне, мовячы: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай да Егіпта, і будзь там, пакуль не скажу табе. Бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб забіць Яго».
14 Той, абудзіўшыся, узяў уночы Дзіця і Маці Яго і ўцёк у Егіпет.
15 І заставаўся там да смерці Ірада, каб збылося тое, што сказана Госпадам праз прарока, які гаворыць: «З Егіпта пазваў Я Сына Майго».
16 Тады Ірад, бачачы, што ён ашуканы магамі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлегэме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які выпытаў у магаў.
17 Тады збылося, што было прадказана прарокам Ярэміем, які казаў:
18 «Чуецца голас у Раме, і плач і стогн вялікі: Рахель плача па сынах сваіх і не можа суцешыцца, бо іх няма».